Пятніца, 29.03.2024, 04:16

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ, ВКЛ

Галоўная »
ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ (з энцыклапедычнага даведніка «Беларусь», Мн., «Беларуская энцыклапедыя», 1995: ВКЛ, Беларуска-Літоўская дзяржава (Гаспадарства), афіцыйная назва з XIV ст. – Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае) – дзяржава на землях Беларусі і летапіснай Літвы, што была паміж сённяшнімі Мінскам, Навагрудкам, Слонімам і Маладзечна, (1230-я – канец XVIII стст.), Украіны (XIV ст. – 1569?), часткі Расіі (да 1530-х гг.); з 1569-га г. ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай (добраахвотны саюз вышэйназваных краін з Польшчай). Першая сталіца ВКЛ – Новагародак (Навагрудак), з 1323-га г. – Вільня. Па дакументах: «Вялікае княжаства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае»; «Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства)». У так званыя «сярэднія вякі» па летапісах паняцце «Літва» азначала землі паміж сённяшнімі Маладзечна, Мінскам, Навагрудкам і Слонімам, «Рускае» – найперш Полацкая зямля, «Жамойць» – абшары сённяшняй Літвы. Наконт утварэння гэтай дзяржавы ёсць самыя розныя звесткі. На аснове вывучэння тагачасных падзей, еўрапейскіх дакументаў даследчыкі XX стагоддзя (М.Ермаловіч, Г.Штыхаў, А.Грыцкевіч і інш.) прыйшлі да пераканання, што ВКЛ са сталіцай у сённяшнім Навагрудку было ўтворана прыкладна ў 1246 г. (магчыма, зарэгістравана ў еўрапейскай супольнасці не пазней 1248-га). Утварыцца ВКЛ на беларускіх землях выпаў гістарычны шанец: перад гэтым мангола-татарскія орды спустошылі шматлікія сённяшнія расійскія, украінскія, польскія, венгерскія, нямецкія і іншыя землі паходам на Захад і вяртання з яго, але з-за лесу і балот, прайшоўшы акрайкамі сённяшніх Брэсцкіх і Гомельскіх абласцей, абышлі наш зусім не страшны для іх край. Вось паблізу Налібоцкай пушчы, дзе на той час гаспадарыў летапісны літоўскі князь Міндоўг (Мендог; 1195 т.н.), калі не стала вялікага князя навагародскага (магчыма, Ізяслава), у Навагародак быў запрошаны менавіта Міндоўг, якому Навагародак перад гэтым паставіў свае ўмовы. Са згоды Навагародка Міндоўг у 1253-м г. каранаваўся на караля, рашуча змагаўся супраць экспансіі з паўднёвых славянскіх зямель і крыжакоў – дарэчы, якія рабілі набегі і рабавалі беларускі народ ад імя «вышэйшай боскай веры».

ВКЛ, Вялікае кнства Літоўскае
Герб ВКЛ "Пагоня" са Статуту 1588 года

Палітычнае жыццё. Яго вызначалі розная канфесійнасць насельнікаў, іхні грамадска-сацыяльны стан, а таксама і блізкія суседзі. Ратуючыся ад апошніх, асабліва ад крыжакоў, у 1385 г. ВКЛ пайшло на саюз з Польшчай, што, зразумела, не магло не ўзмацніць пазіцыі каталіцызму. Гэта выклікала ў многіх незадаволенасць (у роднага брата караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Андрэя Альгердавіча, Вітаўта і інш.). Узмацняецца ўлада Вітаўта, які пасля 1392 г. стаў пажыццёвым вялікім князем ВКЛ і мог весці незалежную ад Польшчы знешнюю і ўнутраную палітыку. У 1410 г. аб'яднаныя іхнія сілы (з дапамогай рускіх і татарскіх палкоў) у бітве пад Грунвальдам разграмілі крыжакоў і на стагоддзі запынілі іхнюю агрэсію. Гэта дало магчымасць звярнуць большую ўвагу на Усход і Поўдзень, уступіць у працяглыя спрэчкі і войны з амацнелай пасля вызвалення ад мангола-татарскай няволі Маскоўскай дзяржавай, якая пачала супернічаць з ВКЛ па злучэнні пад сваёй эгідай усіх усходнеславянскіх, праваслаўных зямель. У выніку і ВКЛ, і Польшча (саюзная Рэч Паспалітая) будуць абяскроўлены войнамі з Масковіяй, шведамі, крымскімі татарамі і, аслабелыя, у канцы XVIII ст. страцяць сваю незалежнасць. Беларускія землі апынуцца ў складзе Расійскай імперыі і замест каталізацыі і паланізацыі пачнуць «праходзіць курс» не менш жорсткай русіфікацыі.

