Пятніца, 26.04.2024, 04:22

КАЗАЦТВА

Галоўная »
КАЗАЦТВА – 1) сацыяльная супольнасць, якая існавала ў ВКЛ у ХV – ХVII стст. У цюркскіх мовах слова «казак» азначае «вольны чалавек». Месцам зараджэння казацтва ВКЛ сталі малазаселеныя паўднёва-ўкраінскія землі на мяжы з Крымскім ханствам. Узмацненне феадальнага прыгнёту ў ВКЛ садзейнічала прытоку на гэтыя землі беглых сялянаў і пасадскіх людзей з беларускіх і ўкраінскіх паветаў. Патрэба ў самазабеспячэнні і пастаянная пагроза з боку татараў вызначылі ваенны лад жыцця і неабходнасць стварэння моцнай вайсковай арганізацыі.

Пастаянныя кантакты з крымскімі татарамі спрыялі ўвабранню казацтвам цюркскіх элементаў у назвах, звычаях, побыце. Падобныя сацыяльныя фармаванні існавалі на землях суседняй Маскоўскай дзяржавы (данское, грэбенскае, церскае і яіцкае казацтва).

Запарожскі казак

Першыя звесткі пра казакоў ВКЛ (у расійскіх крыніцах называліся «чаркасы») адносяцца да канца XV ст. З пачатку XVI ст. магнаты паўднёвых паветаў ВКЛ сталі прыцягваць казацкія атрады да сябе на службу. Значную ролю ў арганізацыі казацкага войска адыграў А.Дашковіч, які ў 1520-я гг. на чале буйнога атрада казакоў ладзіў паходы на Маскоўскую дзяржаву, Крымскае ханства і турэцкія ўладанні ў Прычарнамор'і.

У сярэдзіне XVI ст. адным з найбольш значных правадыроў шматлікіх казацкіх атрадаў быў чаркаскі і канеўскі стараста князь Дз.І.Вішнявецкі, па мянушцы Байда. У 1556-м г. ён пабудаваў крэпасць на адным з астравоў у ніжнім цячэнні Дняпра (на Хорціцы). Гэта стала пачаткам першага казацкага прадзяржаўнага ўтварэння – Запарожскай сечы.

У 2-й палове XVI ст. паступова аформілася сістэма кіравання сеччу, цалкам заснаваная на выбарнай аснове. Кожны курэнь выбіраў сабе кураннога атамана, агульным сходам казакоў выбіралася казацкая старшына: кашавы атаман, есаул і інш. Рашэнні прымаліся на агульным сходзе, не большасцю, а агульнай згодай.

З пашырэннем радоў казацтва і прыняццем на дзяржаўную службу часткі казакоў у 1572-м г. (рэестравыя казакі) пачалі афармляцца гетманская ўлада і рада палкоўнікаў. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. і перадачы ўкраінскіх паветаў у склад Польскага каралеўства казацтва ў ВКЛ фактычна знікла, аднак запарожскае казацтва бесперапынна папаўнялася выхадцамі з беларускіх зямель. Першая спроба актывізацыі казацкага руху на Беларусі звязана са з'яўленнем у канцы 1595 г. у ВКЛ атрада ўкраінскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Да казацкіх атрадаў далучылася частка сялянаў, мяшчанаў і збяднелай праваслаўнай шляхты, якія займаліся ў асноўным гвалтам і рабаўніцтвам мясцовага насельніцтва (асабліва шляхты і яўрэяў). У выніку баявых дзеянняў гэтыя атрады былі разбітыя і выцесненыя з тэрыторыі ВКЛ.

З разгортваннем на Украіне ў 1648 г. паўстання пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага назіраецца другая хваля актывізацыі казацкага руху. Са з'яўленнем атрадаў украінскіх казакоў у паўднёва-ўсходніх паветах ВКЛ пачаўся працэс паказачвання беларускага сялянства, мяшчанства і часткі праваслаўнай шляхты. Пачалі ўтварацца атрады мясцовых паўстанцаў, блізкія па сваёй структуры да казацкіх, якія ўзначальвалі абраныя палкоўнікі. Права на зацвярджэнне палкоўнікаў належала Хмяльніцкаму. Такія атрады былі створаныя ў Мазыры, Рэчыцы, Ігумене, Тураве, Давыд-Гарадку і інш.

