Пятніца, 26.04.2024, 16:30

БРЭСЦКАЯ КРЭПАСЦЬ-ГЕРОЙ

Галоўная »
БРЭСЦКАЯ КРЭПАСЦЬ-ГЕРОЙ — мемарыяльны комплекс у Брэсце пабудаваны ў 1969-71 гг. на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці-героя для ўшанавання подзвігу ўдзельнікаў яе абароны ў чэрвені — ліпені 1941 г. у Вялікую Айчынную вайну. Аўтарскі калектыў: скульптары А.Кібальнікаў (мастацкі кіраўнік), А.Бембель, У.Бабыль, архітэктары У.Кароль, В.Волчак, В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч, мастак-архітэктар Г.Сысоеў. У распрацоўцы праекта мемарыяла ўдзельнічалі інжынеры-канструктары М.Гордзін (галоўны канструктар праекта), М.Мэтс, галоўны інжынер-светатэхнік Л.Рашаль і інш. 22.07.1971 г. Савет Міністраў БССР перадаў мемарыяльны комплекс Міністэрству культуры БССР, якое загадам ад 27.07.1971 г. арганізацыйна аб'яднала яго з Музеем абароны Брэсцкай крэпасці-героя (дзейнічаў з 1956 г.). Была створана адзіная ўстанова культуры «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», куды музей увайшоў у якасці асноўнага структурнага падраздзялення. Комплекс афіцыйна адкрыты 25.09.1971 г. На ўрачыстым мітынгу выступілі 1-ы сакратар ЦК КПБ П.М.Машэраў, рускі пісьменнік С.Смірноў, адзін з удзельнікаў гераічнай абароны Герой Савецкага Саюза М.І.Мяснікоў і інш. Сярод прысутных на мітынгу было больш за 600 ветэранаў — удзельнікаў абарончых баёў 1941 г. за крэпасць і г.Брэст. Мемарыяльным комплексам кіравалі В.Р.Кудзелін, П.Н.Панасюк. З 1996 г. дырэктар В.У.Губарэнка.

