Чацвер, 28.03.2024, 19:00

МАГІЛЁЎ

Галоўная »
МАГІЛЁЎгорад, цэнтр Магілёўскай вобласці. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак (лініі на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў) і аўтамабільных дарог. Порт на Дняпры.

У Магілёўскай хроніцы ўпершыню ўпамінаецца пад 1267 г. Паводле археалагічных раскопак, на ўсходняй ускраіне выяўленыя стаянка позняга мезаліту (6 – 5 тысячагоддзі да н.э.), старажытныя гарадзішчы – Пелагееўскае ва ўрочышчы Змяёўка (VI ст. да н.э. – XIII ст. н.э.) і Магіла (V ст. н.э.). Меў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоку Дубровенкі і Дняпра.

У дакументах упамінаецца з 1320 г. як горад, залежны ад віцебскіх князёў. З XIV ст. невялікае паселішча ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У XV ст. планіровачная структура горада развівалася па прынцыпах старажытнарускага будаўніцтва і складалася з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінца), Нагорскага рамесна-гандлёвага пасада (пазнейшы Стары горад, абмежаваны з захаду Дняпром, з усходу Дубровенкай, з поўначы замкавым ровам) і гандлёвай плошчай паміж імі. Каля 1526 г. на месцы старога замка пабудаваны Магілёўскі замак. У 1577 г. кароль Стэфан Баторый надаў поўнае магдэбургскае права. У 1588 г. Магілёў упамінаецца ў архіўных крыніцах як мястэчка. У 1589 – 1772 гг. цэнтр Магілёўскай эканоміі. У сувязі з просьбаю магістрата Магілёва кароль у 1633 г. параўнаваў горад у правах і прывілеях з сталіцай ВКЛ, гэта стала прызнаннем таго, што паводле гаспадарчага і гандлёвага значэння ён выходзіў на другое месца пасля Вільні.

З XVI ст. да сярэдзіны XVII ст. вакол пасада фармаваліся прадмесці Новага горада – Шклоўскае (з поўначы), Віленскае (на паўночным захадзе), Задубровенскае (на захадзе), Пакроўскае (з усходу), Лупалава (з поўдня за Дняпром). У 1604 г. у Магілёве больш за 15 000 жыхароў, 2 211 дамоў. У XVII – XVIII стст. вядомы як рамесна-гандлёвы цэнтр, меў гандлёвыя сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. Усё гэта садзейнічала хуткаму росту горада. У гэты час склалася Магілёўская школа дойлідства. Планіроўку горада 2-й паловы XVII ст. вызначылі тры паясы ўмацаванняў: роў, драўляныя вежы і сцены замка. У XVII ст. у асноўным сфармавалася планіровачная структура Магілёва, якая ў далейшым пашыралася і ўпарадкоўвалася. Цэнтрам кампазіцыі была Гандлёвая плошча (дзе размяшчалася ратуша), ад якой у радыяльных напрамках ішлі 2 галоўныя вуліцы-дарогі – Шклоўская (сучасная Першамайская) і Ветраная (сучасная Ленінская). Яны разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню, Быхаў, Мсціслаў фармавалі радыяльную сістэму планіроўкі.

Сярод помнікаў XVII ст. вядомыя Успенская царква (не збераглася), Богаяўленскі брацкі манастыр (у 1616 – 1773 гг. пры ім існавала брацкая друкарня) з Богаяўленскім саборам (не зберагліся), касцёл і калегіум езуітаў, фарны касцёл. У Паўночную вайну ў 1708 г. горад спалены і разрабаваны. Да сярэдзіны XVIII ст. адноўлены.

З 1755 г. епіскапам у Спаскім манастыры быў Георгій Каніскі, беларускі і ўкраінскі пісьменнік, царкоўна-палітычны і культурны дзеяч. Захаваліся мураваны 2-павярховы палац Каніскага і Мікалаеўская царква (помнікі беларускага барока).

З 1772 г. у складзе Расіі, цэнтр Магілёўскай губерні, з 1778 г. — намесніцтва, з 1796 г. — павета Беларускай губерні, з 1802 г. цэнтр губерні. У канцы XVIII — 1-й палове XIX стст. у горадзе працягвала складвацца радыяльна-веерная сістэма вуліцаў з 2 галоўнымі плошчамі і асноўнымі магістралямі — Дняпроўскім праспектам (колішняя Шклоўская) і Вялікая Садовая (колішняя Ветраная), якія сыходзіліся на Губернатарскай плошчы (былая Гандлёвая, сучасная Савецкая). На працягу XVIII ст. пабудаваныя на тэрыторыі Спаскага манастыра Спаская царква, архірэйскі палац, будынак семінарыі, а таксама касцёл кармелітаў і архіепіскапскі палац, будынак духоўнай кансісторыі, касцёл і кляштар бернардзінцаў, Пакроўская царква (не збераглася). У XIX ст. узведзены Барыса-Глебскія цэрквы. На ўскраіне горада на правым беразе Дняпра створана Магілёўская сядзіба «Піпен-берг». У 1-й палове XIX ст. былі знесеныя земляны валы. У Айчынную вайну 1812 г. акупаваны французскімі войскамі і разрабаваны.

