Аўторак, 19.03.2024, 05:59

БАРОКА

Галоўная »
БАРОКА (італ. літаральна вычварны, дзіўны, магчыма, ад партуг. жамчужына дзіўнай формы ці ад лац., што абазначае адзін з відаў сілагізму (розумазаключэння) ў схаластычнай логіцы) – стыль ў еўрапейскім мастацтве, што пачаў вызначацца з канца XVI і ўтрымліваўся да сярэдзіны XVIII ст. на аснове традыцый позняга Адраджэння. Метад барока шырока ўжываўся для сцвярджэння ідэй Контррэфармацыі (захаванне феадалізму і ўзмацненне капіталізму на чале з папствам), меў супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансам светаўспрыманне.

У эстэтыцы барока проціпастаўлялася ідэальнае і пачуццёвае, воля і розум ірацыянальнасці (літаральна неразумнасці) быцця. Адпаведна, у мастацтве барока – эмацыянальная напружанасць, разнастайнасць выяўленчых сродкаў, якія падкрэсліваюць драматызм і патэтыку (усхваляванасць). Адсюль дынамізм у кампазіцыі, кантрасты, разнаколерныя і крывалінейныя абрысы. Перыяд станаўлення барока выпаў на перыяд фарміравання нацый і нацыянальных дзяржаў, падкрэсліваў нацыянальныя асаблівасці ў жыцці і мастацтве народаў. Спачатку ў Італіі (асабліва ў Рыме ў XVII ст.), пасля ў Іспаніі, Аўстрыі, германскіх княствах, Польшчы і ВКЛ, Чэхіі, з першай паловы XVIII ст. у Расіі і інш. На Беларусі мастацтва барока спалучала ў сабе сінтэз візантыйскага, заходнееўрапейскага і мясцовага, найперш ў архітэктуры, а з ёю і ў выяўленчым і дэкаратыўным мастацтве. Яркі пачатак – пабудова ў 1584-1593 гадах езуіцкага касцёла ў Нясвіжы. Ён стаў першым у Польшчы і ВКЛ дасягненнем архітэктуры барока. Нацыянальныя асаблівасці ў беларускім барока зведалі некалькі этапаў: ранні (канец XVI ст. – першая палова XVII ст.), сталы (другая палова XVII ст. – 1730-я гады) і позні (1730 – 1780-я гады). На раннім этапе па эстэтычных прынцыпах пры збудаваннях апускаліся абарончыя функцыі (Гальшанскі палац), сцвярджаўся базілікальны тып храма з плоскім галоўным фасадам, спачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Богаяўленскі сабор у Магілёве, касцёл езуітаў у Гродне, дамініканцаў у Стоўбцах і інш.). У наступны перыяд стабілізавалася кампазіцыя 2-вежавай базілікі і павялічылася колькасць вежавых ярусаў, пабольшала пластычная насычанасць фасадаў (Мікалаеўская царква ў Магілёве, касцёлы бернардзінак і езуітаў у Мінску і інш.). Сталае барока звярнула большую ўвагу на грамадзянскую архітэктуру, на ансамблевыя комплексы (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе) з падкрэсліваннем афармлення плошчаў, вуліц, сядзіб. Позняе барока атрымала назву віленскага, у ім падкрэслівалася пластычнасць аб'ёмаў, маляўнічасць сілуэта (царква ў Баразвеччы пад Глыбокім, касцёл кармелітаў у самім Глыбокім, уніяцкі Сафійскі сабор у Полацку). У канцы XVIII ст. мураванае дойлідства пачало адчуваць уплыў класіцызму, што прывяло да двухстылёвасці (Успенскі сабор у Жыровічах, палац у Дзярэчыне Зэльвенскага раёна і інш.). У сувязі з гэтым змяніліся канструкцыі, дэкаратыўная пластыка збудаванняў. У пластыцы запанавалі не адзіночныя, а шматлікія раскрапоўкі, вязкі пілястраў, хвалістыя карнізы. Барока значна паўплывала на беларускае драўлянае дойлідства з улікам спецыфікі пабудавання з дрэва (ярусная структура вежаў, вертыкальная шалёўка і інш.). Узоры – царква ў в.Валавель Драгічынскага, в.Рубель Столінскага раёнаў, Ільінская царква ў Віцебску.

