Чацвер, 02.05.2024, 00:29

БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА

Галоўная »
БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА – буйная лясная плошча каля 145 тысяч га, з іх 87,6 тысяч га на землях Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, на водападзеле басейнаў Нёмана, Заходняга Буга і Прыпяці. Астатняе – на тэрыторыі Польшчы.

Белавежская пушча
Музей прыроды

Яна з'яўляецца найбольш высокаўзроставай у Еўропе, упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 983 год. Да нядаўняга часу лічылася, што Белавежская пушча з 1541 г. абвешчана ў ВКЛ паляўнічым заказнікам. Цяпер выяўлены новыя звесткі, што гэта адбылося яшчэ раней, з канца XIV ст. Як вядома, у 1410 г. адбылася адна з тагачасных грандыёзных на еўрапейскім кантыненце бітваў паміж крыжакамі і аб'яднанымі сіламі ВКЛ і Польшчы. Для забеспячэння харчам шматлікага войска апошніх, безумоўна, і ў Белавежскай пушчы было забіта шмат самых розных жывёл; пасля перамогі польскі кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт як мудрыя і дальнабачныя дзяржаўныя дзеячы адпаведна не маглі не паклапаціцца пра аднаўленне, захаванне разнастайнага белавежскага жывёльна-птушынага свету і ў 1411 г. заявілі пра абмежаванае выкарыстанне ацалелых пушчанскіх багаццяў.

Белавежская пушча
Белавежскі зубр

Зараз беларускія і польскія вучоныя, супрацоўнікі Нацыянальных паркаў рыхтуюць дакументы для таго, каб у 2011 г. адзначыць 600-годдзе супольнага запаведніка (з 1939-га ён дзяржаўны, з 1991-га – нацыянальны парк, у 1993-м (паводле рашэння 16 сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ад 1992 г.) уключаны ЮНЕСКА ў сусветны спіс біясферных запаведнікаў, аб'ект сусветнай культурнай спадчыны, у 1997 г. адзначаны Дыпломам Савета Еўропы. Рэльеф Белавежскай пушчы – узгорыстая раўніна, найбольш узгоркавая цэнтральная частка, на паўднёвым усходзе – Белавежская града. З рэк найбольшыя (басейн Буга) – Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. З азёр – Лядскае і Перавалока (штучныя). Глебы на поўдні і поўначы пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтры – бурыя лясныя (у нізінах ёсць балотныя і тарфяна-глеевыя). У пушчы больш за тысячу дрэваў-старажылаў: 400 – 600-гадовых дубоў, 250 – 350-гадовых ясеняў і сосен, 200 – 250-гадовых елак. Пушча пераважае іншыя еўрапейскія лясы па разнастайнасці раслін і жывёл: тут каля 900 відаў вышэйшых раслін, 260 відаў імхоў і мохападобных, больш за 290 відаў лішайнікаў і 570 відаў грыбоў. У Нацыянальным парку – 59 відаў млекакормячых, 227 відаў птушак, 11 – земнаводных, 7 – паўзуноў, 24 віды рыб, звыш 9000 тысяч насякомых. Урэшце, менавіта ў Белавежскай пушчы жыве не толькі беларускі, але і еўрапейскі лясны звярыны цар – зубр. Некаторыя з зуброў жывуць у вальерах (для паказу наведвальнікам), а некаторыя – на волі, і іх, незалежных, гордых ды грозных, можна пабачыць толькі побач з праваднікамі. Акрамя зуброў, водзяцца высакародныя алені, казулі, ласі, дзікі, лісы, барсукі, тхары, гарнастаі, ласкі, куніцы, янотападобныя сабакі, бабры і іншыя звяры. Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавежская пушча» – адзін з самых вялікіх беларускіх турыстычных цэнтраў. Тут ёсць Музей прыроды, гатэлі і гасцявыя хаткі, рэстаран, спартыўныя пляцоўкі, рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза, які «жыве» там круглы год. Для шматлікіх наведвальнікаў ёсць спецыяльныя пешыя, конныя, аўтамабільныя маршруты, якімі пад кіраўніцтвам гіда можна заглыбіцца ў пушчу, на свае вочы пабачыць тое, што хоць у нейкай меры ацалела з часоў першабытнасці, а таксама помнікі гісторыі і культуры (курганныя пахаванні першых пушчанскіх жыхароў – найперш яцвягаў, некранутыя камяні-валуны, якія ў сівую даўніну прыпхнуў сюды скандынаўскі ледавік, мясціны, дзе адпачывалі, палявалі вялікія князі ВКЛ, польскія каралі і рускія цары, маёнтак генерала і сенатара, удзельніка паўстання ў 1794, 1830 – 1831 гадах і вайны 1812-га Тадэвуша Тышкевіча. Многія з наведвальнікаў жадаюць пабачыць славутыя Віскулі, пабудаваныя ў 1950-я гады. Там, каля невялікай вёсачкі, палац, дзе ў 1991-м сабраліся кіраўнікі трох усходнеславянскіх краін і вырашылі выйсці са складу СССР і ўзяць курс на нацыянальна-дзяржаўную незалежнасць Расійскай Федэрацыі, Украіны і Беларусі. Так званае «Белавежскае пагадненне 1991», падпісанае 8 снежня 1991 г. кіраўнікамі трох вышэйназваных рэспублік, з'яўляецца актам аб скасаванні СССР і аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння іншых рэспублік былога СССР. Былі прыняты заявы трох кіраўнікоў пра імкненне СНД праводзіць курс на ўмацаванне міру ва ўсім свеце і міжнароднай бяспекі, пра гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях былога СССР, забеспячэнне адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджваннем, пра каардынацыю эканамічнай палітыкі. 10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД.

