Чацвер, 18.04.2024, 07:58

«МЯЦЕЛІЦА»

Галоўная »

«МЯЦЕЛІЦА» — традыцыйны танец. Музычны памер 2/4, 3/8. Тэмп хуткі. Упамінанне пра «мяцеліцу» вядома ў 1-й палове 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак. Прыпеўкі ў ёй звычайна бойкія паводле тону, ім уласцівы гумар:

А мае ж вы дзяўчаткі,
Пусціце пагрэцца.
На вуліцы мяцеліца,
Няма дзе падзецца.

мяцеліца
"Мяцеліца". Выконвае фальклорны калектыў з вёскі Мехавое Гарадоцкага раёна

Варыянт, які бытаваў на Брэстчыне, складаецца з таго, што тры (але не дзве і не чатыры) дзяўчыны, узяўшыся за рукі, то хутка круцяцца кругам, як быццам вальсуюць, то вырабляюць паўкругі павольна, нібыта адварочваючыся адна ад другой, то, нарэшце, імчацца ўдоўж і ўпоперак пляцоўкі, прыпяваючы песню:

Як пайшоў жа наш каваль
З каваліхаю на баль.
Ды марудна ж ён ідзе,
Ды й дарогі не знайдзе...

Бадай таго каваля
Мяцеліца замяла,
Што ён яе маладу
Замарозіў на бяду.

Найбольш вядомы варыянт «мяцеліцы» запісаў П.Шэйн у Віленскай губерні: «Збіраюцца ў пары, бяруць у рукі махрачкі, г.зн. ручнікі або паясы, становяцца ў рад. Пачынаецца музыка і напеў, і ў адно імгненне ўзнімаецца сапраўдная мяцеліца. Усе пары кідаюцца раптам, першая, якая праскочыла пад ручніком, прапускае другую пару, трэцюю, чацвёртую і г. д., другая, якая праскочыла пад ручніком, прапускае трэцюю пару, трэцяя пара — чацвёртую і г. д. Усё гэта робіцца з неймавернай хуткасцю і ўсімі парамі разам. Трэба здзіўляцца, як зладжана, хутка і нават зграбна адбываецца гэта мітусня...» (Шэйн П. Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю. Спб., 1887. Т.1, ч.1. С.544).

«Мяцеліца» часта выконвалася і з хустачкамі, пра што ўпамінаецца ў ананімнай паэме «Тарас на Парнасе»: Узяўшы хустачку, Вянера пайшла «мяцеліцу» скакаць. У Магілёўскай вобласці «мяцеліца» зафіксавана ў выглядзе танцавальнай гульні. Чатыры пары, што стаяць у малюнку крыжа, ныраюць у «вароты», утвораныя з узнятых рук парай, якая стаяла насупраць. Калі музыка раптам абрывае ігру, пара, што апыналася ў цэнтры, хутка разварочваецца і змяняе напрамак руху.

«Мяцеліца» пашырана па ўсёй Беларусі. На сцэне ўпершыню з'явілася ў оперы С.Манюшкі «Ідылія» («Сялянка») на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яркія пастаноўкі «Мяцеліцы» зроблены А.Ермалаевым у балеце М.Крошнера «Салавей» і А.Апанасенкам.

Аўтар: Ю. М. Чурко
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.