Брэсцкая крэпасць-герой
Агульны выгляд Цытадэлі

Аснову архітэктурна-мастацкага ансамбля мемарыяла складаюць руіны старой крэпасці, адзначаныя мемарыяльнымі знакамі месцы баёў, манументальныя скульптурныя кампазіцыі. Своеасаблівай уверцюрай да скульптурнай «паэмы аб гераізме» з'яўляецца Галоўны ўваход, які праразае былы абарончы вал Кобрынскага ўмацавання. У жалезабетонным блоку замест традыцыйнай аркі нібы высечана чырвонаармейская пяціканцовая зорка — сімвал воінскага гонару і доблесці савецкіх воінаў. Пад скляпеннямі Галоўнага ўваходу раздаецца стук метранома, які адмервае апошнія мірныя імгненні, затым даносіцца нарастаючы гул варожых бамбардзіроўшчыкаў, якія набліжаюцца, аглушальны вой і выбухі бомб і снарадаў, гучыць песня А.Аляксандрава «Свяшчэнная вайна», дыктар савецкага радыё Ю.Левітан чытае тэкст урадавага паведамлення аб вераломным нападзе войск нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Цэнтральная алея вядзе цераз мост да галоўнай часткі крэпасці — Цытадэлі, дзе ў чэрвені — ліпені 1941 г. адбыліся асабліва жорсткія баі. Злева ад моста, на беразе р.Мухавец, устаноўлена скульптурная кампазіцыя «Смага»: абаронец крэпасці з каскай у руцэ паўзе за вадой да ракі, берагі якой бязлітасна прастрэльваліся гітлераўцамі. Скульптура ўвасабляе прагу да жыцця, барацьбы, перамогі. Ад руін Белага палаца пачынаецца плошча Цырыманіялаў. Далёка бачны стометровы аздоблены пласцінамі з тытанавага сплаву Штык-абеліск — сімвал воінскай доблесці. Над руінамі былога Інжынернага ўпраўлення ўздымаецца Галоўны манумент вышынёй 31,5 м і шырынёй 50 м, выкананы з жалезабетону. У суровым поглядзе воіна смутак па загінуўшых таварышах, вялізная сіла волі, мужнасць, непахісная рашучасць змагацца да канца. На тыльным баку манумента знаходзяцца барэльефы, якія адлюстроўваюць найбольш яркія эпізоды абароны крэпасці. У цэнтры архітэктурнага ансамбля 3 ярусы гранітных пліт калумбарыя. Пад імі — прах 962 абаронцаў крэпасці і членаў іх сямей, якія загінулі ў чэрвені — ліпені 1941 г. На плітах 272 прозвішчы. Астатнія пазначаны як невядомыя. Перад руінамі Інжынернага ўпраўлення, у паглыбленні, абліцаваным чорным лабрадарытам, гарыць Вечны агонь, які запаліў у дзень адкрыцця мемарыяла Герой Савецкага Саюза П.М.Машэраў. Стрыманая і велічная мелодыя Р.Шумана «Мроі» надае асобую сілу надпісу «Стаялі насмерць. Слава героям». 09.05.1985 г. каля Вечнага агню была закладзена мемарыяльная пляцоўка гарадоў-герояў. Вялікае ўздзеянне на наведвальнікаў аказвае не толькі музычна-гукавое суправаджэнне, але і вячэрняя мастацка-дэкаратыўная падсветка мемарыяла. На тэрыторыі Цытадэлі размешчана Свята-Мікалаеўская царква, дзе напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся чырвонаармейскі клуб. У час абароны крэпасці будынак стаў месцам асабліва жорсткіх баёў і некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. У 1994 г. храм вернуты праваслаўнай царкве. Штогод 22 чэрвеня тут служаць літургію ў памяць аб загінуўшых абаронцах крэпасці.

Брэсцкая крэпасць-герой
Музей абароны Брэсцкай крэпасці

Паводле рашэнняў Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў-членаў СНД ад 12.04.1996 г. і 12.03.1997 г. на сродкі, вылучаныя бюджэтамі краін-членаў СНД, з 1997 г. адбываецца планамерны капітальны рамонт і рэстаўрацыя аб'ектаў мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой».

З 1999 г. у склад комплекса ў якасці філіяла ўваходзіць пабудаванае ў 1878 — 1911 г. за 4 км ад крэпасці (каля в.Аркадыя Брэсцкага раёна) умацаванне Пяты форт. З мая 2000 г. ён адкрыты для наведвання. Тут у былой казарме размешчана выстаўка «Заходні фарпост Айчыны», якая знаёміць з гісторыяй будаўніцтва Брэсцкай крэпасці і яе фартоў. На адкрытай пляцоўцы — экспазіцыя артылерыйскага ўзбраення. На тэрыторыі форта адбываюцца мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі, праводзяцца экскурсіі.

Музей абароны Брэсцкай крэпасці-героя. Створаны як ведамасны ваенны музей абароны Брэсцкай крэпасці ў адпаведнасці з загадам начальніка Палітычнага ўпраўлення Беларускай ваеннай акругі ад 02.08.1956 г. на базе пакоя-музея, які з 23.02.1956 г. дзейнічаў у казарме сапёрнага батальёна 128-га стралковага корпуса, адкрыты 08.11.1956 г. З 1965 г. сучасная назва. Спачатку музей дзейнічаў пры гарнізонным Доме афіцэраў. Аснову яго першай экспазіцыі склалі рэчы, зброя і дакументы абаронцаў крэпасці, знойдзеныя ў час раскопак пачынаючы з 1949 г. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 15.04.1969 г. музей перададзены з падпарадкавання Міністэрства абароны СССР у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР, якое загадам ад 27.07.1971 г. арганізацыйна аб'яднала яго з толькі што пабудаваным мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць-герой», стварыўшы ўстанову «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Да аб'яднання з мемарыялам музеем кіравалі: начальнікі музея А.А.Крупенікаў (1956-65 гг. ) і П.І.Каралёў (1967-69 гг.), дырэктар С.П.Зелязінскі (1969-71 гг.).

