Вялікую калекцыю бутэлек з-пад спіртных напояў выставілі ў вёсцы Лактышы Ганцавіцкага раёна, каб прапагандаваць здаровы лад жыцця, а не (барані Божа!) атрутнае зелле. Невялікі пакой колішняй школы неафіцыйна называюць музеем "антыбахуса".
Вясковы культработнік Іосіф Ленкавец (на фотаздымку) не ведае дакладна, колькі гэтага посуду месціцца на падлозе і палічках, але дакладна ведае лічбы сумнай статыстыкі свайго раёна — няшчасных выпадкаў з-за алкагольнага дурману. Наведвальнікам музея (дарослым і дзецям) ён імкнецца давесці, што за прыгожымі этыкеткамі і рамантычнымі назвамі хаваецца сапраўдны вораг. І найперш вораг для тых, хто не мае культуры піцця. Антыбахусаўская калекцыя цікавая яшчэ і тым, што "прапагандуе" вялікую колькасць тэм — гістарычных, прыродазнаўчых, культурных. Па назвах на этыкетках можна вывучаць вядомых і легендарных асоб гісторыі, геаграфічныя назвы, жывёльны свет. І нават жаночыя імёны...
— Вывучаць можна, але толькі не на смак! — папярэджвае лактышоўскі музейшчык.
|