Чацвер, 12.12.2019, 13:27

БЯРОЗА


БЯРОЗАгорад ( да 1940 г. Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза), цэнтр раёна. За 102 км на паўночны ўсход ад Брэста, на шашы БрэстМінск, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская на лініі Брэст – Мінск. Насельніцтва – 29,5 тыс. чалавек (2006).

Бяроза
Герб горада

Упершыню згадваецца ў 1477 г. як вёска Сялецкай воласці Слонімскага павета ВКЛ, з 1521 г. ў Кобрынскім павеце. У 1563 г. сяло, з 1629 г. мястэчка. У 1477 г. Ян Гамшэй са сваей жонкай Барбарай заснаваў у Бярозе касцёл Святой Тройцы. У 1611 г. Гамшэй прадаў Бярозу Льву Сапегу канцлеру ВКЛ, які ў 1614 г. прадаў сяло харунжаму Марціну Німеіру, але той, займеўшы вялікія даўгі, аддаў сяло мясцовым яўрэям. Аднак Сапега выкупіў распіскі Німеіра. Мястэчка мела прывілеі ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I, адбываліся штотыднёвыя таргі. Пасля смерці Сапегі ў 1633 г. Бяроза перайшла да яго сына Яна Сапегі, маршалка ВКЛ, наступным уладальнікам стаў Казімір Леў Сапега. У 1632 г. быў пабудаваны новы касцёл, а ў 1648 г. пачалося (завершанае ў 1689) узвядзенне кляштара ордэна картэзіянцаў (або роў, ператварыўшыся ў горадаўтваральнае ядро Бярозы. Акрамя таго, у 1648 г. Сапегі перадалі кляштару шэраг сваіх уладанняў – 2 вёскі і мястэчка Бусяж, у 1655 г. ва ўласнасць кляштара перайшлі яшчэ 2 фальваркі (у тым ліку Лявошкі) і 4 маёнткі. У 1672 г. Хрысціна Высокінская завяшчала кляштару назаўсёды 3 валокі зямлі ў Здзітаве, у 1678 г. віцебскі стольнік Андрэй Урсін Нямцэвіч – фальварак Шылінок з в. Ястрам, у 1774 г. ротмістр Пётра Сербіеўскі – фальварак. У 17-18 ст. кляштар валодаў аўстэрыяй (заезным домам) і 7 корчмамі з гадавым прыбыткам 8566 злотых. Манастыр славіўся перапісчыкамі кніг, яго бібліятэка мела 39 рукапісных кніг, у тым ліку 11 псалтыроў і 2314 друкаваных тамоў. У Паўночную вайну 1700-21 гг. шведскія войскі зруйнавалі Бярозу, пацярпеў і кляштар. У ім у 1706 г. Пётр I сустракаўся з польскім каралём Аўгустам II. У 1772 г. ўзведзена з цэглы Петрапаўлаўская царква (напярэдадні 1-й сусветнай вайны перабудавана, захавалася, помнік архітэктуры). У 1784-91 гг пры кляштары дзейнічала прыходская школа (36 вучняў). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, мястэчка Пружанскага павета Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерні. Кляштар перайшоў у падпарадкаванне Луцка-Брэсцкага каталіцкага епіскапа, з 1798 г. ў складзе Віленскай дыяцэзіі. У час вайны 1812 г. французы разрабавалі мястэчка і кляштар, страты якога склалі 36 717 рублёў. У 1819 г. польскі пісьменнік і публіцыст Юльян Нямцэвіч апісаў Бярозу ў сваёй кнізе «Падарожжа да Літвы». У 1824 г. ў мястэчку пражывалі 601 мешчанін (130 дамоў) і 256 яўрэяў (20 дамоў), меліся кляштар, 2 царквы, 16 мастоў, фабрыка, рынак, 4 крамы, 8 піцейных дамоў, багадзельня на 12 душ. За ўдзел манахаў