Пятніца, 26.04.2024, 05:32

БОТЫ

Галоўная »
БОТЫ — тып шытага скуранога абутку. Назва «боты» найбольш пашырана ў Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі, «чобаты» — у Усходняй і Заходняй Беларусі і на Палессі.

боты
Боты

Боты былі вядомы ўсходнім славянам здаўна. Тэрмін «боты» згадваецца ў пісьмовых крыніцах 10 — 11 ст. У некаторых беларускіх музеях зберагаюцца шавецкія калодкі 9 — 10 ст. Рэшткі ботаў знойдзены пры раскопках старажытнага Полацка, назва «боты» зафіксавана ў Радзівілаўскім летапісе (15 ст.). Боты як практычны і зручны від абутку былі пашыраны па ўсёй Беларусі. Форма ботаў, іх якасць залежалі ад саслоўнай прыналежнасці і маёмаснага стану заказчыка. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, чорнага, карычневага, чырвонага, жоўтага, зялёнага колеру. Найбольш франтаватымі лічыліся каляровыя саф'янавыя боты. Упрыгожвалі іх цісненнем, вышытым арнаментам, спражкамі. Мода на каляровыя боты захавалася да пачатку 18 ст. Гараджане насілі простыя, больш танныя боты чорнага колеру.

Вытворчасць ботаў у 19 ст. пераважала ў гарадах і мястэчках. Трываласцю і прыгажосцю славіліся вырабы смаргонскіх, магілёўскіх, пінскіх, петрыкаўскіх, брагінскіх рамеснікаў. У 2-й палове 19 ст. ўзрос попыт на боты сярод заможных сялян. Боты ў вёсцы насілі вельмі беражліва, яны пераходзілі ад бацькоў дзецям і г.д. Старыя боты з адрэзанымі халявамі (апоркі) выкарыстоўваліся як паўсядзённы абутак.

Боты былі пераважна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Паводле функцыянальнага прызначэння падзяляліся на бытавыя (святочныя, будзённыя) і спецыяльныя (ваенныя, паляўнічыя і інш.). Рабілі боты са скуры буйной рагатай жывёлы, коней, свіней, авечак і коз. З бычыных скур выраблялі падэшву, з каровіных, конскіх, свіных — юхт на халявы і перады (галоўкі), з казіных або авечых — саф'ян.

Тыпалогія ботаў, іх крой і тэхналагічныя прыёмы пашыву з цягам часу мяняліся. Па спосабу пашыву самым старажытным тыпам лічацца так званыя вываратныя боты. Пры іх вырабе ўжывалася ўнутранае шво; выкраеныя дэталі складвалі правым бокам унутр і прашывалі па краю дратвай (навошчанымі суканымі льнянымі ніткамі). Спачатку сшывалі халявы (часцей за ўсё мелі адно шво — ззаду або збоку, але сустракаліся і з двума швамі па баках). Да халяў на калодцы падшывалі падэшву (знутры, двухнітачным патайным швом), потым распраўлялі. Боты былі сіметрычныя — іх шылі на адной калодцы для левай і правай нагі, мяккія (без падкладкі, заднікаў і абцасаў), з невысокімі халявамі. Падэшва складалася з некалькіх слаёў тонкай скуры. У 14 ст. пачалі вырабляць тоўстую падэшву, якую для трываласці прыбівалі драўлянымі цвікамі. У 15 ст. з'явіліся асіметрычныя калодкі (для правай і левай нагі), Боты сталі рабіць з цвёрдым заднікам (перакладзеным бяростай) і наборным абцасам (з некалькіх слаёў скуры), на які мацавалася дугападобная жалёзная набойка. Драўляны (бярозавы) абцас, абцягнуты скурай і падбіты жалезнай падкоўкай, вядомы з 18 ст. і быў пашыраны ў 19 ст. У 2-й палове 19 ст. пачалі шыць рантавыя боты, якія адрозніваліся ад вываратных спосабам мацавання падэшвы. Яе прышывалі звонку да ранта дратвай і прыбівалі драўлянымі цвікамі. Халявы сшывалі па-ранейшаму знутры; спачатку рабілі іх шырокімі і мяккімі (без падкладкі), потым — больш вузкімі, з «паднарадам».

Сярод сялян і мяшчан значным попытам карысталіся асташы — шырокія і нязграбныя, але трывалыя вываратныя боты, што выраблялі ў г.Асташкаве Цвярской губерні і ў Смаргоні. На Палессі пластычнай выразнасцю і адметнай аздобай вылучаліся чобаты тураўскіх, давыд-гарадоцкіх, тонежскіх майстроў. Іх шылі з высокімі халявамі і зборкамі («з заборкамі») у месцы пераходу да ступні. У мужчынскіх чобатах халявы рабілі вышэй калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, больш высокім і тонкім абцасам; на заднікі святочных чобатаў набіваліся медныя пласцінкі (навуглікі) і каляровыя кавалачкі скуры. Па спосабу крою да сярэдзіны 19 ст. бытавалі выключна выцяжкі з шырокімі адна- і двухшоўнымі халявамі. Для іх вырабу замочаную ў вадзе загатоўку халявы папярэдне выцягвалі на правіле (кручках) — спецыяльнай дошцы ў форме ботаў. У 2-й палове 19 ст. ўвайшлі ў побыт насельніцтва боты-прышвы — з прышыўнымі перадамі. Абодва тыпы крою, некалькі змяніўшыся, дайшлі да нашых дзён. У 1930-40-я г. былі пашыраны валеныя боты (фабрычнага вырабу) з воўны белага колеру, з абцасамі, шырокімі адваротамі на халявах і прышыўнымі з карычневай скуры перадамі.

У наш час патрэбнасць насельніцтва ў скураным абутку, у т.л. і ботаў, забяспечвае абутковая прамысловасць.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.