 Літаратурная кніга Анатоля Трафімчыка "Вобраз Тадэвуша Касцюшкі ў беларускім мастацкім слове". Работа рэпрэзентуе ўпершыню праведзенае на матэрыяле беларускай літаратуры даследаванне мастацкага вобраза ачольніка паўстання 1794 г., героя барацьбы за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы Т. Касцюшкі. Калі ў ранейшых публікацыях аўтара (брашура, артыкулы ў перыёдыках, даклады на канферэнцыях) тэма раскрывалася толькі фрагментарна, дык у дадзенай увагай ахопліваецца, бадай, увесь корпус беларускіх літаратурна-мастацкіх тэкстаў, прысвечаных Касцюшку. Не ставячы на мэце даць агульную ацэнку эстэтычных вартасцей твораў, у сваёй аналітыцы абазначанай тэмы, акрамя літаратуразнаўчых аспектаў, даследчык кіраваўся прынцыпамі гістарызму і мастацкай праўды, што дазволіла падыйсці з аднаго боку шырэй, а з іншага – больш канкрэтна да прадмета даследавання. Аўтар прытрымліваўся ў асноўным храналагічнага парадку пры разглядзе твораў, гісторыя якіх пачынаецца яшчэ пры жыцці Т. Касцюшкі, а заканчваецца… ды, здаецца, пакуль не заканчваецца. Работа, якая мае характар эсэ, разлічаная перадусім на філолагаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, можа быць цікаваю шырокаму колу чытачоў як на Беларусі, так і за яе межамі.
|