Брэсцкая крэпасць-герой
Холмскія вароты

Музей займае адноўленую частку 2-павярховай кальцавой абарончай казармы Цытадэлі (пабудавана ў 1842 г.) каля былых Брэсцкіх варот. Асноўны фонд музея (2008) налічвае 45 606 адзінак захоўвання, навукова-метадычны — 34 396 адзінак. Экспазіцыя агульнай плошчай 1040 м2 размешчана ў 10 залах 2-га паверха, у фае, аванзале 1-га паверха, а таксама ў памяшканнях (плошчай 186,5 м²) каля Холмскіх варот Цытадэлі. Пабудавана паводле гісторыка-храналагічнага, праблемнага і калекцыйнага прынцыпаў. У ёй прадстаўлены каля 4 тыс. прадметаў. Асноўны відавы рад складаюць фотаздымкі, дакументы ўдзельнікаў падзей і прадметы, знойдзеныя ў розныя часы на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Галоўнай тэмай экспазіцыі музея нязменна з'яўляецца абарона Брэсцкай крэпасці ў чэрвені — ліпені 1941 г.: яна займае 4 — 7-ы залы (больш за 30% экспазіцыйнай плошчы). Раздзелы па гісторыі Брэст-Літоўскай крэпасці 19 — пачатку 20 ст., перыядах яе знаходжання ў складзе Польшчы ў 1921-39 гг., у складзе СССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў 1 — 3-м залах; удзел воінаў Брэсцкага гарнізона 1941 г. у іншых аперацыях Вялікай Айчыннай вайны, партызанскім руху, у вайне з Японіяй 1945 г., роля мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» у патрыятычным і інтэрнацыянальным выхаванні, адлюстраванне яе ў літаратуры і мастацтве — у 8 — 10-м залах. У калідоры і аванзале 1-га паверха разгорнута пастаянная выстаўка «Брэсцкая крэпасць у творах мастакоў», дзе прадстаўлены больш за 130 твораў мастацтва, якія дапамагаюць наведвальнікам лепш зразумець гісторыю абароны крэпасці і антываенную сутнасць музейнай экспазіцыі. Сярод іх скульптурная група Ю.Іванова «Героі Брэста», палотны жывапісцаў М.Бута, І.Глазунова, П.Крываногава і інш., творы скульптараў А.Рыбкіна і А.Шмакава. У фае ў 2005 г. адкрыта Уваходная група музея, якая з'яўляецца своеасаблівым эпіграфам усёй мемарыяльнай экспазіцыі. Тут прадстаўлены прадметы з раскопак, даваенныя фотаздымкі камандзіраў Брэсцкага гарнізона і членаў іх сямей. У гэтым жа памяшканні ў 1997 г. адкрыта (у 2005 г. абноўлена) выстаўка «Халодная і стралковая зброя 18 — 20 ст.». Дэманструюцца ўзоры зброі і боепрыпасаў вытворчасці Аўстра-Венгрыі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Расіі, Румыніі, СССР, Францыі, Чэхаславакіі, Японіі, а таксама партрэты вынаходнікаў зброі часоў Пятра І, вайны 1812 г., 1-й і 2-й сусветных войнаў, буйнамаштабныя малюнкі і фотаздымкі ваенных падзей. Выстаўка дае магчымасць прасачыць эвалюцыю развіцця зброі, атрымаць звесткі пра яе стваральнікаў і тых, хто ёй карыстаўся.