у паўстанні кляштар 28.8.1831 г. зачынены царскімі ўладамі, уладанні і маёмасць канфіскаваны (пабудовы ў 1832 перайшлі ваенным, у 1866 разабраны), касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, частку маёмасці перадалі Полацкаму кадэцкаму корпусу. У 1833 г ў мястэчку 204 драўляныя дамы, 1174 жыхары, працавалі 36 дробных гандлёвых крам, суконная 10 тыс. аршын сукна штогод) і 2 гарбарныя (да 25 тыс. скур штогод) мануфактуры, адбывалася 8 кірмашоў штогод. У 1834 г. ў Бярозе некаторы час жыў будучы рэвалюцыянер-народнік Міхаіл Бакунін. У 1863 г. жыхары падтрымалі паўстанцаў, 14 мая тут адбыліся сутыкненні з царскімі войскамі. У 1864 г. ў Бярозе 1223 жыхары, дзейнічала створанае пасля адмены прыгону Бярозаўскае сялянскае таварыства. 3 1866 г. ў мястэчку размяшчаўся 151-ы Пяцігорскі пяхотны полк. У 1886 г. 101 двор, 1222 жыхары (1100 мяшчан), валасное праўленне, царква, капліца. 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў, пачатковая школа. паштовая станцыя, паравы, ветраны і конны млыны, 15 піцейных дамоў, кірмаш. Бярозаўская воласць у 1890 г. налічвала 42 паселішчы, 582 двары, 7768 жыхароў; 333 несялянскія дамы. Паводле перапісу 1897 г. ў Бярозе былі 364 мяшчанскія і 286 сялянскіх дамоў, 2606 мяшчан і 1855 сялян (на тэрыторыі 151-га Пяцігорскага палка было 18 будынкаў, размяшчаліся 2273 чал., меўся лазарэт), дзейнічалі 2 царквы (прыходская і на могілках), капліца, 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, яўрэйская багадзельня, народнае вучылішча, валасное праўленне, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін. Працавалі маслабойны завод, паравы і 5 ветраных млыноў, 7 кузняў, 61 крама (у тым ліку 4 з «красным» таварам, 1 – жалезных, 1 – суконных тавараў, астатнія малочныя), 12 піцейных дамоў, штогод адбывалася 8 кірмашоў. У Бярозе нарадзіўся П.В. Горын-Каляда (1900-37), беларускі гісторык, дзяржаўны дзеяч, акадэмік АН БССР (1931), доктар гістарычных навук (1934), прэзідэнт АН БССР (1931-34). Адна з вуліц горада сёння носіць імя яшчэ аднаго земляка – А.А. Альшэўскага (1904-37), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі (партыйны псеўданім Юрка Пружанскі), публіцыста. У 1905 г. 1910 жыхароў (разам са 151-м палком 4,2 тыс. чалавек). У час рэвалюцыі 1905-07 гг. у мястэчку і воласці адбываліся хваляванні. 21.8.1905 г. прайшла дэманстрацыя, пасля забастоўкі 1.5.1906 г. адбылася хваля сялянскіх бунтаў, для падаўлення якіх прыцягваліся войскі. У 151-м палку дзейнічала ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя РСДРП, папулярнасцю карысталіся сатырычныя лістоўкі Карпа Хвядчэні. У 1908-15 гг. даваў спектаклі аматарскі драматычны гурток. У 1914 г., напярэдадні 1-й сусветнай вайны, у Бярозе дзейнічалі 19 дробных прадпрыемстваў (65 рабочых), у тым ліку гарбарны (7), па ачыстцы крэйды (8), 2 лесапільныя (14 рабочых) заводы.

