Пятніца, 03.05.2024, 14:44

ДАЛЁНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч

Галоўная »
ДАЛЁНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч (сапраўднае Чaрноцкі Адам; 24.12.1784 г., каля в.Гайна Лагойскага раёна — 17.11.1825 г.), славяназнавец, пачынальнік беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Член-карэспандэнт варшаўскага Таварыства сяброў навук (1819), член пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820).

Працаваў у Мінску прыватным адвакатам. У 1814-18 гг. даследаваў пытанні славяназнаўства ў бібліятэках Крамянецкага ліцэя і апекуна Віленскай навучальнай акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах. У мінскіх архівах вывучаў старажытныя беларускія акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в.Старое Сяло Віцебскага павета, запісваў фальклор, мясцовыя дыялекты, абрады. У 1820-21 гг. збіраў і вывучаў археалагічны, дыялектны, этнаграфічны і фальклорны матэрыял на поўначы Расіі.

Найбольш значная праца — «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), дзе ўпершыню спрабаваў апісаць старажытна-славянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў славянскіх і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некаторыя палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апублікавана ў 1838 г.) абгрунтаваў археалагічную тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гістарычных даследаванняў, склаў рэестр агульнаславянскіх тапонімаў (у т.л. беларускіх), вызначыў тэрыторыю пашырэння беларускай мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор беларускіх (каля 500) і рускіх песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па славянскай этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі.

Фальклорная спадчына Далёнга-Хадакоўскага — самы багаты збор твораў славянскай народнай паэзіі таго часу і па колькасці запісаў, і па рэгіёну збіральніцкай дзейнасці. Гэта першая спроба сістэматычнага, усвядомленага запісвання (з элементамі навуковай паспартызацыі) славянскага фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навуковая і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навукова-літаратурных аб'яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (славянскі этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальны і ў наш час.

Аўтар: Л.А.Малаш
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [470]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.