Пятніца, 26.04.2024, 05:49

ДЗЯВОЧАЯ ГАРА

Галоўная »
ДЗЯВОЧАЯ ГАРА – этнаграфічны аб’ект; адна з раднавіднасцей культавых узгоркаў, ушанаванне якіх пачалося ў язычніцкія часы. Узгоркі з такога роду назвамі часта сустракаюцца ў славянскіх землях: Дзявочая гара – каля Смаленска, у Трыполлі на Дняпры, у Сахноўцы на р.Рось, на р.Лыбедзь (Украіна); Дзевін – у Празе, у Хебе, у Мімоне, на р.Дыі (Чэхія), на р.Дунай (Славакія) і інш.

Паводле меркаванняў археолага Б.А.Рыбакова (у кнізе "Язычніцтва Старажытнай Русі", 1987), дзявочыя горы маглі быць звязаны з культам жаночага бажаства, з багіняй-дзевай, "панёсшай у лоне сваім". Нярэдка з дзявочай гары ў Трыполлі знаходзіўся ахвярнік – печ пачатку нашай эры з дзевяццю паўсферычнымі секцыямі – паглыбленнямі. Лічба "дзевяць" у спалучэнні з жаночай назвай свяшчэннай гары, на думку Рыбакова, можа быць звязана з дзевяцю месяцамі цяжарнасці. На дзявочай гары ў Сахноўцы знойдзена залатая пласціна скіфскага часу з выявай свята ў гонар нейкага жаночага бажаства. Ахвярнік з дзевяццю ямамі выяўлены на гарадзішчы Паганскае ў Маравіі (пачатак 10 ст.), паблізу знаходзяцца гара Дзевін і р.Дыя ("багіня"). Некаторыя дзявочыя горы ўшаноўваліся амаль да 20 ст., пра што сведчыць, напрыклад, традыцыя ўстаноўкі трох драўляных крыжоў на дзявочай гары ў Сахноўцы.

Некалькі ўзгоркаў з такімі назвамі ёсць на тэрыторыі Беларусі: Дзявочая гара каля в.Дуброва Маладзечанскага раёна і ў Мсціславе. Гарадзішча дзявочая гара ў ваколіцах в.Любанічы Кіраўскага раёна згадвалася ў 1-й палове 19 ст. фалькларыстам і этнографам З.Я.Даленга-Хадакоўскім (сучасным археолагам помнік невядомы). У некаторых выпадках такія ўзгоркі насілі блізкую па значэнню назву. На ўскраіне Лагойска знаходзіцца гарадзішча Паненская гара, на якім выяўлена штрыхаваная кераміка ранняга жалезнага веку. З гарой звязана паданне пра загінуўшую тут дзяўчыну, выкарыстанае В.Дуніным-Марцінкевічам у вершаванай аповесці "Вечарніцы". Назва г.Мар’іна Горка ў Пухавіцкім раёне паходзіць ад горкі, на якой, паводле легенды, стаяў язычніцкі храм, дзе ў т.зв. Мар’ін дзень адбываліся святкаванні. Захавалася таксама паданне, што на гэтай горцы ляжаў камень, якому пакланяліся язычнікі і каля якога наладжвалі трызны і гульні, пасля асвячэння гэтага месца святой вадой гара раскалолася, а камень праваліўся. Падобны помнік захаваўся на поўнач ад г.п.Смілавічы (глядзіце Гудавіцкае свяцілішча). Пасля прыняцця хрысціянства некаторыя ўзгоркі, звязаныя раней з культам багіні – дзевы, сталі прысвячацца маці божай, дзеве Марыі.

Аўтар: Э.М.Зайкоўскі
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.