Брэсцкая крэпасць-герой
Цярэспальскія вароты

Экспазіцыя 1-й залы «Старонкі гісторыі Брэст-Літоўскай крэпасці 19 — пачатку 20 ст.» раскрывае гісторыю старажытнага горада Бярэсце, які да 19 ст. знаходзіўся на месцы, дзе была пабудавана крэпасць. Паказана гісторыя будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці, лёсы звязаных з ёй людзей — інжынераў, афіцэраў рускай арміі, простых салдат і сялян. Асобны раздзел расказвае аб заключэнні Брэсцкага мірнага дагавора 1918 г., які назаўсёды ўпісаў Брэст і крэпасць у сусветную гісторыю. Найбольш каштоўнымі і цікавымі экспанатамі залы з'яўляюцца копія карціны польскага мастака М.Залескага «Крэпасць Брэст-Літоўск 1840 г.», закладная дошка 1836 г., сімвалічны ключ ад крэпасці, фрагменты воінскай амуніцыі, сярэбраны Георгіеўскі крыж 4-й ступені, нацельныя крыжыкі ваеннаслужачых Брэст-Літоўскага гарнізона пачатку 20 ст.

Асноўная ідэя экспазіцыі 2-й залы «Брэст і Брэсцкая крэпасць у 1918 — 1941 г.» — паказ лёсаў мясцовых жыхароў, адзіных па сваіх духоўных каранях з беларусамі ўсходніх абласцей, але юрыдычна грамадзян Польшчы, да якой разам з усёй Заходняй Беларуссю адышоў Брэст (у складзе Польшчы — Брэст-над-Бугам) паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Экспануюцца матэрыялы аб удзельніках абароны Брэсцкай крэпасці польскім гарнізонам 14-17.9.1939 г. у пачатку 2-й сусветнай вайны, паляках і беларусах — генерале брыгады К.Плісоўскім, падпалкоўніках Ю.Сасабоўскім і А.Хораку, капітане В.Радзішэўскім, радавых Дз.Іванчуку, Р.Ігнатовічу, М.Чыжу і інш., аб уступленні ў Брэст 22.09.1939 г. войск Чырвонай Арміі, далучэнні восенню 1939 г. Брэстчыны і ўсёй Заходняй Беларусі да БССР.

Брэсцкая крэпасць-герой
Пляцоўка артылерыйскага ўзбраення

3-я зала «Уставай, вялікая краіна» прысвечана перадваеннаму жыццю Брэсцкага гарнізона і пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі фотаздымкі савецкіх ваеннаслужачых і членаў іх сямей, іх лісты, нумары перадваенных газет, рэканструяваны інтэр'ер жылога пакоя, узоры ўзбраення Чырвонай Арміі. Сімваламі трагедыі раптоўнага для мірных жыхароў і большасці воінаў гарнізона пачатку вайны з'яўляюцца гадзіннік-будзільнік, стрэлкі якога назаўсёды спыніліся раніцай 22.06.1941 г., абгарэлае дрэва з Валынскага ўмацавання крэпасці. Аб мужнасці і стойкасці савецкіх пагранічнікаў, якія да апошняга подыху стрымлівалі ў раёне Брэста націск гітлераўцаў, сведчаць фотаздымкі і пагранічны знак № 176.

4-я зала — «Баявыя дзеянні ў раёне г.Брэста ў першыя дні вайны. Абарона крэпасці. Баі на Цярэспальскім і Валынскім умацаваннях». Яе экспазіцыя раскрывае ход баявых дзеянняў 4-й арміі Заходняга фронту на Брэсцка-Баранавіцкім напрамку, прыгранічных баёў на поўнач і поўдзень ад Брэста, пачатак абароны крэпасці. Прадстаўлены дакументы ўдзельнікаў падзей з савецкага і германскага бакоў, фотаздымкі, у тым ліку зробленыя ў час баёў нямецка-фашысцкімі захопнікамі; баявыя сцягі 144-га Вышневалоцкага палка 75-й стралковай дывізіі, якая да 27 чэрвеня стрымлівала гітлераўцаў у раёне на поўдзень ад Брэста, 17-га гаўбічнага артылерыйскага палка карпуснога падпарадкавання, узнагароды ўдзельнікаў абарончых баёў. Макет крэпасці на 22.06.1941 г., відавыя і сюжэтныя фотаздымкі, прадметы з раскопак, манекены ў форме радавых Чырвонай Арміі і вермахта пачынаюць тэму непасрэдна абароны Брэсцкай крэпасці, дэталёва раскрываюць ход баёў на яе перадавых умацаваннях — Цярэспальскім і Валынскім.

