Пятніца, 26.04.2024, 07:58

Галоўная » 2021 » Снежань » 10 » Кругабег. Светлай памяці Алеся Каско
06:47
Кругабег. Светлай памяці Алеся Каско
Сёння ў пятніцу 10 снежня 2021 года вядомаму беларускаму пісьменніку Алесю Каско споўнілася б 70 гадоў. На жаль, цяжкая хвароба заўчасна абарвала яго жыццё...

Алесь Каско

Алесь Канстанцінавіч нарадзіўся ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна 10 снежня 1951 года. Скончыў філфак Брэсцкага педагагічнага інстытута імя Аляксандра Пушкіна, працаваў настаўнікам у роднай вёсцы, карэспандэнтам Жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда», рэдактарам на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання, старшынёй абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі «Вестка» (1979), «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989), «Час прысутнасці» (1994), «45» (1996)», «Трохкроп’е» (2001), «Нічога больш» (2011), «Прыадкінуты небасхіл» (2012), «Межавыя знакі» (2014), «Кругабег» (пасмяротная) (2018), кніг для дзяцей «Два сонцы» (2004), «Чыстага ўсё нячыстае баіцца» (2007). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Жыў у Жабінцы. Памёр 25 кастрычніка 2017 года...

Ён жыў самааддана і самаахвярна. Непрыручаны і ахвярны — быў пажаданы і невыносны. Рыцар паэзіі. Яму б нарадзіцца ў іншы час, у пару рыцарскіх турніраў і паходаў, калі такія паняцці, як гонар, сумленне, любоў і нянавісць ляжалі ў аснове ўсяго жыццёвага ладу непахісных абаронцаў сям’і і Айчыны.

Чытанне яго вершаў — асаблівая асалода размовы з палеткамі і лясамі, сінім небам і рэчкай, размова з часам і прасторай, дзе «Дол спапялёны. I ў чэзлай траве. / Неба пустое — без жаўрукоў, / жыта сухое — без васількоў...». Абазначыўшы яшчэ на зары паэтычнай творчасці сваім жыццёвым крэдам служэнне Радзіме і прыгажосці, паэт не здрадзіў яму ні паэтычным радком, ні кампрамісным учынкам.

Яго не стала. I ў кватэры зрабілася няўтульна, асірацелі сцены, якія спрабавалі адгарадзіць яго ад свету, асірацела Беларусь без яго напорыстасці, невыноснасці, без яго самога — абпаленага, незахінутага, з аголеным нервам.

Дзень развітання з паэтам... Ясна памятаю. Я сядзеў каля труны. Твар Алеся быў нязвыкла спакойны, прыміраны, ціхі і строгі. Жалобны момант, здавалася, узвялічваў асобу творцы, падымаў яе над светам мітусні і жыццёвых звяг. Людзей было шмат. Усе стаялі моўчкі. Ніхто не плакаў, хіба снежаньскі сівер за акном, бо памёр яго брат. Памёр не ад анкалагічнай хваробы, як пазначана ў даведцы аб смерці, а, на думку родных, сяброў, проста знаёмых — ад таго, што вельмі блізка да сэрца прымаў клопаты іншых людзей, балюча рэагаваў на ўсе заганы і несправядлівасці гэтага свету.

Творцам сам выток і вынік,
каб душу — ці быць, ці не! —
з фарбамі змяшаць і выняць
ды распяць на палатне.

Мудрасць і досвед, вынесеныя з пражытага ім часу, паэт пазначыў у сваіх вершах філасофіяй светаіснавання:

Гэта пэўна, гэта існа:
свет не згіне, век міне;
гэтым далям, гэтым высям
існаваць пасля мяне.

Алесь Каско пад час Дня беларускага пісьменства ў горадзе Ганцавічы

У Алеся Каско было многа сяброў і проста знаёмых. Але, на маю думку, у душы паэт заставаўся адзінокім. Паглыбленым у самога сябе. Ён існаваў у іншасвеце. Худы і тонкі, з нязменнай цыгарэтай у руках. Курыў часта і падоўгу, увесь час аб нечым думаючы. Што яго непакоіла? Пра што згадваў? Па чым смуткаваў?..

