Пятніца, 26.04.2024, 20:24

АБУТАК

Галоўная »
АБУТАК — састаўная частка адзення чалавека, якая засцерагае ногі ад шкодных знешніх уздзеянняў. Адлюстроўвае ўмовы жыцця і спецыфіку матэрыяльнай культуры народа.

На тэрыторыі Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство з часоў Кіеўскай Русі існавала як самастойная галіна гарадскога рамяства. Археалагічнымі раскопкамі выяўлены майстэрні тых часоў па апрацоўцы скуры і вырабу абутку (Полацк, Мінск, Пінск).

абутак
Скураны абутак 12-13 ст.
З раскопак Мінска, Гродна, Полацка

На працягу стагоддзяў асноўнымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Майстэрствам аздаблення вызначаліся жаночыя чаравікі. Іх вышывалі рознымі прыёмамі — шывок «назад іголкаю», «вяровачкай» і шыццё «гусём», пры якім усю паверхню чаравіка ўсцілаў геаметрычны арнамент. Больш просты ўзор складаўся з ліній, якія ўтваралі прамавугольнік або так званую прошву, больш складаны — са спалучэння кружкоў або так званых крынаў. Вышыты абутак падшываўся тканінай. Некаторыя чаравікі кроілі з вытачкамі ў наску. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных форм, упрыгожаны спражкамі і бантамі і інш.

абутак
Старадаўняе арнаментальнае аздабленне абутку

З развіццём грамадства ўдасканальваліся тэхналогія шавецкага рамяства, прынцыпы аздаблення абутку. Выпрацоўка новых форм залежала ад мастацкага вобліку ўсяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрапейскім стылі. Hapодны абутак выраблялі ў хатніх умовах або спецыяльныя рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у жыхароў вёсак і дробных мястэчак і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы і заняткамі насельніцтва. Самы старажытны тып абутку беларусаў складаўся з трох частак: абгортак, прывязак і ўласна абутку.

Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна (каля 150 см даўжынёю і 60 см шырынёю), якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалаткі кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. З пачатку 20 ст. сталі насіць вязаныя з воўны або фабрычныя панчохі. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, конскага воласу або наразалі са скуры. Мацавалі імі абгортку па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія (каля 6 м) прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на поўначы Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалаткі. Пашыраны колер прывязак шэры, чорны, чырвоны.

Уласна абутак ў мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае распаўсюджанне мелі дзеравяшкі. Асноўны від плеценага абутку, які бытаваў да пачатку 20 ст. — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лыка, пянькі, лазовай і вязавай кары. Найбольш вядомы лапці касога і прамога пляцення.

Скураны абутак падзяляўся на два віды: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытай падэшвай і абцасам — боты, чаравікі. Святочным мужчынскім і жаночым абуткам былі таксама боты-выцяжкі («чобаты»). Дыхтоўнасцю, пластычнай выразнасцю і адметнай аздобай вылучаліся боты наваколляў Турава і Давыд-Гарадка. Іх кроілі з суцэльнага кавалка чорнай ці вохрыстай ялавай скуры, змацоўвалі ззаду швом. Высокія халявы (да 50 см і вышэй) у месцы пераходу да ступні прыгожа перахопліваліся гафрыраваным накшталт гармоніка паскам, а верхняя частка мела шырокія дэкаратыўныя адвароты-крагі; да пластычна вытачаных абцасаў прыбіваліся металічныя падкоўкі. Усюды насілі і боты з асадкай халяў у простыя зборкі. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Іх шылі з завостраным наском, невысокімі халяўкамі і вышэйшымі, чым у мужчынскіх ботах, абцасамі; спераду (часам збоку) шнуравалі тонкім раменьчыкам ці шнуркамі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пачатку 20 ст. славіліся шаўцы Петрыкава.

Валены абутак (валёнкі) з воўны чорнага, карычневага, белага і шэрага колеру набыў пашырэнне з канца 19 ст. і бытуе да нашых дзён.

Гумавы абутак (бахілы) пачалі насіць у 1930-я г. Чырвоныя і чорныя бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.

У савецкі час выйшлі з ужытку лапці, пасталы і іншыя віды абутку, змяніліся і ўдасканаліліся больш якасныя віды, знікла розніца ў абутку гарадскіх і вясковых жыхароў.

Патрэбы насельніцтва задавальняе абутковая прамысловасць, якая выпускае абутак рознага прызначэння і шырокага асартыменту.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.