У выяўленчым мастацтве стыль праяўляецца ў першай палове XVII ст., але выразней засвойваецца ў другой палове. Найперш у скульптурным аздабленні і размалёўцы касцёлаў. У скульптуры праявіўся сплаў ранейшых традыцый і мастацкіх набыткаў мясцовых майстроў. Апошняе падкрэсліла беларускую адметнасць у вобразах і пластыцы выканання. Скульптуры ставіліся ў нішы, на карнізы алтароў, што ўзвышала маляўнічасць. Стыль барока ярка выявіўся ў аздабленні лепкай інтэр'ера касцёла аўгусцінцаў у в.Міхалішкі (1653, Астравеччына). Аздобленыя раслінным арнаментам алтары, апостальскія выявы на пілястрах (калонах) і на сценах апсіды, пано на евангельскія тэмы – усё гэта і іншае вельмі жывапісна выглядае на белых сценах. Узор спалучэння традыцыйнага і тутэйшага – касцёл францысканцаў у Шнеку (1720 – 1730-я гады), дзе каля 100 скульптур, шмат розных дэталей, пазалочаны ці пасярэбраны раслінны арнамент, што ўсё разам вылучае ўрачыстасць і хараство. Цікавыя вырашэнні ў гэтым стылі ў Гродзенскім езуіцкім касцёле. Да сярэдзіны XVIII ст. мясцовыя асаблівасці набываюць яшчэ большую моц – адухоўленасцю дэмакратычных вобразаў, лаканізмам і ў той жа час эмацыянальнасцю («Ян Непамук», в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага, «Хрыстос перад Пілатам», в. Азяты Жабінкаўскага раёнаў і інш.).

З другой паловы XVIII ст. разам з познім барока пашыраецца стыль ракако, пры якім ускладнёнасць часамі ўжо мяжуе з вычварнасцю арнаменту. Але ў большасці выпадкаў захоўваецца разумнасць і мастацкасць (скульптура евангелістаў з касцёла в. Нягневічы Навагрудскага раёна). Традыцыі барока ў скульптуры трымаліся да XIX ст., пасля пачалі саступаць класіцызму. Барока ў манументальным жывапісе вызначылася прасторавасцю, маляўнічасцю, ансамблівасцю, асобным натуралізмам, пазбягаючы да канца XVIII ст. заходне-еўрапейскай экзальтаванасці. З другой паловы XVII ст. створаны яркія фрэскі (размалёўкі Мікалаеўскай царквы ў Магілёве, езуіцкага касцёла ў Гродне і інш.), а таксама іканастасы і алтарныя комплексы з жывапісам (у Георгіеўскай царкве ў Давыд-Гарадку, у Праабражэнскім касцёле в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна і інш.). У другой палове XVIII ст. барочны стыль запанаваў і ў іканапісе, спалучаючыся з візантыйскім. Абразы становяцца больш характэрнымі і канкрэтнымі, нават натуралістычнымі, хоць і стрыманыя па пачуццях («Варвара-пакутніца» з Лунінца, «Дабравешчанне» з в. Коматава Гродзенскага раёна і інш.). Барочны стыль ажывіў і развіў жанр параднага шляхецкага партрэта, дзе ярка выявіліся аблічча, характар асобы (партрэты Аляксандра Астрожскага, 1660 – 1670-я гады; Януша Вішнявецкага, 1750; Сафіі Даратэі, другая чвэрць XVIII ст. і інш.). На жаль, пазней барочны жывапісны стыль шмат страчвае ад знешняй эфектнасці, бутафорыі, у XIX ст. саступае стылю класіцызму, захоўваючыся толькі ў асобных выпадках («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага раёна). Барока у графіцы вызначылася ў ХVІІ – ХVІІІ стст. у афармленні кніг непаўторнымі беларускімі асаблівасцямі, заснаванымі на стрыманасці формаў і на аснове народнага мастацтва. Гэтыя асаблівасці выявіліся ў заблудаўскіх выданнях, над якім працаваў і наш зямляк П. Мсціславец (гербы Р. Хадкевіча з «Евангелля вучыцельскага», 1569; «Псалтыр», 1570). Пазней у геральдычных гравюрах большую выразнасць набываюць экспрэсія і патэтыка – гербы Л.Сапегі ў Статуце ВКЛ (Вільня, 1593) і інш. Барочны стыль прысутнічаў на тытулах кніг, выдадзеных у друкарнях Еўя, Куцейны, Магілёва, Супрасля. Ілюстрацыі кніг з кірыліцкім шрыфтам мелі характар «сялянскага барока» з простанародным тыпажом («Часаслоў», Вільня, 1617, іінш.). Куцеінская друкарня, апынуўшыся ў сярэдзіне XVII ст. у Расіі, распаўсюдзіла там прынцыпы беларускага барока ў выданнях Іверскага манастыра (гравюры «Раю масленнага», 1659, «Брашна духоўнага», 1661). А таксама барочны стыль ў рускім мастацтве выяўляўся праз ілюстраваныя выданні нашага земляка С. Полацкага. Найболей развілося барока ў выданнях Магілёўскай друкарні (1774 – 1797), заснаванай магілёўскім архіепіскапам, пісьменнікам, вучоным (аўтарам незахаванага беларускамоўнага буквара) С. Богушам-Сестранцэвічам, дзядзькам В.Дуніна-Марцінкевіча. Вядома больш чым 50 назваў выданняў, што пабачылі свет у гэтай друкарні. У лаціна-польскіх выданнях панаваў медзярыт (гравюра на медзі). У XVII – першай палове XVIII ст. такім чынам гравіраваліся партрэты, гербы, панегірыкі, тытулы. Як афарміцелі магілёўскай друкарні, так і аўтары медзярытаў, а таксама замежныя прыезджыя майстры на той час былі шырока вядомыя. У XVII ст. беларускае графічнае барока паўплывала і на ўкраінскую графіку, калі працаваць на Украіну пераехалі нашы землякі-майстры.

