Панядзелак, 13.05.2024, 08:54

БЯРОЗАЎСКІ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
БЯРОЗАЎСКІ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ адкрыты ў 1963 г. у г.Бяроза паводле распараджэння Брэсцкага аблвыканкома як гісторыка-рэвалюцыйны музей. Рашэннем Бярозаўскага райвыканкома ад 23.11.1993 г. перайменаваны ў гісторыка-краязнаўчы. Музеем кіравалі Я.Ф.Бажок, М.Дз.Сікорын, Г.А.Ракіцкая, Г.С.Пуцыковіч. З 1999 г. дырэктар Л.М.Ківатыцкая.

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 18 808 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 10 689 адзінак Плошча экспазіцыі 156 м², размешчана ў 5 залах.

Музейныя экспанаты сабраны ў 19 калекцый: археалогія, нумізматыка, скарбы, баністыка, фалерыстыка, зброя, прадметы этнаграфіі і побыту, графіка, скульптура, жывапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музычныя інструменты, дакументы, друкаваныя выданні, фотадакументы, рукапісы, кінафотадакументы, прадметы з гісторыі тэхнікі, прыродазнаўчая калекцыя. Найбольш значныя і рэдкія сярод іх: манетны скарб 16 ст. Вялікага княства Літоўскага; прадметы, выяўленыя ў час археалагічных раскопак на тэрыторыі картэзіянскага манастыра: керамічны посуд, фрагменты пластычнай паліхромнай кафлі, жалезныя вырабы (усе 17 ст.) і інш.; алтарная драўляная манастырская скульптура 17 ст.; калекцыі абразоў 17 — 19 ст. (47 адзінак); кавалак бурштыну вагой 518 г., знойдзены на тэрыторыі Бярозаўскага камбіната сілікатных вырабаў; унікальныя фотаздымкі Бярозаўшчыны 1930-х г. Ю.Шыманчыка; малюнкі ваеннай пары (1942) палітрука 345-га партызанскага атрада С.М.Бельскага; калекцыі размалёвак па шкле і вышыўкі.

Асноўная тэма экспазіцыі залы «З глыбіні стагоддзяў» — помнікі археалогіі Бярозаўшчыны. Тут прадстаўлены матэрыялы раскопак са стаянак каля вёсак Зарэчча, Спорава, Стрыгінь, аб самых старажытных населеных пунктах — вёсках Здзітава (1005), Сялец (1397), Малеч (1427), г.Бяроза (1477), помніку архітэктуры правінцыяльнага класіцызму, неаготыкі і садова-паркавага мастацтва пейзажнага стылю 19 ст. — сядзібе графаў Пуслоўскіх, манастыры ордэна картэзіянцаў (г.Бяроза), пабудаваным у 1648-89 гг. У зале «Гісторыя і людзі» 1920-30-х гг. зберагаюцца фота і дакументальныя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей Бярозаўшчыны: гісторыкаў В.Д.Друшчыца, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі П.В.Горына, аднаго з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыста А.А.Альшэўскага, генерал-лейтэнанта С.І.Любарскага, Героя Савецкага Саюза І.І.Валасевіча. Асобны раздзел расказвае пра Бярозу-Картузскую — канцэнтрацыйны лагер, рэжым і знаходжанне ў ім вязняў. У экспазіцыі залы «Народныя рамёствы і промыслы» адлюстраваны старадаўнія промыслы беларусаў: ткацтва і саломапляценне, ганчарныя вырабы, кераміка, лозапляценне і бондарства, калекцыя музычных інструментаў майстра Я.І.Шаўчука, унікальныя фотаздымкі Палесся 1934-37 гг. Ю.Шыманчыка. У зале «Вялікая Айчынная вайна на Бярозаўшчыне» матэрыялы аб масавым расстрэле ў 1942 г. нямецка-фашысцкімі акупантамі больш за 60 тыс. мірных жыхароў з Еўропы на чыгуначнай станцыі Бронная Гара, пра партызанскую барацьбу, Блудзенскае антыфашысцкае падполле, лясныя партызанскія школы, Здзітаўскую абарону, вызваленне ад акупантаў Бярозаўшчыны ў 1944 г. Афармляецца зала «Бяроза і сучаснасць».

Музей мае філіял «Галерэя мастацтваў» у г.Бяроза. Адкрыты 16.07.2004 г. у дзень 60-годдзя вызвалення Бярозаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паводле рашэння Бярозаўскага райвыканкома ад 27.01.2004 г.

Плошча экспазіцыйных залаў галерэі 307 м². Мае калекцыі: размалёўка па шкле, выцінанка, ручнікі, нацыянальныя строі, нумізматыка, іканапіс, карціны мастакоў Бярозаўшчыны, унікальныя вырабы і сувеніры з саломкі, дрэва і керамікі, мастацкае пляценне з лазы, эксклюзіўныя пано. Пастаянна дзеючыя экспазіцыі: «Картэзіянскі манастыр у жывапісе», «Бярозаўскі кірмаш», «Птушка шчасця Сяргея Юркевіча», «Абаронцы неба Бярозаўшчыны», «Воінам-інтэрнацыяналістам прысвячаецца». У галерэі адбываюцца выстаўкі майстроў і мастакоў Бярозаўшчыны, з фондаў гісторыка-краязнаўчага музея, міжнародныя выстаўкі, дадзеныя ў часовае карыстанне замежнымі пасольствамі ў Беларусі.

Музей праводзіць аглядныя і тэматычныя экскурсіі, урокі гісторыі, ведаў, лекцыі па краязнаўстве, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, мастакамі, пісьменнікамі, народнымі ўмельцамі, прадастаўляе кансультацыйную і метадычную дапамогу па падрыхтоўцы адкрытых урокаў у школах, раённых свят, арганізоўвае турысцка-пазнавальныя экскурсіі па памятных мясцінах Бярозаўшчыны і інш.

Гісторыка-краязнаўчы музей
Адрас: 225210, г.Бяроза, вул.Леніна, 67
Тэл.: +375-1643-22-771

Галерэя мастацтваў
Адрас: 225210, г.Бяроза, вул.Леніна, Чырвоныя казармы
Тэл.: +375-1643-688-72
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1395]
Здарэнні [468]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.