ВКЛ, Вялікае кнства Літоўскае
Тытульны ліст Статута ВКЛ 1588 года

Дзяржаўны лад. Афіцыйна ВКЛ было манархіяй, якой кіраваў вялікі князь. Пасля смерці ў 1430 г. Вітаўта пачала набіраць моц Рада ВКЛ. Сфармаваўся вальны сойм, што да канца XVI ст. меў важныя заканадаўчыя функцыі: на ім вырашаліся самыя важныя пытанні жыццядзейнасці дзяржавы. На месцах існавалі соймікі. Асобныя фукцыі кіравання выконвалі маршалак, падскарбі, канцлер, гетман, намеснікі, ваяводы, старосты, кашталяны. У ніжэйшым звяне кіравання былі дзяржаўцы, валасныя старасты, соцкія, дзесяцкія. Напачатку на беларускіх землях аўтаномнымі заставаліся Полацкая і Віцебскія землі і асобныя княствы (Слуцкае, Кобрынскае, Клецкае і інш.). Падзел у 1413 г. ВКЛ на ваяводствы садзейнічаў цэнтралізацыі дзяржавы. У другой палове 1560-х гг. у ёй было 13 ваяводстваў. Розныя прывілеі, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг. аднымі з першых у Еўропе сістэматызавалі яго законы.

ВКЛ, Вялікае кнства Літоўскае
Склад ВКЛ у ХVII стагоддзі

Сельская гаспадарка. Асноўнай была сялянская гаспадарка – дым. Яна перадавалася ў нашчадства. Насельнікі адной вёскі былі ў грамадзе, што мела свае пашы, лясы і воды. Пераважала 3-польная сістэма земляробства. За карыстанне зямлёй да XVI ст. падуладныя сяляне плацілі натуральную рэнту (даніну); пазней адпрацоўвалі паншчыну, плацілі грашовы чынш. Сяляне-слугі адпрацоўвалі рэнту ў форме паслуг феадалу. На ніжэйшым узроўні знаходзілася чэлядзь. Сярод дзяржаўных павіннасцей было будаўніцтва і рамонт замкаў, дарог, мастоў, а таксама шарваркі, сярэбшчына. З XVI ст. феадальнае права ўсё больш не дазваляла пераходы «пахожых людзей» ад аднаго землеўладальніка да іншага, ператвараючы іх у «непахожых людзей». Юрыдычнае афармленне прыгоннага права пачата Прывілеем 1447 г., згодна яго свабодныя сяляне ператварыліся ў «айчызных людзей». З канца XV ст. у маёнтках феадалаў узнікаюць фальваркі. Гэтаму спрыяла валочная памера – аграрная рэформа, што пачала актыўна ажыццяўляцца пасля прыняцця «Уставы на валокі» 1557 г. Па феадальных павіннасцях пачалі адрозніваць цяглых сялян, асадных сялян і слуг; апрача іх былі таксама агароднікі, кутнікі, бабылі і інш. Усе сяляне ВКЛ шмат пакутавалі не толькі ад эпідэмій, але ад наступстваў частых войнаў. Падлічана, што з 1650-х гг. да пач. XVIII ст. лік насельнікаў паменшаў удвая, многія вёскі і гарады былі спустошаныя, гаспадарка заняпала. Гэтая акалічнасць змушала землеўладальнікаў пераводзіць сялян са стану паншчыны да чыншу, у выніку сельская гаспадарка да сярэдзіны XVIII ст. аднавілася. Аслаблі феадальна-прыгонніцкія адносіны, пачала ўзвышацца таварнасць шляхецкіх гаспадарак, пашырацца мануфактурная вытворчасць. З'явіліся вотчынныя і каралеўскія мануфактуры, гуты, фабрыкі і заводы, а з апошнімі пачаў фармавацца слой наёмных рабочых. Узмацніліся рынкавыя адносіны. У сувязі з уваходжаннем беларускіх зямель у канцы XVIII ст. у склад Расійскай імперыі на іх аднавілася, а пасля і ўзмацнела прыгонная сістэма.

null
Таварыш панцырнай харугвы.

Гарады. Да XIII ст. на беларускіх землях было 35 гарадоў. Да XV ст. аблічча гандлёвых і рамесных цэнтраў набылі былыя крэпасці, замкі, асобныя гаспадарскія двары. У XVI ст. узнікла каля 200 мястэчак – своеасаблівых па характары і змесце беларускіх паселішч. У XVII ст. у ВКЛ было 757 гарадоў і мястэчак, з іх на Беларусі 42 гарады і 425 мястэчак, што выконвалі важныя адміністрацыйныя, эканамічна-культурныя, ваенныя функцыі, былі цэнтрамі рынкаў, усё больш уключаючыся ў сферу еўрапейскага гандлю. Па меры ўзмацнення гарады, імкнучыся пашырыць сваё самакіраванне, пачалі атрымліваць яго паводле магдэбургскага права. У ліку першых у ВКЛ яго атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391); да XVII ст. самакіраванне мелі 42 гарады і мястэчкі Беларусі. У найбольшыя суполкі гараджан уваходзілі рамеснікі, аб'яднаныя ў цэхі, гандляры, купцы розных гільдый. Усё гэта сведчыла пра ўсебакова высокі ўзроверь развіцця як ВКЛ у цэлым, так і ў складзе яго беларускіх зямель у прыватнасці.