Брэсцкая крэпасць-герой
Свята-Мікалаеўскі храм

5-я зала «Баі на Кобрынскім умацаванні» раскрывае тэму баёў на самым вялікім умацаванні крэпасці, якія працягваліся больш за месяц. Аб трагедыі сямей ваеннаслужачых сведчаць прадметы, знойдзеныя сярод руін дамоў каманднага саставу. 45-міліметровая гармата ўзору 1937 г., фатаграфіі байцоў і камандзіраў, прадметы быту шматнацыянальнага гарнізона, іншыя экспанаты і матэрыялы ўзнаўляюць атмасферу напружаных баёў, дазваляюць па асобных участках прасачыць ход абароны непасрэдна Кобрынскага ўмацавання і ўсёй крэпасці. У раздзеле, прысвечаным баям за Усходні форт — найбольш моцны ачаг супраціўлення ў гэтай частцы крэпасці, змешчаны ўратаваны воінамі сцяг 393-га асобнага артылерыйскага дывізіёна, грамата аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза кіраўніку абароны форта маёру П.М.Гаўрылаву.

6—7-я залы «Абарона Цытадэлі. Апошнія ачагі супраціўлення» прысвечаны баям савецкіх воінаў у цэнтральнай частцы крэпасці, непахіснай мужнасці яе апошніх абаронцаў. Адзін з яскравых экспанатаў — разьба па дрэве «Першая гадзіна вайны» брэсцкага мастака Ю.Чэрнева (1985). Сярод экспанатаў, якія сведчаць аб дзейнасці камандавання і штаба зводнай групы абаронцаў Цытадэлі (камандзір капітан І.М.Зубачоў, яго намеснік палкавы камісар Я.М.Фамін), рэшткі батальённай радыёстанцыі, старонкі загада № 1, выдадзенага штабам 24.06.1941 г. (знойдзены пасля вайны ў руінах інжынернай казармы). Змешчаны таксама чырвонаармейскія «смяротныя» медальёны, копіі лістовак праціўніка з заклікам здавацца ў палон, прастрэленыя кацялкі і біклажкі чырвонаармейцаў, якія спрабавалі здабыць ваду з ракі, зрашэчаныя кулямі поручні моста цераз Мухавец, надпісы абаронцаў крэпасці «Памрэм, але з крэпасці не пойдзем», «Паміраем не саромячы», «Я паміраю, але не здаюсь. Бывай, Радзіма! 20.VII.1941», фрагменты аплаўленай фашысцкімі агнямётамі цэглы, скульптура «Стаім насмерць» А.Рыбкіна.

Экспазіцыя 8-й залы «На асноўных этапах вайны» прысвечана лёсам абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія летам 1941 г. пазбегнулі смерці, удзельнічалі ў абароне Ленінграда, Кіева, Адэсы, Масквы, у Сталінградскай і Курскай бітвах, у партызанскім руху і падпольнай барацьбе. Фотаздымкі, дакументы ваеннапалонных, асабістыя знакі воінаў Брэсцкага гарнізона, якія трапілі ў палон і былі ўгнаны ў Германію, расстраляных мірных жыхароў Брэста — сведчанні зверстваў нацыстаў на акупіраванай тэрыторыі. Асобная група экспанатаў раскрывае тэму вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 1-га Беларускага фронту 28.07.1944 г. Баявыя сцягі 47 злучэнняў і часцей, атрымаўшых ганаровае найменне «Брэсцкіх», маршальскія і генеральскія мундзіры, зброя, асабістыя рэчы радавых і генералаў ствараюць зборны вобраз вызваліцеля роднай зямлі.

