Чацвер, 25.04.2024, 01:39

Галоўная » 2011 » Верасень » 5 » Ганцавічы адсвяткавалі Дзень беларускага пісьменства
22:54
Ганцавічы адсвяткавалі Дзень беларускага пісьменства
Дзень беларускага пісьменства3-4 верасня ў горадзе Ганцавічы прайшлі мерапрыемствы па святкаванню Дня беларускага пісьменства.

Ганцавічы сапраўды заслужылі, каб назвацца сталіцай свята Дня беларускага пісьменства. Бадай, яшчэ трэба пашукаць зямлю на Берасцейшчыне, якая б падаравала свету столькі паэтаў ды пісьменнікаў, як Ганцаўшчына. Сапраўды, мясціны тут запаветна-самабытныя, паэтычна-песенныя, шчодрыя на таленавітых, дасціпных, гасцінных людзей. Чаго варты толькі наступныя прозвішчы творцаў мастацкага слова, што жылі і тварылі ў гэтым блаславёным краі, – Аляксандра Сержпутоўскага, Міхася Рудкоўскага, Васіля Праскурава, Івана Кірэйчыка, Івана Лагвіновіча, праслаўляюць сваю маленькую радзіму Алесь Каско, Віктар Гардзей, Алесь Кажадуб, Уладзімір Марук, Аляксей Галаскок.

Урачыстае адкрыццё свята адбылося ў нядзелю 4 верасня апоўдні. Па традыцыі пачатак святкаванню паклала рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў” з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй, якая прайшла па гарадах і вёсках Берасцейшчыны. Напярэдадні ў суботу ў зале пасяджэнняў райвыканкама ладзілася навукова-практычная канферэнцыя "Ганцавіцкія чытанні" з удзелам пісьменнікаў, крытыкаў, журналістаў. Вечарам адбыўся канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай.

Раніцай у нядзелю ў Свята-Ціханаўскай царкве, куды і быў дастаўлены Жыватворны Агонь ад Труны Гасподняй, адбылася святочная літургія.

І вось нарэшце надыходзіць урачысты і хвалюючы момант свята – адкрыццё Дня беларускага пісьменства. На галоўную сцэну запрашаюцца кіраўнік арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы святкавання Дня беларускага пicьменства намеснік Прэм’ер-Міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, кіраўнік Ганцавіцкага раёна Уладзімір Столяр, а таксама архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Ад імя аргкамітэту Анатоль Тозік выказаў словы падзякі ўсім тым, хто рупліва працаваў, каб Ганцавічы годна сустрэлі свята роднага слова. Сёння на высокім узроўні шмат робіцца для захавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі. Анатоль Афанасьевіч прывёў наступныя факты: "Толькі за бягучы год у краіне выпушчана каля 5 тысяч кніг, агульны наклад якіх складае 16 мільёнаў. На тэрыторыі краіны выходзяць у свет 1400 перыядычных выданняў”. Затым Анатоль Тозік зачытаў пасланне ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей, якое адрасаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка: "З году ў год гэтае свята робіцца знакавай падзеяй культурнага жыцця краіны, сведчыць пра багацце гістарычнай спадчыны і духоўных традыцый нашага народа, - гаворыцца ў пісьме. – Многія стагоддзі кніжная творчасць замацоўвае вечныя ідэалы дабра і справядлівасці, з’яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці і ведаў. Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём і творчасцю выдатнага песняра Якуба Коласа. Святкаванне Дня пісьменства ў гэтых памятных мясцінах яшчэ раз звяртае нас да каштоўнасцей, якія занатаваны ў яго кнігах. І галоўныя з іх – павага да простага чалавека, маральная чысціня, высакароднасць і самаадданая любоў да роднай зямлі. Менавіта на такім падмурку і будуецца ідэалогія сучаснай Беларусі. Таму наша дзяржава будзе заўсёды спрыяць развіццю нацыянальнай культуры і падтрымліваць творцаў, якія з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы”.


- З асаблівым пачуццём на Берасцейшчыне ўспрынялі вестку аб правядзенні ў Ганцавічах аднаго з самых значных нацыянальных свят – Дня беларускага пісьменства, – зазначае ў сваім выступленні кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар. – Гэта вялікі гонар і адначасова - прызнанне таго, наколькі невычэрпная наша зямля на людзей таленавітых і творчых.

Цёплымі словамі вітаў гасцей свята гаспадар Ганцавіцкага раёна Уладзімір Столяр:

- Блаславёная ганцавіцкая зямля – цудоўны, маляўнічы куточак беларускага Палесся. Невыпадкова гэты адвечны край аблюбавалі жураўлі і белыя буслы – сімвалы Ганцаўшчыны. Паўсюль, куды ні паглядзі, тут жывуць добрыя, чулыя, спагадлівыя, таленавітыя людзі, якія сваёй працай і творчасцю ўславілі і працягваюць услаўляць родны кут.

Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан таксама павіншаваў ганцаўшчан і гасцей са святам духоўнасці і роднага слова, перадаўшы наказ Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. 