Культура і асвета. Як даказана грунтоўнымі даследаваннямі апошніх дзесяцігоддзяў, на беларускіх землях і да ўтварэння гэтай дзяржавы была высокаразвітая самабытная культура і асвета. Не выпадкова таму яны сталі грунтам для дзейнасці этнасаў, што трапілі ў склад ВКЛ. Ужо з часу ўтварэння яго прыкладна ў 1246 г. беларуская мова ў ім стала дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся граматы, прывілеі, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, статуты, мастацкія і царкоўна-рэлігійныя творы. У прыватнасці, у стараславянскай мове беларускасць выявілася яшчэ ў «Смаленскай праўдзе» 1229 г. (гандлёвая дамова Смаленска, Полацка, Віцебска з Рыгай і востравам Готланд, дзе ўжыты выразы тыпу «ў Рызе», «узяці» і інш.), яшчэ выразней – у «Грамаце рыжан да віцебскага Міхаіла Канстанцінавіча» (каля 1300 г.), у Дагаворы Полацка з Рыгай у 1407 г., а Судзебнік 1468 г. – першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ – быў увогуле напісаны на тагачаснай беларускай мове. Вялікую ролю ў станаўленні старабеларускай літаратурнай мовы адыграў палачанін Ф.Скарына, які, шырока ўжываючы яе, у 1517 – 1519-х гг. выдаў 22 кнігі Бібліі, што было першай з'явай ва ўсім усходне-славянскім свеце. Ён жа пасля 1522 г. заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. Апрача рэлігійных твораў з XV ст. на беларускай мове стварылася арыгінальная свецкая і перакладная літаратура («Александрыя», «Аповесць пра Трою» і інш.). Плённую ролю ў грамадскім жыцці адыгралі рэфармацыйны рух і брацтвы. Выдатнымі паслядоўнікамі Ф.Скарыны сталі С.Будны, I.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні працавалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Мінску, Еўі, Оршы, Магілёве. Выдатнымі дзеячамі культуры ВКЛ сталі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, С.Полацкі, браты Мамонічы і Вашчанкі, К.Нарбут, Б.Дабшэвіч, М.Сматрыцкі і інш. Напрыклад, С.Рысінскі (1560? – 1625 гг.) у сённяшняй Любчы Навагрудскага раёна ў 1618 г. выдаў сабраны за 30 гадоў зборнік «Польскія прымаўкі», дзе амаль 1800 беларускіх прымавак параўнаў з лацінскімі, нямецкімі, італьянскімі і інш. (дарэчы, ён адзін з першых, у перыяд вучобы ва універсітэце ў Германіі, назваў сябе беларусам). Першай вышэйшай навучальнай установай у ВКЛ была Віленская акадэмія (1588). З рэзкім узмацненнем на пачатку XVII ст. каталіцызму і паланізацыі, беларуская мова і культура пачалі выцясняцца з усіх сфер і заняпадаць. Высокага ўзроўню ў ХIV – ХVІ стст. дасягнула мураванае дойлідства (замкі ў Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры і інш.), склалася нацыянальная разнавіднасць гатычнага стылю (Сынковіцкая царква-крэпасць і інш.). У XVIII ст. развіўся своеасаблівы стыль так званага віленскага барока. Магнацкія замкі пачалі пераўтварацца ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўленчым мастацтве пераважалі іканапіс (выпрацавалася беларуская ягоная школа), партрэты і батальны жанры. Шырока развівалася драўляная разьбяная скульптура, з кнігадрукаваннем высокага ўзроўню дасягнула графічнае мастацтва. У пісьмовых творах пераважалі вершаскладанне, сатыра. Пашырыўся лялечны тэатр батлейка. У XVI – XVII стст. дзейнічалі школьныя тэатры. У 1740-х узніклі прыгонныя тэатры оперы і балета (Нясвіж, Слуцк, Слонім, Гродна), дзе пад кіраўніцтвам замежных музыкантаў і рэжысёраў вялікіх поспехаў дабіваліся мясцовыя таленты. Мануфактуры давалі выключныя ўзоры прыкладнога мастацтва (шпалеры, слуцкія паясы, налібоцкае і ўрэцкае шкло). У сувязі з выцясненнем з афіцыйнага ўжытку беларускай мовы на ёй шырока пачаў развівацца фальклор. У канцы XVIII ст. ВКЛ і Польшча ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай у выніку змоў былі падзеленыя паміж Расіяй, Аўстрыяй, Прусіяй і перасталі існаваць. Польшча была адноўленая ў 1918-м г., спроба аднавіць ВКЛ з-за спрэчак паміж нашчадкамі былых яе насельнікаў не ўдалася. Што да беларускіх земляў, то на іх у 1917 – 1919 гг. была ўтвораная спачатку БНР, пасля – БССР.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.