Дзень за днём, месяц за месяцам — і, нібы вёрсты, імчаць гады. На парозе ўжо 2009-ы, у якім Беларусь урачыста адзначыць 65-ю гадавіну з дня вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў. Нялёгкім быў шлях нашага народа да Перамогі. Ён пазначаны журботнымі абеліскамі загінуўшым землякам, слядамі-шрамамі на целе тых, хто выжыў...
Час няўмоўльны. На жаль, радзее строй ветэранаў Вялікай Айчыннай. Але жыве памяць — трывожная, чуйная, святая. I застаецца гісторыя. Яна — ва ўспамінах жывых сведкаў мінулай вайны. Сёння мы адкрываем новую рубрыку — да дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы будзем друкаваць успаміны ветэранаў, тых, хто быў сведкам вайны, расказваць пра баявы і слаўны шлях да Перамогі, каб засталася нашчадкам памяць пра мінулае, бо, па словах мудрых, "той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на тое, каб перажыць яго зноў".