Бяроза
Рэшткі кляштару картузіянаў

У 1915 г. мястэчка акупіравана германскімі войскамі. Летам 1918 г., у перыяд існавання ўкраінскага ўрада гетмана Скарападскага (які падтрымлівалі немцы), Бяроза непрацяглы час была цэнтрам павета Холмскай губерні. У ходзе адступлення германскіх войск усходняя частка сучаснай тэрыторыі раёна была занята Чырвонай Арміяй. Менавіта каля Бярозы 14.2.1919 г. адбылося першае сур'ёзнае сутыкненне польскіх і савецкіх войск у савецка-польскай вайне 1919-20 гг. 3 канца лютага 1919 г. мястэчка акупіравана польскімі войскамі, уваходзіла ў Пружанскі павет Брэсцкай акругі. У ліпені 1920 г. ў ходзе контрнаступлення Чырвонай Арміі Бяроза была вызвалена. У баях вызначыліся 10-я савецкая Армія пад камандаваннем А.Э. Даўмана (адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга) і 28-я стралковая брыгада пад камандаваннем А.І. Чарапанава. У Бярозе і воласці была ўсталявана савецкая ўлада. Ураджэнцы Бярозы – П. Горын-Каляда і А.Альшэўскі сталі членамі Пружанскага рэўкома. Аднак 27.8.1920 г. ў мястэчка зноў увайшлі польскія войскі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. яно адышло на польскі бок, стаўшы цэнтрам Бяроза-Картузскай гміны Пружанскага павета Палескага ваяв. (17.2.1932 гміна скасавана, яе тэрыторыя падзелена паміж Малецкай, Сігневіцкай гмінамі). У 1923 г. ў Бярозе-Картузскай былі створаны падпольны райкам КПЗБ, камсамольская арганізацыя (у сучаснай Бярозе адна з вуліц носіць імя І.М. Хвядчэні, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, ураджэнца в. Сашыца). У 1930-я г. ў мястэчку дзейнічалі цагельны завод і народная школа.

Бяроза
Уяздныя вароты ў кляштар

«Для ізаляцыі» камуністаў і іншых левых элементаў 17.6.1934 г. польскі ўрад стварыў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. За 5 гадоў праз яго прайшло больш як 10 тыс. вязняў. Сярод іх быў Ю. Нядзельскі, прафсаюзны лідэр з фабрыкі Клеймана ў Лодзі (памёр у лагеры 1.4.1938, у 1977 на яго магіле ўстаноўлена стэла). Вязнямі лагера былі таксама ўкраінскі паэт А. Гаўрылюк, які напісаў паэму «Песня з Бярозы» (1937), а пазней аповесць «Бяроза» (1941); польскі пісьменнік М.Мірскі, які стварыў дакументальную аповесць «Бягом марш»; літаратуразнавец Я. Шутовіч, публіцыст Сяргей Сіняк (Хмара), польскі паэт і перакладчык Л.Пастарнак. У.Паўлюкоўскі пакінуў успаміны «Арышты: Бяроза і воля» (1939), паэт Алесь Сучок (П. Дабрыян) пад уражаннем ад праведзеных у зняволенні дзён, стварыў вершы «У Картуз-Бярозе», «Ой ты, маці, не сумуй». У 1962 г. ўстаноўлены помнік вязням б. канцлагера (рэстаўрыраваны ў 1996).

З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. цэнтр раёна Брэсцкай вобласци, 5 тыс. жыхароў, 832 двары. Былі створаны прамкамбінат па вырабе мэблі, калёсаў, пашыву адзення, прадпрыемства безалкагольных напояў, МТС, адчыніліся амбулаторыя, раённая бальніца на 50 ложкаў, аптэка, ветэрынарны пункт, Дом культуры з кінаўстаноўкай і бібліятэкай, 7-гадовая беларуская і яўрэйская школы, хата-чытальня, працавалі кравецкая, шавецкая і рымарская арцелі, лазня, 3 паравыя млыны, смалярня, 2 лесапілкі, 3 цагельні, пошта, цырульня, электрастанцыя магутнасцю 60 кВт.

