Пятніца, 13.12.2019, 16:13

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Наталія Кулеш » Славутыя землякі

Айчыны верны сын
Ганцаўшчына багатая людзьмі сапраўды легендарнымі, якія сваім жыццём даказалі беззапаветную вернасць служэння Айчыне, бязмежную адданасць свайму народу. Адзін з іх — Аляксандр Васільевіч Сіневіч — былы матрос славутага крэйсера "Аўрора", залпы якога ў кастрычніку 1917 года, вобразна кажучы, перавярнулі ўвесь свет, падзяліўшы яго на два лагеры: капіталізму і сацыялізму.

Раней пра А.В. Сіневіча часта і шмат пісалі газеты, пры жыцці пастаянна запрашалі выступаць на ўрачыстыя пасяджэнні і ў школы. Яму было пра што расказаць. Біяграфія гэтага чалавека — школа жыцця і павучальны прыклад для іншых.




Нарадзіўся Аляксандр Васільевіч Сіневіч 1 сакавіка 1887 года ў вёсцы Быстрыца Капыльскага раёна. У 1908 годзе яго прызвалі на ваенную службу. Служыў ён матросам далёкага плавання на крэйсеры "Аўрора". Не раз пабываў за мяжой: у Англіі, Францыі, Швецыі, іншых краінах.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 15 сакавіка 1917 года А.В. Сіневіч у Петраградзе ўступіў у партыю бальшавікоў, стаў агітатарам. Потым яго выбіраюць членам матроскага камітэта Марскога корпуса, дэпутатам Петраградскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў ад рэвалюцыйна настроеных жыхароў Васільеўскага вострава, пасылаюць дэлегатам на I Усерасійскі сялянскі з'езд.

У нарысе вядомага беларускага журналіста Алеся Шлега "Вецер з Балтыкі" А.В. Сіневіч згадвае: "Не прайшло і года, як зноў трэба было змагацца з немцамі. Цяжкая дарога ў Кранштадт. Штаб Балтыйскага флоту. Транспарт "Ша", на якім я быў боцманам. Вывад флоту з Гельсінгфорса. Пяць пакутлівых сутак прабіваліся караблі праз лёд, пакуль не падышоў ледакол "Ярмак". Потым мінны загараджальнік "Беразіна", боцманства на ім. Кароткі водпуск."

Неўзабаве па загаду партыі бальшавікоў Сіневіч вярнуўся ў родную Беларусь. У маі вірлівага на падзеі 1919 года Аляксандра Васільевіча прызначылі начальнікам Слуцкай павятовай міліцыі, і праз два месяцы ён ужо абараняў горад ад белапалякаў. Вораг быў адбіты, але ў адным з кровапралітных баёў Аляксандр Васільевіч атрымаў цяжкае раненне і быў эвакуіраваны ў Смаленскі ваенны шпіталь. Пасля выздараўлення некаторы час працаваў у Смаленску, а затым яго перавялі ў Мінск, дзе прызначылі начальнікам гарадской міліцыі і намеснікам начальніка Галоўміліцыі БССР.

Па загаду партыі А.В. Сіневіч некаторы час працаваў кіраўніком саўгасаў у Капыльскім і Дзяржынскім раёнах, а з 1929 — на розных пасадах у лясніцтвах Уздзенскага І Чырванаслабодскага раёнаў.

У 1941 годзе Аляксандру Васільевічу споўнілася 54 гады. Напярэдадні вайны ён працаваў памочнікам ляснічага Арлікоўскага лясніцтва Чырванаслабодскага раёна. 3 першых дзён акупацыі фашыстамі Беларусі камуніст Сіневіч стаў партызанскім сувязным, а з 1942 года ўліўся ў рады народных мсціўцаў. У характарыстыцы за 17 жніўня 1944 года, падпісанай камандзірам партызанскай брыгады імя У.I. Леніна Пінскага партызанскага злучэння В.А. Васільевым, гаворыцца: "Сіневіч А.В. — намеснік камандзіра партызанскага атрада імя Фрунзе партызанскай брыгады імя Леніна. У партызанскім атрадзе з 28 кастрычніка 1942 года. За час знаходжання ў партызанскім атрадзе з 28.10.1942 г. — партызан, з 1.06.1943 г. — выконваў абавязкі намесніка камандзіра атрада па разведцы і контрразведцы.


Ганцавіцкая лесабаза.
Сіневіч А.В. (у ніжнім радзе 2-гі злева)


Працуючы ў разведцы тав. Сіневіч забяспечваў бесперашкоднае выкананне баявых заданняў. Арганізоўваў разведку так, што ў любы час можна было ведаць абстаноўку ў раёне дзеянняў атрада. Неаднаразова ўдзельнічаў у выкананні ўрадавых заданняў па падрыву чыгуначных рэек праціўніка, па абстрэлу воінскіх эшалонаў, у разгроме гарнізонаў ворага. Дзякуючы добра пастаўленай разведцы, атрад заўсёды выконваў баявыя заданні цалкам..."

А.В. Сіневіч загартоўваў свой характар усё жыццё. Яму давялося перанесці невыноснае гора, вялікі боль, які на ўсё жыццё параніў сэрца: фашысты схапілі і закатавалі ў Капылі за сувязь з партызанамі яго дачку Олю, у адным з баёў з ворагам загінуў і сын былога матроса Мікалай. Дачка ж Ліда была побач з бацькам, ваявала ў адным з ім атрадзе. Мужная, смелая, рашучая, яна вытрымала ўсе выпрабаванні ваеннага ліхалецця і была дастойная свайго бацькі.

За сумленную службу Радзіме Аляксандр Васільевіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, шматлікімі медалямі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў А.В. Сіневіча прызначылі дырэктарам Ганцавіцкага леспрамгаса, дзе ён працаваў да апошніх дзён жыцця. Памёр патрыёт Айчыны ў 1972 годзе. У сакавіку 2009 года яму споўнілася б 122 гады.

Цяпер у Ганцавічах жывуць дзеці, унукі і праўнукі Аляксандра Васільевіча. Яны ганарацца сваім бацькам і дзедам.

Ганцавіцкая зямля навекі прыняла мужнага змагара Сіневіча. А нам застаецца берагчы светлую памяць аб ім.
Катэгорыя: Славутыя землякі | Дабавіў: admin (15.01.2010) | Аўтар: Наталля КУЛЕШ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2153 | Тэгі: Наталия Кулеш, газета Савецкае Палессе, Александр Синевич | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Женщина и война [19]
Славутыя землякі [2]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.