АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ — фальклорныя творы, што суправаджалі сямейныя і каляндарна-земляробчыя абрады неад'емная частка духоўнай культуры народа. Паводле тэматыкі і прызначэння падзяляецца на сямейна-абрадавую паэзію і
каляндарна-абрадавую паэзію. Характарызуецца багаццем зместу, разнастайнасцю і дасканаласцю формы. Акрамя песень уключае прыказкі, прымаўкі, рацэі-прыгаворы, віншаванні-зычэнні і інш. У значнай меры прадвызначае адметнасць беларускага фальклору, яго агульнакультурную эстэтычную каштоўнасць. Узнікла ў першабытным грамадстве і захавала элементы язычніцкай рэлігіі (анімістычныя, татэмістычныя, антрапамарфічныя ўяўленні). Адыгрывала значную ролю ў арганізацыі сямейнага і працоўнага жыцця чалавека.