Ён быў шчыры і, галоўнае, прынцыповы. А хвароба давала пра сябе знаць усё больш і больш. Дарэшты схуднелы. Невылечна хворы. Адзінокі. Але недасяжна велічны ў духоўным парыве.

Залатазвонам гучыць яго голас у апошнім прыжыццёвым зборніку:

Як бы доўга ні жыць — не дажыць да канца...
Зноў і зноў паўстае перад намі
грыўка спелых жытоў — недажын,
што асыплецца ветрам, прыб'ецца дажджамі.

От бы ўсё — ад зярнят да расы —
зберагчы і напоўніцу ўсім наталіцца!
Дакахаць, дапісаць... Папрасіць
даравання ва ўсіх, з паміраннем змірыцца.

Паэтычны талент Алеся Каско — відавочны. Радкі яго вершаў шчырыя і натуральныя. Гэта самабытнае стылістычнае ткацтва, у якім увасоблена глыбокая філасофія нашага сённяшняга зямнога жыцця — вобразная, маляўнічая, яркая праўда роднага краю, дзе кожнае слова прапушчана праз уласнае сэрца, народжана душэўным і фізічным болем.

Алесь Каско

Паэзія Алеся Каско самай высокай пробы, іскрыста-імгненная, нібы сполахі маланкі, што выхопліваюць са змроку невясёлыя малюнкі нашай зямной долі. Вершы Алеся Каско своеасаблівыя, разняволеныя, паяднаныя з праўдай жыцця. Творчую індывідуальнасць паэта ахарактарызаваць складана. Постаць ягонага лірычнага героя надзвычай супярэчлівая: ён нязмушана-далікатны, чуйны, датклівы. А то і выключна жорсткі. Шчыры, як дзіця, і легкадумна-хітраваты. Ён шматаблічны і непрадказальны.

Яшчэ над першым словам біцца:
і потым грунт яго крапіць,
і корань вынатужваць, быццам
пад ім прамаці ўсіх крыніц —
радкоў глыбокіх, свежых, важкіх,
што ад чакання знемаглі,
каб выплыніць табе на аркуш
і золата, і соль зямлі...

Паэзія Алеся Каско — рэч далікатная, дзе не ўсё можна пакратаць, агледзець з усіх бакоў. Яна як завеса марыва над затокаю, такога густога, што, колькі не ўзірайся, так і не ўбачыш услаўленага безліччу пёраў зваблівага аквамарыну.

Першы прыцемак, трымценне
чашы скрушнае, а ў ёй
ледзь улоўны плыўкі цень мой
ды мінулае маё.

Ды — з завеі. 3 кругабегу
заблукалыя ў акно —
камячкі сівога снегу
апускаюцца на дно.

Набрыняе. Перабродзіць
разам з імі мой настрой.
I змяркальны дзень народзін
памяну журбой густой.

Ледзь прыгублю — вее дымам,
над якім нябёсаў сінь
абяцала хоць на момант
хоць на хвілю ўваскрасіць.

Зараз кволіцца ў спагадзе
і знікае, не ўтрымаць,
просінню апошняй радзіць
мне і памяць знебываць.

З новага адліку часу
рэдка будзе сінь відна,
снег запоўніць гэту чашу
выпітую мной да дна.

Шчыміць сэрца. Цяжка ад таго, што больш не адчуем поціск яго рукі, не пачуем разумную параду, не зможам падзяліцца сваімі радасцямі і сумненнямі. Вечная светлая памяць!

Васіль ДЭБІШ — «Літаратурная Беларусь»
Катэгорыя: Грамадства | Праглядаў: 528 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: Алесь Каско, Літаратурная Ганцаўшчына, Літаратурная Беларусь, Ганцавіцкі раён, Васіль Дэбіш, Чудзін
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Снежань 2021  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.