Белавежская пушча
Дзед Мароз і Снягурка

Наконт сённяшняга стану Белавежскай пушчы ёсць розныя думкі: адны б'юць трывогу, што гаспадарчая дзейнасць у ёй мае згубны характар, іншыя – наадварот, сцвярджаюць, што яна многае сістэмна ўпарадкоўвае. У гэтай сувязі вялікае значэнне мае міжнародная думка. У прыватнасці, 15-19 сакавіка 2004 г. у адпаведнасці з рашэннем 27 сесіі Камітэта па ахове сусветнай спадчыны Белавежскую пушчу наведала група экспертаў ЮНЕСКА і Міжнароднага савета аховы помнікаў прыроды (МСАП) з мэтай ацаніць стан захаванасці яе як аб'екта сусветнай прыроднай спадчыны, а таксама вывучыць магчымасці супрацоўніцтва транспамежнага яго выкарыстання. У выніку быў падрыхтаваны даклад, дзе ў асноўным была станоўчая ацэнка стану Белавежскай пушчы згодна міжнародных патрабаванняў, але разам з тым у рашэнні 28 сесіі Камітэта суветнай спадчыны звярталася ўвага на магчымасці, што дазволілі б скараціць негатыўныя наступствы існавання загарод уздоўж мяжы для жывёл і падкрэслівалася, што неабходна ўдзяліць першачарговую ўвагу ажыццяўленню рэкамендацый, выкладзеных у дакладзе місіі, у тым ліку забеспячэнню адпаведных дзеянняў дзяржаў-удзельніц (Беларусь і Польшча) у адпаведнасці з гэтымі рэкамендацыямі і стварэнню органа кіравання ці сумеснай структуры для ўсёй тэрыторыі аб'екта сусветнай спадчыны. Дыялог вышэйназванай міжнароднай місіі экспертаў і прадстаўнікоў адпаведных міністэрстваў, ведамстваў Беларусі і Польшчы падкрэсліў важнасць палітычнага, эканамічнага і фінансавага аспектаў супрацоўніцтва па надзейным захаванні і выкарыстанні Белавежскай пушчы, пра патрэбу далейшага і глыбейшага навуковага вывучэння яе стану, удакладнення нарматыўна-прававой базы, сумеснага назірання і аховы жывёл-падарожнікаў. Былі выпрацаваны прапановы па дадатковым пошуку неабходных грашовых і тэхнічных сродкаў, а таксама выкарыстання прыродных комплексаў і аб'ектаў Белавежскай пушчы на яе ж карысць.
Меню
Омск доставка цветов на дом заказ цветов в омске flowercube.ru.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [470]
Эканоміка [37]
Транспарт [146]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Омск доставка цветов на дом заказ цветов в омске flowercube.ru.
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
Омск доставка цветов на дом заказ цветов в омске flowercube.ru.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.