Пятніца, 26.04.2024, 18:38

БАГУШЭВІЧА Ф.К. МУЗЕЙ-СЯДЗІБА «КУШЛЯНЫ»

Галоўная »
БАГУШЭВІЧА Ф.К. МУЗЕЙ-СЯДЗІБА «КУШЛЯНЫ» — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Заснаваны 06.07.1990 г. у в.Кушляны Смаргонскага раёна. З 29.06.2001 г. філіял.

Францішак Багушэвіч
Францішак Багушэвіч

Музей размешчаны ў хаце, якую пабудаваў беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч у 1896 г. Ад сядзібы Багушэвічаў з 19 ст. захаваліся таксама каменная адрына, альтанка, парк і каштанавая алея. Паводле падання, альтанка была зроблена Ф.Багушэвічам і яго сябрамі у памяць ахвяр паўстання 1863-64 гг. Недалёка ад сядзібы знаходзіцца камень з мемарыяльным надпісам «Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.», устаноўлены мясцовымі жыхарамі ў гонар паэта. Да 1988 г. у доме размяшчалася Кушлянская сельская бібліятэка імя Ф.Багушэвіча. У 1990 г. да 150-годдзя з дня нараджэння паэта ажыццеўлены праект рэстаўрацыі сядзібы: адноўлены падмурак, франтоны, дах і першапачатковая планіроўка дома. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 19 ст. — адзіная ўцалелая сядзіба беларускага пісьменніка таго часу. У 1749 г. маёнтак Кушляны быў куплены яго прапрадзедам А.Багушэвічам. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Ф.Багушэвіча, пачынальніка беларускага нацыянальнага адраджэння. У 1898 г. Ф.Багушэвіч пераехаў у Кушляны на сталае жыхарства, дзе правёў свае апошнія гады. У адпаведнасці з рашэннем Навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь 29.07.2005 г. музейнаму комплексу нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі як гістарычнаму аб'екту. Загадчыкам музея-сядзібы з'яўляецца А.П.Жамойцін.

Францішак Багушэвіч

Экспазіцыйная плошча 135,3 м². Экспазіцыя ў сядзібным доме, прысвечаная Ф.Багушэвічу, размешчана ў 6 залах (аўтар навуковай канцэпцыі Н.Цвірка, мастацкае рашэнне — Г.Чысты). У мемарыяльнай частцы яе ўзноўлены інтэр'еры 2 пакояў — кабінета і гасцёўні. Абсталяваны па фотаздымках канца 19 ст. і ўспамінах унучкі паэта С.Тамашэўскай. Пакоі аздабляюць сапраўдныя і ўзноўленыя мемарыяльныя рэчы Ф.Багушэвіча і яго сям'і, аналагі 19 — пачатку 20 ст.: у гасцёўні дэманструюцца насценны гадзіннік, камода, піяніна, самаварны столік і інш., у рабочым кабінеце — кніжная шафа, пісьмовы стол, крэслы, канапа, часопісны столік, у прыбудоўцы — ражок, паляўнічыя стрэльбы і інш. Літаратурная частка размешчана ў 3 залах. Тут прадстаўлены першыя паэтычныя зборнікі («Дудка беларуская», «Смык беларускі»), аўтографы і фотаздымкі, рукапісы твораў і лісты, напісаныя Ф.Багушэвічам, кнігі У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Міцкевіча, Я.Купалы, Якуба Коласа, аўтографы М.Танка, А.Пісьмянкова, М.Дуксы, С.Сакалова-Воюша. Экспануюцца ключ з сядзібы Багушэвічаў, рэчы канца 19 ст. — дыванок, вышыты дачкой Ф.Багушэвіча, ручнік і чаўнок са Свіранаў, лінейка-закладка і інш. У экспазіцыі знаходзяцца дакументы, якія адлюстроўваюць удзел сям'і Багушэвічаў у паўстанні 1863-64 гг., сведчаць пра адвакацкую дзейнасць Ф.Багушэвіча, паступленне ў Пецярбургскі універсітэт, лісты і паштоўкі, якія даюць уяўленне аб сувязях Ф.Багушэвіча з Я.Карловічам і Э.Ажэшка. Дэманструюцца скульптурныя барэльефы «Кастусь Каліноўскі», «Ля каменя над магілай паўстанцаў» (абодва Ф.Янушкевіч), скульптурны партрэт «Мацей Бурачок» (П.Лук), лінарыты «Малады Багушэвіч», «Паўстанцы чытаюць «Мужыцкую праўду», «Этап у Сібір» (усе М.Купава), мастацкія работы «Дарога ў Жупраны» (М.Аўчыннікаў), «Дом паэта» (А.Пашкевіч), «Школа ў Доцішках» (Г.Сянькоўскі), «Вільня сярэдзіны 19 ст.» (В.Сташчанюк) і інш.

Францішак Багушэвіч

У музеі праводзяцца літаратурныя сустрэчы, чытанні і музейныя святы, лекцыі для школьнікаў.

Адрас: 231032, в.Кушляны, Смаргонскі р-н, Гродзенская вобл.
Тэл.: 8-01592-7-54-29
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.