У 9-й зале «Перамога» прыведзены кароткі надпіс на сцяне рэйхстага «Брэст — Берлін. Лейтэнант Сідараў...» нясе ў сабе асноўны змест экспазіцыі — увесь доўгі шлях Вялікай Айчыннай вайны. У адным шэрагу фотаздымкі тых, хто загінуў у крэпасці, на дарогах у варожую няволю, і тых, хто выжыў ваяваў у партызанскіх атрадах на акупіраванай тэрыторыі СССР і краін Еўропы, хто змагаўся на франтах і пераможна завяршыў вайну ў Германіі. Дублікат Сцяга Перамогі, салдацкая плашч-палатка, каска, копія акта аб капітуляцыі нацысцкай Германіі, захопленыя варожыя сцягі, зброя пераможцаў сімвалізуюць урачыстасць Перамогі над фашызмам і смутак аб тых, хто загінуў дзеля яе дасягнення.

Брэсцкая крэпасць-герой
Мост праз правы рукаў ракі Мухавец

Экспанаты 10-й залы «У памяці і сэрцы» даюць магчымасць зведаць, пачуць, зразумець трагічныя падзеі 1941 г. і пераканацца, што памяць пра іх жыве ў сэрцах пасляваенных пакаленняў. Прадстаўлены кнігі, кадры дакументальных фільмаў, фотаздымкі сцэн са спектакляў, творы жывапісу на тэму гераічнай абароны, матэрыялы пра пісьменнікаў С.Смірнова, К.Сіманава, якія аднымі з першых узнялі гэтую тэму ў савецкай літаратуры, успаміны ўдзельнікаў абароны, шматлікія падарункі і сувеніры, перададзеныя музею дэлегацыямі з многіх краін, факел, якім П.М.Машэраў 25.09.1971 г. запаліў Вечны агонь мемарыяла.

У памяшканнях каля Холмскіх варот Цытадэлі дзейнічае пастаянная выстаўка твораў беларускага жывапісца П.Дурчына «I вечны бой» (адкрыта ў 2007 г.), прысвечаная абароне крэпасці ў 1941 г.

Для часовых выставак выкарыстоўваюцца пляцоўкі на 1-м і 2-м паверхах асноўнага будынка. Да юбілейных і памятных дат праводзяцца экспрэс-выстаўкі, якія даюць магчымасць прадставіць больш поўна калекцыю музейных прадметаў, аператыўна рэагаваць на важнейшыя падзеі ў жыцці музея і краіны. Вялікае значэнне маюць перасоўныя выстаўкі, якія дазваляюць шырокаму колу людзей азнаёміцца з асноўнымі тэмамі музея.

У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» бывае звыш 190 тыс. наведвальнікаў, больш за 3500 экскурсійных груп за год, праводзіцца больш за 150 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў. Мемарыял вядзе навукова-даследчую, выдавецкую, навукова-асветніцкую дзейнасць.

Штогод 22 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса адбываюцца жалобныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у якіх удзельнічаюць ветэраны, кіраўнікі і афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаў-членаў СНД і іншых краін свету. 22.06.2008 г. у гэтых мерапрыемствах прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і Расіі А.Р.Лукашэнка і Дз.А.Мядзведзеў, якія правялі перагаворы па шэрагу пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва і рашуча выказаліся супраць спроб перагляду вынікаў 2-й сусветнай вайны.

Адрас: 224018, г.Брэст, ДУ "Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой"
Тэл-факс: +375-162-20-00-12
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.