АЛТАР (ад лацінскага «высокі») – ахвярнік, найвышэйшая частка хрысціянскага храма, дзе выконваюцца таінствы. Былі, ёсць галоўны і бакавы алтары. На Беларусі захаваліся драўляныя алтары пачатку XVII ст., пабудаваныя на аснове рэнесансавых архітэктурных форм (партал, трыумфальная арка і інш.). Гэта – трыпціх з капліцы ў в.Мохавічы Лідскага раёна (захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІЭФ НАН Беларусі). Найбольш тыповым стаў 2-ярусны 3-восевы алтар (з
абразом у цэнтры і скульптурай у бакавых нішах (Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля). Унікальны алтар збярогся ў Будслаўскім касцёле бернардзінцаў.
З сярздзіны XVII ст. алтары афармляюцца ў барочным стылі (вітыя калонкі і інш). У касцёле езуітаў у Гродне, у касцёле ў в.Новая Мыш, у іншых мясцінах. Адзінкавыя алтары перарастаюць у дэкаратыўныя комплексы. У перыяд ракако з'яўляюцца алтары, дзе архітэктурная структура хаваецца за разьбяным дэкорам (у касцёлах в.Вішнева Валожынскага і в.Дзераўная Стаўбцоўскага раёнаў). Побач з дрэвам ужываліся і іншыя матэрыялы.
На працягу XVIII ст. алтары амаль выцесніліся іканастасамі з уніяцкіх храмаў. Ёсць думка, што гэта спрасціла алтар, бо знікла дэкаратыўная разьба, паменшылася колькасць скульптур, а вось алтарныя комплексы XVII – XVIII ст. у Гродне, Воўпе, Будславе, Пінску, Новай Мыты многімі прызнаюцца мастацкай каштоўнасцю, выдатнымі ўзорамі беларускай разьбы па дрэве. У сувязі з гэтым варта нагадаць, што ў тыя часы сапраўды была шырока вядома беларуская школа ў гэтай справе. Яе майстроў запрашалі ці прымусова у час войнаў вывозілі для працы ўсходнія суседзі. Скажам, праславіўся Акулаў Герасім (Гераська) – разьбяр па дрэве XVII ст. Ён нарадзіўся ў Дуброўне. З 1654 года працаваў у Іверскім (пад Ноўгарадам), у 1658 – 1666 гг. у Нова-Іерусалімскім (пад Масквой) манастырах, у 1666 г. – у Збройнай палаце, у 1667 – 1668 гг. удзельнічаў у аздабленні Каломенскага палаца. Ён і адзін са стваральнікаў разьбяных іканастасаў трох цэркваў у Ізмаўлаўскай сядзібе цара Аляксея Міхайлавіча. У 1686 г. удзельнічаў ў стварэнні іканастаса царквы Пятра і Паўла ў Маскве.