АБРАДЫ — сукупнасць традыцыйных умоўных дзеянняў, што сімвалічна выражаюць і замацоўваюць адносіны людзей да прыроды і паміж сабою, іх паводзіны ў важных жыццёвых сітуацыях, якія сістэматычна паўтараюцца.
Абрады — састаўная частка традыцыйна-бытавой культуры народа. Утрымліваюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Зарадзіліся ў першабытным грамадстве, калі людзі імкнуліся закліканнямі ўздзейнічаць на незразумелыя ім з'явы прыроды. Былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі і падзяляліся на каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёлагадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзінныя, пахавальныя), грамадскія і царкоўныя.
Большасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходне-славянскай глебе. Старажытная абраднасць ляжыць у аснове
калядавання, масленіцы, шчадравання, валачобніцтва (гл.
Валачобнікі), абрадаў купальскай ночы (гл.
Купалле) і інш.
Многія абрады звязаны з культам продкаў (
дзяды, радаўніца), расліннасці. Асаблівасць беларускага абраду — перапляценне ў іх аграрна-бытавых, язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў. Царква імкнулася забараніць народныя абрады або прыстасаваць іх да патрэб рэлігійнага культу, асобным абрады вяселля, радзін, пахавання і інш. надаць рэлігійны змест.
Абрады ў аснове сваёй захавалі народную спецыфіку і нацыянальны каларыт, суправаджаюцца песнямі, танцамі, замовамі,
карагодамі, пераапрананнем (
«каза», «жораў», «дзед», «цыган» і інш.). У іх прысутнічаюць элементы тэатралізаванага дзеяння (гл. Народны тэатр). З імі звязана
каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзія.
З цягам часу Абрады трацілі першапачатковае значэнне, роля рэлігійных элементаў у іх паступова змяншалася, яны пераходзілі ў разрад гульняў, святочных забаў і захоўваліся пераважна ў вёсцы.
Абрады земляробчыя — цыкл замацаваных звычаямі ўмоўных сімвалічных дзеянняў, звязаных з працоўным годам земляроба. Узніклі ў першабытным грамадстве ў перыяд развіцця земляробства.
У сувязі з пастаяннай паўторнасцю сельскагаспадарчых работ і прыстасаванасцю іх да пэўных дат або перыядаў земляробчыя абрады прынята называць каляндaрнымі. Падзяляліся на зімовыя — звязаны са святкаваннем
каляд, масленіцы,
грамніц; вясновыя —
гуканне вясны, першы выхад у поле; летнія — звязаны са святкаваннем купалля,
зажынак,
дажынак; восеньскія — са святкаваннем спаса,
багача, пакроваў. Яны напоўнены музыкай, песнямі, танцамі. Народныя традыцыі надавалі ім своеасаблівы каларыт і нацыянальную спецыфіку. Многія элементы ў земляробчых абрадах страцілі ранейшае значэнне, бо менш звязаны з вытворчымі працэсамі, элементы міфалогіі ператварыліся ў сімвалы, характэрныя для гульняў.