Бяроза
Пры будаўніцтве казармаў выкарыстоўваўся кірпіч з кляштару картузіянаў

У першыя дні вайны ў раёне Бярозы разгарэліся жорсткія паветраныя баі. Лётчыкі 97-га, 121-га, 125-га, 162-га, 207-га і 212-га бамбардзіровачных авіяпалкоў нанеслі значны ўрон наземным войскам праціўніка. Дзейнічаючы без падтрымкі знішчальнікаў, 24-25.6.1941 г. яны збілі больш як 10 варожых самалётаў, але і самі панеслі вялікія страты. У памяць аб подзвігу лётчыкаў у 1974 г. быў устаноўлены помнік – самалёт на пастаменце. Бяроза была акупіравана нямецка-фашыскімі захопнікамі 23.6.1941 г. Тэрыторыю колішняга картэзіянскага кляштара яны ператварылі ў адно з месцаў расстрэлу савецкіх грамадзян, дзе знішчылі больш як 4,5 тыс. чалавек. У 1965 г. на брацкай магіле ахвяр фашызму быў устаноўлены помнік. У 1967 г. ўстаноўлены абеліск на магіле, дзе пахаваны члены 14 сямей арганізатараў першага ў раёне калгаса і жыхары в.Осаўцы, расстраляныя фашыстамі каля кляштара ў 1942 г. У 1978 г. ўстаноўлены абеліск на магіле, дзе пахаваны 96 жыхароў вёсак Алёхнавічы, Лукомер, Міхнавічы, Сасноўка, расстраляныя ў 1942 г. Імёны многіх з тых, хто загінуў ад рук акупантаў засталіся невядомымі. Большая частка яўрэйскага насельніцтва Бярозы была расстраляна на «фабрыцы смерці» ва ўрочышчы Бронная Гара, астатнія знішчаны ў гета разам з сем'ямі савецкіх камандзіраў, партыйных і савецкіх работнікаў, якія не паспелі эвакуіравацца. Вядомы імёны толькі 48 жыхароў горада, загубленых акупантамі, і 50 воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах вайны. Бяроза вызвалена 16.7.1944 г. ў ходзе 2-га этапа Беларускай аперацыі 48-й гвардзейскай дывізіяй (яе камандзір Г.М.Корчыкаў у 1972 стаў ганаровым грамадзянінам горада) 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту. Пры абароне і вызваленні горада загінулі больш як 260 савецкіх воінаў і партызан. На іх брацкай магіле ў 1953 ўстаноўлены помнік – скульптура, на ім запалены Вечны агонь. У Бярозе ёсць вуліцы, названыя імёнамі капітана П.С. Грыгарэнкі, які гераічна загінуў у баях за вызваленне горада 14.7.1944 г. ураджэнца в. Старыя Пескі генерал-лейтэнанта С.І. Любарскага, загінуўшага 16.4.1945 г. на пераправе цераз р.Нейсе (Ныса) у Германіі (цяпер тэрыторыя Польшчы), а таксама аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Магілёўскай і Брэсцкай абласцях С.А. Яроцкага.

Пасля вызвалення ў 1944 г. пачалі працаваць малочны і лесаперапрацоўчы заводы, райпрамкамбінат, друкарня раённай газ. «Маяк камунізму», пошта. у 1945 г. – паравы млын, пякарня, тарфяны, цагельны і бетонны заводы, завод па вырабе скур, МТС (з 1958 – РТС, з 1960 – РТМС), гаркамунгас, шэраг майстэрняў, атэлье і асобных цэхаў. У 1950 г. 5150 жыхароў, 753 жылыя дамы, 61 барак. Паводле перапісу 1959 г. ў горадзе пражывала 5,6 тыс. чалавек. У канцы 1950-х г. быў распрацаваны першы пасляваенны генеральны план забудовы горада. У 1958 г. створана аўтабаза (з 1987 аўтапарк) № 8, кантора «Гаргаз» (цяпер МПУ «Бярозаміжрайгаз», які абслугоўвае Бярозаўскі і Драгічынскі раёны). У 1957 г. шляхам аб'яднання калгасаў «Камсамолец», імя Дзімітрава і «Чырвоны прамень» быў створаны калгас «Прамень» (з 1967 – племянная гаспадарка, з 1973 – племзавод з цэнтрам у Бярозе, з 1983 у складзе НВА «Белплемжываб'яднанне»). У 1961 г. заснаваны краязнаўчы музей (адкрыты 3.11.1965). У 1963 г. адкрыўся філіял Брэсцкай аўташколы ДТСААФ (у 1973 пераўтвораны ў спартыўна-тэхнічны клуб). У 1961 г. на базе РТМС было створана раённае аб'яднанне «Сельгастэхніка» (з 1986 «Бярозаўская райаграпрамтэхніка»), у 1965 г. на базе рамонтных майстэрняў «Сельгастэхнікі» заснаваны маторарамонтны завод (у 1998 – 470 рабочых). У 1965-67 гг. уведзены ў эксплуатацыю масласырзавод. У 1966 г. БУ-1, пераўтворанае ў ПМК-43, увайшло ў склад трэста «Брэстсельбуд» (з 1986 – МПМК-4 аб'яднання «Брэстаблсельбуд», з 1996 – ПМК-4), заснаваны Бярозаўскі гаспадарча-разліковы ўчастак Баранавіцкага ўпраўлення мантажных і спецыяльных работ (с 1972 – СПМК-113, з 1986 – СПМК-9). 3 1967 г. працуе камбінат будматэрыялаў (сёння – РУП «Бярозабудматэрыялы»), з 1969 г. – завод жалезабетонных вырабаў. У 1971 г. прыняло першых навучэнцаў ПТВ-109 будаўнікоў. 3 1972 г. дзейнічае ветэрынарна-санітарны утылізацыйны завод («Ветсанутыль»), пачалося будаўніцтва мясакансервавага камбіната. У 1977 г. было заснавана прадпрыемства «Бярозабуд», утвораны гаспадарча-разліковы ўчастак № 2 па механізацыі і спецработам трэста «Брэстсаўгасбуд» (з 1978 – БМУ, з 1981 – СПМК-56). У 1979 г. з «Райсельгастэхнікі» вылучылася ў самастойнае прадпрыемства раённае вытворчае аб'яднанне «Сельгасхімія». У 1981 г. створана аўтабаза № 29 (з 1986 міжраённае аўтатранспартнае прадпрыемства, з 1988 аўтатранспартнае прадпрыемства № 2, з 1996 – адкрытае акцыянернае таварыства «Бярозаўскае аўтатранспартнае прадпрыемства»).

