Пятніца, 26.04.2024, 10:46

ВЯСЕЛЛЕ

Галоўная »
ВЯСЕЛЛЕ – пра вяселле ва ўсіх культурах свету створаны яркія, захапляльныя, а ў многіх (а то і пераважных) выпадках і звыштрагічныя вусныя легенды, пісьмовыя паэмы, п'есы, раманы, калі часамі яшчэ давясельныя стасункі і варункі заканчваліся смерцю зусім маладых людзей («Рамэо і Джульета» Шэкспіра і інш.). Здаўна давясельны, вясельны і паслявясельныя цыклы адлюстраваныя ў народнай творчасці, у літаратуры, культуры і Беларусі. Як засведчана са старажытнасці, спачатку шлях да вяселля ў маладых беларусаў ішоў, зразумела, і праз іхнія пачуцці, і праз згоду (нязгоду, разлік) бацькоў. Замацоўваўся ён сватаннем, калі не столькі маладыя, колькі па даручэнні іхніх бацькоў сваты (сваякі альбо найбольш гаваркія, загадзя падрыхтаваныя людзі) вялі сумесныя папярэднія перамовы пра магчымасць вяселля і пасагу (часамі сродкамі шматсказальнасці, з прымаўкамі ды прыказкамі). Здаралася і так: з абодвух бакоў – шчаслівая згода. Але і ў гэтых выпадках, калі ўжо і так усё было ясна загадзя, усё роўна дзеля павагі да даўніх звычаяў трэба было захаваць парадак, каб не ўсё спаўняць адразу ж, «у лоб». Звычайна ў вёсках сямеіліся ў сваёй мясціне ці паблізу іншых, г.зн. добра ведалі бацькоў і прадзедаў маладых, ды наладжвалі «агледзіны» гаспадаркі жаніха, каб захаваць, сцвердзіць даўні звычай – упэўніцца і ўпэўніць іншых, што ён будзе надзейны гаспадар, муж і бацька. Пасля рытуальных агледзін наладжваліся «запоіны», калі ўжо пра ўсё было дамоўлена, а потым яшчэ і яшчэ раз перамоўлена ды асэнсавана, і можна было з палёгкай уздыхнуць (ці горасна згадзіцца), выпіць чарку («малая гарэлка», «барыш»), і калі ўжо жаніх і нявеста пераходзілі ў ранг (стан) «запоеных» , «замоўленых». Калі ж і пасля гэтага (мо перадумалі) у некаторых узнікалі пэўныя сумненні, то маглі яшчэ быць і «заручыны» («вялікія змовіны і запоіны»), пасля якіх ужо адмова аднаго з бакоў ад вясельнай справы лічылася ганебнасцю. Напярэдадні да маладой прыходзілі яе найбольш надзейныя сяброўкі, «дружкі» (будучыя вясельніцы) на суборную суботу («зборны вечар», «паненскі вечар», «дзявочнік» і інш.). Ужо сам па сабе названы абрад вызначаў многае: найперш, што нявеста – паўналетняя, любіць (а, бывала, што і не) маладога чалавека, стварае новую сям'ю. Маладыя дзяўчаты шчыра жадалі ёй быць шчаслівай. Таму яны маладую хораша прыбіралі, спявалі як журботныя (развітанне з дзявоцтвам), так і вясёлыя (з найлепшымі пажаданнямі) песні.

На вяселле запрашалі многіх – найперш самых блізкіх і далёкіх родзічаў, суседзяў, сяброў, патрэбных людзей. Звычайна спачатку вяселле пачыналася паралельна – у доме жаніха і нявесты. Пасля гурт маладога (сваты, шаферы) ехалі да маладой, дзе іх ужо чакалі пакліканыя (не ўсе) госці. У старажытнасці маладую садзілі на дзяжу (у ёй нарыхтоўвалі цеста на хлеб, а хлеб для ўсіх – гэта была святая справа!), каб пацвердзіць, што дзяўчына цнатлівая. У некаторых мясцінах маладой распляталі касу, што сімвалічна пераводзіла яе ў лік замужніх жанчын. Споўніўшы гэтыя абрады, жаніхоў гурт кланяўся гаспадарам, маладой і па іхнім запрашэнні садзіўся за гасцінны стол, тое-сёе прыгубліваў, прыкусваў і, галоўнае, слухаў пажаданні. Пасля дружбанам маладога трэба было «выкупіць нявесту», а затым загадзя падабраным вясельным картэжам накіравацца ў царкву альбо касцёл, дзе маладых шлюбавалі.

Затым «вясельным поездам» падаваліся ў дом маладога. Па шляху ім маглі «перагарадзіць дарогу» і «ўзяць выкуп». Затым было застолле. Праз тыдзень былі перазовы – бацькі маладой прыязджалі да сватоў адведаць сваю дачку, а ў адказ бацькі маладога з сынам і нявесткай таксама рабілі візіт да яе бацькоў, што павінна было засведчыць усяму люду пра мір і лад у новай сям'і. Вясельныя рытуалы, у тым ліку і тыя, што былі звязаныя з выкупам нявесты і пасагам ад яе, мяняліся. Кожны ўдзельнік вяселля меў сваю ролю. Зразумела, цэнтральнымі героямі былі жаніх і нявеста («князь» і «княгіня»). За імі вялікі гонар мелі сваты, старшыя дружбанты («баяркі», «шаферы»), блізкія сваякі, гаваркія людзі. На ўсіх этапах вяселля спяваліся вясельныя песні, быў цыкл, звязаны з жартамі, выслоўямі, прыпеўкамі і загадкамі, рознымі гульнямі. У розных рэгіёнах у час вяселля і пасля яго выконваліся і розныя народныя павер'і (напрыклад, як правіла, цвярозых маладых клалі спаць асобна, у клеці, а пад пасцель падсыпалі жыта: каб у іх першым нарадзіўся хлопчык. З даўніны ішоў звычай, каб маладыя першы месяц пасля вяселля цяжка фізічна не працавалі і т.д.). Вясельная абраднасць у беларускай літаратуры адлюстравана ў многіх мастацкіх творах – у вершаванай аповесці «Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча, у паэме «Адвечная песня» Я.Купалы, у раманах «Людзі на балоце» I.Мележа, «Гаспадар-камень» Г.Далідовіча і інш.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.