Затым на сцэне распачалася тэатралізавана-харэаграфічная дзея, падчас якой радавалі гледачоў песняй ды танцамі калектывы мастацкай самадзейнасці Брэсцкай вобласці. Варта адзначыць, што ў час святкавання ў Ганцавічах працавалі некалькі сцэнічных пляцовак, адкуль гучалі песні ды даносіўся дасціпны палескі жарт. Не абышлося на свяце і без сюрпрызаў, адзiн з якіх – адкрыццё Алеі пісьменства, што размясцілася па вуліцы Кастрычніцкай. Безумоўна, самабытная Алея пісьменства вельмі аздобіла горад, прыдаўшы яму шарм, і назаўсёды пакінула ў Ганцавічах адчуванне свята. Галоўная скульптурная экспазіцыя Алеі – гэта помнік нашаму песняру Якубу Коласу. Некалькі хвілін, і матэрыя, што закрывала бюст пісьменніка, спаўзае долу. Помнік адкрываюць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр. Помнік незвычайны, аналагаў якому ў нашай краіне няма, бо перад вачыма прадстае малады Канстанцін Міцкевіч, у тым узросце, калі ён прыехаў на ганцавіцкую зямлю, у Люсіна, настаўнічаць.


Праз некалькі метраў усталёваны два звіткі, на якіх занатаваны прозвішчы пісьменнікаў, што нарадзіліся на Ганцаўшчыне. Безумоўна, Алея стане адным з любімых месцаў адпачынку ганцаўшчан, таксама як і гарадскі сквер. З самай раніцы і да позняга вечара тут было шматлюдна. Літаратурная пляцоўка "Берасцейскія галасы", што размясцілася ў ратондзе, запрашала на сустрэчу з пісьменнікамі і журналістамі. Зрэшты, у свяце беларускай духоўнасці бралі ўдзел не толькі беларускія пісьменнікі, але і іх калегі з Украіны, Расіі, Літвы, Чарнагорыі, Казахстана і Таджыкістана. Свае творы аматарам роднага слова чыталі паэты і пісьменнікі Берасцейшчыны, выступалі прадстаўнікі шматлікіх клубаў аўтарскай песні.

Узорны лялечны тэатр "Усмешка" Ганцавіцкай РЦБС прадставіў спектакль "Чыстага ўсё нячыстае баіцца" паводле казак Алеся Каско, дзіцячых вершаў Віктара Гардзея, Уладзіміра Марука, Аляксея Галаскока. Працавала літаратурная дзіцячая пляцоўка "Усе мы родам з дзяцінства", дзе можна было сустрэцца і задаць пытанні дзіцячым пісьменнікам, супрацоўнікам рэдакцыйных дзіцячых перыядычных выданняў, выдаўцам, тут жа былі прадстаўлены дзіцячыя друкаваныя СМІ. 

Адзін з самых яркіх і хвалюючых момантаў свята – цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага і песеннага жанраў. Дыпломамі таксама адзначаны берасцейскія творцы – Зінаіда Дудзюк, Валерый Гапееў, Галіна Бабарыка.

Уражваў падчас святкавання сваім багаццем разнастайных вырабаў ды падзелак "Горад майстроў". Тут і ткалі, вышывалі, плялі з саломы далікатныя жаночыя ўпрыгожванні і нават ляпілі гліняныя гаршкі. Майстар-клас даў знакаміты ганчар з вёскі Гарадная, што на Століншчыне, Васіль Казачок.

Яшчэ адна з асаблівасцяў свята – кірмаш сельскіх падворкаў. Кожны сельвыканкам Ганцавіцкага раёна, з густам, па-мастацку аформлена, прадстаўляў свае населеныя пункты. Напрыклад, ветліва гасцей сустракала прыгажуня паненка Ядвіся, у якую пераўвасобілася бібліятэкар з вёскі Люсіна Алена Сяргейчык. Тут жа можна было за пэўную аплату пад музыку і жарты з ветрам у валасах пакатацца на сялянскім возе, якога замест каня цягаў вясёлы вясковы хлапец. Свята пела і віравала.

Вялікую цікавасць мелі выставы сучаснай беларускай кнігі, прэсы Беларусі і СМІ Брэстчыны, прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, перасовачная выстава "Геній зямлі беларускай", прысвечаная Максіму Багдановічу, экспазіцыя старадрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Раённы краязнаўчы музей запрашаў пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай Ганцавіцкага раёна і выстаўкай кніг Якуба Коласа, якія прадставіў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Безумоўна, якое свята без прысмакаў. Гандлёвыя шатры, што раскінуліся ўздоўж вуліц Кастрычніцкай і Гагарына, шчодра прадавалі сваю прадукцыю, гасцінна запрашаючы пакупнікоў. На жаль, і ў кожнага свята ёсць свой фінал.

Эстафету літаратурнага фэсту ад Ганцавіч пераняў горад Глыбокае, што на Віцебшчыне, дзе восенню наступнага года адбудзецца Дзень беларускага пісьменства. Завяршылася свята рознакаляровым казачным феерверкам, што расквеціў паэтычны гарадок над ціхаю рачулкай Цной.


Падрыхтавана па матэрыялах газеты "Заря"

Фотагалерэя мерапрыемстваў свята.


Відэаматэрыялы ад Ганцавіцкага інфармацыйна-забаўляльнага парталу





Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 4629 | Дабавіў: admin | Тэгі: Ганцавічы, Дзень беларускага пісьменства
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Верасень 2011  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.