ЗАЛОМ – пук зблытаных, заламаных ці завязаных вузлом жытніх сцяблоў на ніве, травы на сенажаці, які прымхлівыя людзі лічылі закляццем «ліхадзея» — знахара, чараўніка, злога чалавека. Лакальныя назвы завітка, закрутка. Залом нібыта рабіў «ліхадзей» голым, абыходзіў яго тры разы, клаўся на зямлю і качаўся кулём, раскопваў рукамі ямку і засыпаў у ёй вугаль, соль і інш.
Лічылася, што калі залом сажнуць ці яго з’есць карова, гэта накліча бяду на гаспадара, яго сям’ю або жывёлу. Залом асцярожна абжыналі і прасілі знахара ці папа за пэўную плату адкруціць («адрабіць») яго.
Існавала некалькі магічных спосабаў і замоў супраць залома. Напрыклад, знахары голымі падпаўзалі да залома, шапталі спецыяльныя замовы, вырывалі і клалі яго пад гнілую калоду або паміж дрэў, тапілі ў рацэ і г.д., а часцей за ўсё вырывалі з карэннем і спальвалі. Пасля гэтага няшчасце быццам бы «пераходзіла» на «ліхадзея», які таксама мог звярнуцца за дапамогай да чараўніка.
Адзін са спосабаў абясшкоджання залома апісаны ў апавяданні «Заламка» ў кнізе
Aляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (Спб., 1911).