АКНО — канструкцыйна-мастацкі элемент будынка, што служыць для асвятлення, інсаляцыі і натуральнай вентыляцыі памяшканняў. Першапачаткова функцыі акна выконвалі невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі засаўкай (валакавое акно), пазней — шклом. У наш час такога тыпу вокны захаваліся ў
клецях, хлявах, сенцах. Больш дасканалыя вокны маюць 2 канструкцыйныя вырашэнні: раму навешваюць на вушакі або на каробку (дылю), што ўстаўляецца ў аконны праём.
Акно. Горад ГомельАкно хаты. Вёска Шылавічы Чачэрскага раёна У канструкцыю акна ўваходзяць рамы, падаконнік, ліштвы і
аканіцы. Рама звычайна мае 3 — 4 — 6 шыб (у 16 — 17 ст. у сядзібах — да 30 і болей). Да 19 ст. замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно; зімою вокны прыкрывалі знадворку саламянымі матамі, каб лепш захоўваць цяпло ў хаце. Колькасць акон залежала ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі 2 акна ў падоўжнай сцяне, што выходзіла на двор, і адно — у тарцовай — на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне акон спрыяла стварэнню ў хаце «краснага кута». Чацвёртае акно (у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам) рабілі толькі ў асобных мясцовасцях (Драгічынскі, Іванаўскі, Асіповіцкі і інш. раёны).
Акенцы ў клецях і сенях У 2-й палове 19 ст., калі пачала мяняцца планіроўка жылля (падзел хаты на залу і спальню), у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па 2 акны. Месца акна на фасадах, іх форма адыгрываюць вялікую ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падаконныя ліштвы — традыцыйныя элементы аздобы хаты. Сучасныя вокны маюць шыбы значных памераў, робяцца з надвойнымі рамамі, з форткамі; рамы не прыбіваюць да каробкі, а падвешваюць на металічных завесах, такое акно адчыняецца. У вясковых хатах на зіму ўстаўляюць дубальты.