28.12.1981 г. аблвыканкам уключыў у гарадскія межы Бярозы пасёлкі ПТВ-109, ПМК-43, племсаўгаса «Прамень», 17.8.1987 г. – в. Самойлавічы. У 1984 г. ў Бярозе дзейнічалі заводы маторарамонтны і жалеза-бетонных вырабаў, камбінаты сельскі домабудаўнічы і будматэрыялаў, Новабярозаўскі вапнавы завод (в. Самойлавічы), масласырзавод, мясакансервавы камбінат, хлебазавод, завод «Ветсанутыль» (вытворчасць касцяной мукі, кармавых тлушчаў і інш.), вытворчасць ўчастак Пінскага вінзавода, камбінат бытавога абслугоўвання. Працавалі ПТВ-109, 2 сярэднія (у наступныя гады адкрыліся яшчэ 2), музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат, Дом піянераў і школьнікаў, 7 дашкольных устаноў, 2 бібліятэкі, бальніца і паліклініка.

Бяроза
Царква Святога Міхаіла Архангела

У 1990 г. заснаваны камбінат сілікатных вырабаў (на базе Новабярозаўскага вапнавага завода і недабудаванага завода сценавых блокаў). У 1992 г. на базе ўчастка СПМК-7 утворана СРМК-22 упраўлення «Брэстаблбуд». У 1995 г. заснаваны вытворча-гандлёвае закрытае акцыянернае таварыства «Бярозагазаўтасэрвіс» і прадпрыемства «Палессе», камерцыйныя фірмы «Прамень» і «Будаўтаторгцэнтр». На беразе Ясельды створана зона адпачынку. У 1993 г. на ўшанаванне памяці 10 ураджэнцаў Бярозаўскага раёна, якія загінулі ў Афганістане, адкрыты помнік воінам-інтэрнацыяналістам (аўтар праекта С. Казак, скульптар А. Паўлючык), імёнамі лейтэнанта І.У. Тышкевіча (загінуў 16.12.1985) і старшага лейтэнанта В.Х.Галаўко (загінуў у 1987) у Бярозе названы вуліцы.

Бяроза
Царква святых Пятра і Паўла

Існуюць грамадскія музеі баявой і працоўнай славы на Бярозаўскай ДРЭС (з 1989), маторарамонтным заводзе (з 1990), гісторыка-краязнаўчыя ў СІП № 3 і ПТВ-109. Працуе раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У1967 г. пры рэдакцыі раённай газеты было створана літаратурнае аб'яднанне «Крыніца», праз якое ў розныя гады прайшлі вядомыя сёння пісьменнікі і журналісты – С.Алексіевіч, Р.Баравікова, М.Вышынскі, З.Дудзюк, А.Казловіч, Н.Мацяш і іншыя.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [251]
Каталог файлаў [99]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [157]
Адукацыя [20]
Спорт [796]
Здарэнні [189]
Грамадства [281]
Эканоміка [12]
Транспарт [86]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [14]
Каляндар
«  Снежань 2019  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.