Барочны стыль меў уплыў на ўсе віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацкае (слуцкія паясы, шпалеры), вырабы са шкла (урэцка-налібоцкае шкло), паліваная кераміка (кафля), разьба па дрэве (беларуская рэзь), ювелірнае мастацтва. У беларускай і іншамоўнай літаратуры барочны стыль выявіўся ў пераходны перыяд найбольш у другой палове XVII – першай трэці XVIII ст. У гэты час знайшлі сплаў сярэдневяковая і рэнесансавыя, пісьмовыя і фальклорныя традыцыі, пашырыліся ідэі гуманізму, ранняга Асветніцтва (С.Полацкі і інш.). Барочны стыль ахарактарызаваў палемічную прозу і панегірычную паэзію першай паловы XVII ст. I асабліва рэлігійна-філасофскую паэзію і школьную драму другой паловы XVII – першай трэці XVIII ст. Побач з «высокім» («панскім») стылем існавалі «сярэдні» («беднашляхецкі», «гарадскі») і «нізкі» («прасталюдзінскі»). Многія творы побач з «квяцістасцю» набліжаліся да рэальнага жыцця.

У музыцы беларускае барока выявіла спалучэнне заходнееўрапейскага і тутэйшага – у аднагалосых харалах, стылі «акапэла», новага канцэртнага накірунку, які пачынае пераважаць з канца XVII ст. Барочная музыка прысутнічае пры пастаноўках школьных тэатраў, у спектаклях батлейкі, з пачатку XVII ст. у аркестрах (капэлах) пры заможных дварах, у касцёльных і уніяцкіх ансамблях, у аматарскіх інструментальных суполках, што пашыралі тагачасныя еўрапейскія прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта, сэра), а таксама польскія і мясцовыя. Як і ў літаратуры, так і ў музыцы барока ў Беларусі збліжала высокапрафесійнае і народнае мастацтва. Беларуская, як і ўкраінская музыка барока вылучыла новы шматгалосы стыль – партэсныя спевы з жанрамі партэснага харавога канцэрта, псалма (грэч., рэлігійныя песнапенне і малітвы са Старога запавету) у царкоўнай музыцы, канта (лац. спевы, песня-гімн) у свецкай. Вобразны свет партэсных твораў біблейскія матывы набліжаў да зямнога жыцця, да чалавека, да яго духоўнага свету. Пра барочныя кант і псалом патрэбен асобны артыкул спецыяліста: з'ява гэтая унікальная, складаная па мастацкіх вырашэннях, у прыватнасці вырашэннямі паміж формай і зместам, ва ўжыванні сімвалаў і алегорый, вытанчанай і лаянкавай мовы і інш. Даследчыкі прызнаюць: як і польскае, украінскае, так і беларускае барока ў музыцы зрабіла значны ўплыў на рускую культуру. Беларускае – скажам, удзелам нашых майстроў у прапагандзе з другой паловы XVII ст. партэсных спеваў.
Меню
Удаление зуба по полису ОМС бесплатно прикрепление к клинике по полису ОМС Нава.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1378]
Здарэнні [459]
Грамадства [463]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Удаление зуба по полису ОМС бесплатно прикрепление к клинике по полису ОМС Нава.
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
Удаление зуба по полису ОМС бесплатно прикрепление к клинике по полису ОМС Нава.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.