Пятніца, 03.05.2024, 23:24

МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЙ БАЯВОЙ САДРУЖНАСЦІ

Галоўная »
МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЙ БАЯВОЙ САДРУЖНАСЦІ адкрыты ў в.Леніна Горацкага раёна 15.10.1967 г. паводле рашэння Савета Міністраў БССР да 25-й гадавіны бітвы пад Леніна 1-й польскай дывізыі імя Т.Касцюшкі і 1-га польскага танкавага палка імя герояў Вестэрплятэ ў складзе 33-й арміі Заходняга фронту супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў 12—13.10.1943 г. Мемарыяльным комплексам кіравалі А.С.Фядосенка, Д.М.Лыбзікава, Ю.М.Карпіцкі. З 2008 г. дырэктар У.У.Вараб'ёў.



Мемарыяльны комплекс (архітэктары Я.Белапольскі, У.Хавін, скульптар У.Цыгаль) уключае некалькі аб'ектаў, тэматычна і функцыянальна звязаных паміж сабой: Музей савецка-польскай баявой садружнасці, магілы невядомых савецкага і польскага воінаў (за 1 км на захад ад вёскі) і 2 брацкія магілы савецкіх і польскіх воінаў.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 6254 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 1003 адзінкі. Плошча мемарыяльнага комплексу 1814 м², экспазіцыйнай залы — 907 м², фондасховішча — 500 м².

Фонды музея складаюць калекцыі ваеннай формы і аксесуараў, зброі, фотадакументаў, друкаваных выданняў, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў вымпелы, што выпушчаны ў СССР, ПНР, Беларусі да юбілейных дат. У ліку прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 2 вазы, перададзеныя ў дар музею польскімі шахцёрамі г.Катовіцы і польскімі леснікамі, чаканка з выявай марскога судна і надпісам «Для музея бітвы пад Леніна ў сувязі з 40-годдзем Войска Польскага ад працаўнікоў Гданьскай судаверфі». У экспазіцыйнай зале знаходзяцца урны з зямлёй, узятай з месц пахаванняў савецкіх воінаў з 30 гарадоў і ваяводстваў Польшчы.

Дамінантай мемарыяльнага комплексу з'яўляецца Музей савецка-польскай баявой садружнасці, размешчаны на месцы бою з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Перад уваходам у музей устаноўлена стэла, якая сімвалізуе баявую садружнасць: 2 рукі (савецкага і польскага салдат) трымаюць дрэўка баявога сцяга. У аснаванні стэлы надпіс на польскай і рускай мовах «СССР — Польшча 1943». Будынак музея з жалезабетону, шкла і алюмінію ўяўляе сабой купал у выглядзе каскі дыяметрам 34 м, вышынёй 11 м. Пакрыццё зроблена з невялікіх чорных шчытоў, пакладзеных на каркас. Лесвічныя вузлы вылучаны блокамі з барэльефнымі выявамі арла і пяціканцовай зоркі — сімваламі 2 краін. У інтэр'еры музея стэнды з дакументамі і фотаздымкамі, што адлюстроўваюць гісторыю фарміравання і баявы шлях Войска Польскага. У цэнтральнай частцы знаходзіцца дыярама «Бітва пад Ленінам» (мастакі М.Авечкін, А.Інтазараў), у якой паказаны кульмінацыйны момант бою. Побач з музеем знаходзіцца помнік на ўшанаванне памяці загінуўшых савецкіх і польскіх воінаў. У цэнтры ўстаноўлены 3-метровы пагнуты, з прабоінамі і няроўнымі краямі кавалак брані. Побач з ім 2 пліты з надпісамі-прысвячэннямі на польскай, рускай і беларускай мовах. Пляцоўка (9 х 12 м) вакол помніка выкладзена цёмна-чырвоным гранітам, перад ім запалены Вечны агонь. З трох бакоў разбіты газоны, высаджаны дрэвы.

Брацкая магіла 1171 савецкага воіна, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у кастрычніку 1943 г., знаходзіцца на месцы савецкіх баявых пазіцый. На магіле ўстаноўлены блок з чырвонага граніту ў выглядзе пяціканцовай зоркі, з надпісам-прысвячэннем у цэнтры.



Брацкая магіла 502 польскіх воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у кастрычніку 1943 г., знаходзіцца ў 0,5 км ад брацкай магілы савецкіх воінаў, на месцы польскіх баявых пазіцый. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза У.Высоцкі і А.Т.Кжывань. На брацкай магіле ўзведзена сцяна з шэрага граніту (12 х 3 м) з надпісам-прысвячэннем на польскай і беларускай мовах. У цэнтры сцяны на бронзавым картушы ў абрамленні прыспушчаных сцягоў даты бітвы пад Леніна і выявы скрыжаваных лаўровых галінак. Пляцоўка забетаніравана і абсаджана дэкаратыўнымі кустамі.

На базе мемарыяльнага комплексу праводзяцца экскурсіі, урокі мужнасці, прымаюцца дэлегацыі з Расіі, Польшчы і іншых краін.

Адрас: 213421, Горацкі раён, в.Леніна
Тэл.: +375 2233 385-25
Аўтары: Д.М.Лыбзікава, А.Ю.Пятросава, Г.М.Ярмоленка
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [471]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.