Субота, 20.04.2024, 18:58

ЛАГІШЫН

Галоўная »
ЛАГІШЫН — rapадскі пасёлак, цэнтр пасялковага Савета і СВК «Лагішын», за 28 км на паўночны захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Пінск на лініі Брэст — Гомель, 175 км ад Брэста, на аўтадарозе Пінск — Івацэвічы. 2610 жыхароў (2005).

Логишин, Лагішын
Герб Лагішына

У сярэдзіне XVI ст. ўрочышча с.Каўняцін, у складзе гаспадарскага двара Стытычава ў Купяціцкім войтаўстве. Упамінаецца ў 1552 г.

У XVII ст. мястэчка, цэнтр староства, уласнасць Радзівілаў, потым Агінскіх, Друцкіх-Любецкіх. У 1634 г. пабудаваны касцёл. У 1643 г. кароль Уладзіслаў IV даў мястэчку магдэбургскае права, заснаваў ратушу, зацвердзіў герб: у блакітным полі воўк на ласіных нагах (да 1776 г.). У 1670 г. ў мястэчку абаснавалася місія езуітаў, быў заснаваны шпіталь.

З 1795 г. ў складзе Расіі, за падтрымку каталіцкім клірам антырасійскага паўстання 1863-64 гг. касцёл быў зачынены. У 1771 г. пабудавана Прачысценская царква (у 1842 г. згарэла). На пачатку 1860-х г. казённае мястэчка, 358 двароў, 1 530 жыхароў, сінагога, малітоўны дом, адбываліся 3 штогадовыя кірмашы з абаротам 2—3 тысяч рублёў. У 1880-я г. цэнтр воласці Пінскага павета Мінскай губерні, 400 двароў, 2800 жыхароў, 5 млыноў, маслабойня, гарбарны завод, каменныя гандлёвыя рады, 10 крам. У 1897 г. 467 двароў, 3105 жыхароў, Спаса-Праабражэнская царква (з 1892), мужчынская і жаночая прыходскія школы, сінагога, 2 малітоўныя дамы, прыёмны пакой, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, паштовая станцыя, народнае вучылішча, 20 крам, 5 піцейных дамоў. У 1907-10 гг. на месцы былога касцёла (згарэў у 1897 г.) пабудаваны касцёл Пятра і Паўла. У 1-ю сусветную вайну ў раёне мястэчка адбываліся кровапралітныя баі.

Лагішын, Логишин
Спаса-Праабражэнская царква

Логишин, Лагішын
Касцёл Пятра і Паўла

У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. — 930 двароў, 5633 жыхары, касцёл, царква, паштовае агенцтва, гарадскі сад. Дзейнічала падпольная арганізацыя КПЗБ.

З 1939 г. у складзе БССР. З 15.01.1940 г. да 25.12.1962 гг. цэнтр Лагішынскага раёна Пінскай вобласці. 3 12.10. 1940 г. цэнтр сельсавета, з 1959 г. цэнтр гарадскога пасялковага Савета. У 1940 г. ў вёсцы Лагішын 500 двароў, 3500 жыхароў, млын, 2 цагляныя заводы, пачатковая школа, народны дом, бальніца (25 ложкаў), медпункт, ветлячэбніца, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У раёне 54 вёскі, 1527 хутароў, усяго 4760 двароў, 35256 жыхароў, з іх 2821 яўрэяў, 1058 украінцаў, 1057 палякаў; працавалі 49 школ, 2 смолзаводы, 2 вапнавых, 3 цагляныя, 3 лесапільныя заводы. З 1962 г. ў Пінскім раёне.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 г. да 15.07.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзейнічаў падпольны райком КП(б)Б (1943-44). Ад рук акупантаў у Лагішыне і раёне загінулі каля 2 тысяч чалавек.

Лагішын, Логишин
Лагішын, Логишин
Лагішын, Логишин
Лагішын на фотаздымках Другой сусветнай вайны.
1941-1944 гг.

Да 1950 г. работа прадпрыемстваў адноўлена, працаваў калгас «Беларусь», у якім аб'ядналіся 234 гаспадаркі, 552 члены. З 08.01.1954 г. ў Брэсцкай вобласці.

З 22.12.1959 г. гарадскі пасёлак. У 1959 г. 2319 жыхароў, у 1970 г. — 2617 жыхароў. У 2003 г. 1065 двароў, 2859 жыхароў, механічны завод, птушкафабрыка, гандлёвае прадпрыемства «Бурштын», бальніца, аптэка, Дом міласэрнасці, сярэдняя школа, два дзіцячыя сады, музычная школа, вучэбна-курсавы камбінат, Дом культуры, мастацкія майстэрні, аддзяленне сувязі і «Беларусбанка».

Помнікі: Спаса-Праабражэнская царква, Петрапаўлаўскі касцёл, Аляксандра-Неўская капліца (сярэдзіна 19 ст.), капліца на могілках (1904); воінскія пахаванні 1919-20 гг., брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, месцы пахаванняў ахвяр фашызму. У 1995 г. адчынены гісторыка-краязнаўчы музей. Планіровачная структура гарадскога пасёлка характарызуецца прамавугольнай сістэмай вуліц і развіваецца ў паўднёвым накірунку.

Лагішын, Логишин
Лагішын, Логишин
Лагішын, Логишин
Вулічная забудова

Пасёлак падзяляецца на чатыры жылыя раёны з квартальнай сістэмай планіроўкі. Ансамбль цэнтра ўключае кінатэатр, Дом культуры, Петрапаўлаўскі касцёл і Троіцкую царкву. На вул.Ленінскай сярод мураваных двухпавярховых жылых дамоў размешчаны магазіны, гасцініца, універмаг, кафэ, камбінат бытавога абслугоўвання. Планіровачна складаецца з двух, падзеленых аўтадарогай, частак: усходняй (чатыры амаль прамалінейныя вуліцы шыротнай арыентацыі, злучаныя мерыдыянальнай вуліцай і завулкамі) і заходняй (тры мерыдыянальныя вуліцы, злучаныя завулкамі). Забудова мураваная і драўляная, шчыльна пастаўленая. Радзіма гісторыка, паэта, асветніка А.Т.С. Нарушэвіча.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.