З 2-й паловы XIX ст. хутка развівалася прамысловасць. Значны ўплыў на планіровачную структуру горада канца XIX — пачатку XX ст. зрабіла будаўніцтва (1902) чыгункі з пасажырскай і таварнай станцыямі. На скрыжаванні Дняпроўскага праспекта і вуліцы Дваранскай сфармавалася Тэатральная плошча з будынкам тэатра (цяпер Магілёўскі абласны драматычны тэатр), куды зрэдку прыязджалі тэатральныя трупы з іншых гарадоў. У гэты час пастаўленыя будынкі Аляксандраўскага рэальнага вучылішча, жаночага епархіяльнага вучылішча, дзяржаўнага і пазямельна-сялянскага банкаў, крэдытнага таварыства, гарадской управы і інш. У 1878 г. у цэнтральныя кварталы горада праведзены водаправод. Насельніцтва ў 1910 г. дасягнула 52 500 чалавек, у 1913-м г. — 67 707.

У самым пачатку Першай сусветнай вайны Беларусь была аб'яўленая на ваенным становішчы. У Магілёве з жніўня 1915 г. знаходзілася стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага (пасля імператара Мікалая II яе ўзначальвалі генерал Духонін і М.В.Крыленка, потым — Ваенна-рэвалюцыйны камітэт). З сярэдзіны лістапада 1917 г. усталявана ўлада Саветаў. У пачатку 1918 г. магіляўчане ўдзельнічалі ў ліквідацыі выступлення корпуса польскіх легіянераў пад камандаваннем Доўбар-Мусніцкага і спынілі яго на подступах да горада.

З 1924 г. горад стаў цэнтрам раёна, у 1924 — 1930 гг. — акругі, з 15 студзеня 1938 г. цэнтр вобласці. У 1938 — 1939 гг. распрацоўваўся праект пераносу сталіцы Беларускай ССР у Магілёў, бо Мінск знаходзіўся за 30 км ад заходняй мяжы БССР. Была прынятая пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы Беларускай ССР», пабудаваны Дом ураду (пазней — Дом Саветаў). Аднак пасля ўз'яднання беларускіх земляў у верасні 1939 г. такая неабходнасць адпала.

Сучаснае архітэктурнае аблічча горада склалася пры савецкай уладзе. З 1938 г. Магілёў — горад абласнога падпарадкавання. На перакрыжаванні асноўных дыяметраў — вуліцы Першамайскай і праспекта Міру створаны (1938 — 1940 гг.) новы грамадскі цэнтр горада — плошча Леніна з магілёўскім Домам Саветаў. У Вялікую Айчынную вайну з 26 ліпеня 1941 г. да 28 чэрвеня 1944 г. акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, разбураны.

Цяпер Магілёў — буйны прамысловы і культурны цэнтр. У 2006 г. працавалі 64 прамысловыя прадпрыемствы, 20 прадпрыемстваў транспарту, 6 установаў сувязі, іншыя ўстановы і арганізацыі. У 2007 г. працавалі 40 агульнаадукацыйных школаў, 4 ліцэі, 5 гімназіяў, 6 музычных, 23 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, бібліятэчны тэхнікум, музычная вучэльня, вучэльня культуры, 15 установаў культуры, 164 калектывы мастацкай самадзейнасці, а таксама 5 ВНУ: універсітэт імя А.Куляшова, універсітэт харчавання, філіялы Беларускага інстытута правазнаўства і Беларускай акадэміі музыкі, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. У горадзе 19 бібліятэк, музеі: абласны краязнаўчы, абласны мастацкі імя П.В.Масленікава, мастацкі імя П.В.Масленікава, этнаграфіі, мастацкі В.К.Бялыніцкага Бірулі, гісторыі Магілёва і яго філіял на Буйніцкім полі. Адноўлена і музеефікавана ратуша, узарваная пры саветах. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек, аматарскія драматычныя калектывы. Штогод у горадзе праводзіцца больш за 3000 культурных мерапрыемстваў (фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», анімацыйнага кіно «Анімаёўка», музычны «Золотой шлягер» ды інш.).

У 2002 г. у горадзе налічвалася 362 600 жыхароў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.