БРУСКІ — мучная страва накшталт
кісялю. У падсолены кіпень засыпалі бабовую або гарохавую муку, заскварвалі салам з цыбуляй або дабаўлялі тлушч. Перамешвалі, гарачым разлівалі ў неглыбокія міскі і ставілі ў халоднае месца, каб загусцела. Перад падачай на стол рэзалі на кавалкі. Калі гатавалі страву поснай, дабаўлялі папярэдне замочаныя і нарэзаныя сушаныя яблыкі і грушы. Страва была пашырана на Магілёўшчыне і Віцебшчыне.