Наступленне войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Я.Радзівіла ў канцы 1648 – пачатку 1649 г. прывяло да выцяснення ўкраінскіх казакоў з тэрыторыі Беларусі і да разгрому мясцовых паказачаных паўстанцаў.

Пад час вайны Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг. спробу стварыць беларускае казацтва зрабіў магілёўскі праваслаўны шляхціц К.Паклонскі. З дазволу цара Аляксея Міхайлавіча ён арганізаваў Беларускі полк, прычым не толькі як вайсковае падраздзяленне, але і як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ў межах Магілёўскай воласці з цэнтрам у мястэчку Чавусы, які падпарадкоўваўся не Хмяльніцкаму, а непасрэдна Маскве і ўяўляў сабой аўтаномнае казацкае ўтварэнне колькасцю да 6 тыс. чалавек. Побач з добраахвотным паказачваннем адбываўся і прымусовы запіс сялянаў у казацтва. Сутыкненні казакоў Беларускага палка з казакамі ўкраінскага наказнога гетмана I.Залатарэнкі і адсутнасць масавай падтрымкі з боку мясцовага насельніцтва прывялі да пераходу Паклонскага з часткай казакоў свайго палка на бок Рэчы Паспалітай, пасля чаго Беларускі казацкі полк знік.

У студзені 1656-га г. Хмяльніцкі прызначыў «беларускім палкоўнікам» выхадца з Беларусі I.Нячая, які замяніў Залатарэнку. Пад кантролем Нячая апынулася частка Аршанскага павета, дзе аформілася казацкая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сістэма. Яго полк складаўся з 19 сотняў, якія мелі тэрытарыяльны характар, з рэзідэнцыяй у мястэчку Чавусы (Чавускі полк).

Увосень 1658-га г. Нячай са сваім войскам перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і пачаў баявыя дзеянні супраць расійскіх войскаў. Казацкі полк Нячая дзейнічаў да снежня 1659-га г., пакуль не быў разбіты. Адначасова з Нячаем дзейнічала казацкае войска на чале з наказным беларускім палкоўнікам Дз.Мурашкам.

З восені 1656 г. рэзідэнцыяй Мурашкі было мястэчка Ігумен, летам 1657-га г. яна была перанесеная ў в.Камень. У 1656 – 1658 гг. войска Мурашкі дзейнічала ў Менскім і Ашмянскім паветах, кантралюючы значную тэрыторыю. У верасні 1658-га г. Мурашка са сваім войскам таксама перайшоў на і бок Рэчы Паспалітай і працягваў баявыя дзеянні да заканчэння вайны. Заканчэнне вайны і ўмацаванне пазіцый дзяржаўнай улады спрыяла заняпаду казацкага руху на Беларусі; 

2) від лёгкай кавалерыі ў войску ВКЛ, які прыйшоў на змену гусарам пасля трансфармацыі апошніх у цяжкаўзброеную конніцу. Узнікненне казацкай кавалерыі адносіцца да XVI ст., а найбольшага росквіту яна дасягнула ў час войнаў 2-й паловы XVII ст. У XVI ст. казацкі рыштунак складаўся з панцыра, шышака, шаблі, сагайдака і рагаціны або сякеры. У XVII ст. засцерагальны рыштунак казацкай кавалерыі значна скараціўся або адсутнічаў зусім, замест сагайдака распаўсюджанне атрымалі пісталеты, па-ранейшаму на ўзбраенні засталіся шабля і рагаціна. Казацкая конніца камплектавалася з дробнай шляхты, якая не мела дастаткова сродкаў, каб узброіцца па-гусарску. Паводле рашэння соймікаў з 1654 г. кожны павет ВКЛ павінен быў выстаўляць па 4 харугвы, адна з якіх мусіла быць узброеная па-казацку. Казацкая кавалерыя існавала да XVIII ст., саступіўшы месца створаным у 1770 я гг. палкам пярэдняй варты, частка якіх на Беларусі атрымала назву пяцігорскіх.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.