Панядзелак, 29.04.2024, 05:52

ЛЕЛЬЧЫЦЫ

Галоўная »
ЛЕЛЬЧЫЦЫ — гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага с/с і Лельчыцкага раёна, за 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі Калінкавічы — Оўруч), 363 км ад Мінска, на левым беразе р.Убарць (прыток р.Прыпяць). Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 8,9 тысяч жыхароў (2008 г.).

Лельчицы, Лельчыцы
Лельчицы, Лельчыцы
Герб і сцяг Лельчыц

Вядомы з 16 ст. як сяленне Мазырскага павета ў Кіеўскім, з 1569 г. ў Мінскім ваяводстве ВКЛ. З 1651 г. сяло ва Уборскай воласці Пінскага павета. Дзейнічала царква, апекуном якой быў віленскі біскуп Е.Тышкевіч. У царкве захоўваліся дакументы 1776 г. аб фінансавай падтрымцы яе віленскім біскупам князем Масальскім. Працяглы час Лельчыцы належалі Віленскаму епіскапату і графу Салагубу. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 г. 64 двары. У 1854 г. 361 жыхар, дзейнічалі Свята-Троіцкая царква, яўрэйская малітоўная школа. У 1874 г. граф Тышкевіч меў у Лельчыцах і наваколлі 32986 дзесяцін зямлі, 6 вадзяных млыноў, карчму. У 1884 г. адкрыта народнае вучылішча, якое ў 1922 г. ператворана ў 7-гадовую, а пазней — у сярэднюю школу. У 1886 г. цэнтр воласці, у склад яе ўваходзілі 25 сяленняў з 432 дварамі (17.07.1924 воласць ліквідавана, тэрыторыя ўключана ў Мазырскую акругу). У 1892 г. пабудаваны новы драўляны будынак царквы.

Паводле перапісу 1897 г. 164 двары, 897 жыхароў, малітоўная школа, фельчарскі пункт, млын, царква, народнае вучылішча, паштовае аддзяленне, хлебазапасны магазін, 2 крамы, сінагога, карчма. Побач размяшчаўся аднайменны фальварак. У 1908 г. 170 двароў 1216 жыхароў у 1917 г. ў сяле 1506, у фальварку — 18 жыхароў. У 1909 г. пабудаваны драўляны касцёл. З 03.02.1918 г. да пачатку 1919 г. акупіраваны германскімі войскамі, з сакавіка да ліпеня 1920 г. — польскімі.

Лельчицы, Лельчыцы
Драўляны касцёл у Лельчыцах
(фундаваны ў 1909 г. Феліксам Тышкевічам). Фота 1913 года


У 1925 г. 279 двароў. З 20.08.1924 г. цэнтр Лельчыцкага с/с і Лельчыцкага раёна Мазырскай (да 26.07.1930 і з 21.06.1935 да 20.02.1938) акругі, з 20.02.1938 г. Палескай, з 08.01.1954 г. Гомельскай абласцей. У пачатку 1930-х г. 2 населеныя пункты: Вялікія Лельчыцы і Малыя Лельчыцы. Мелася таварыства саматужнікаў (у 1926 — 65 чалавек). Былі арганізаваны калгасы «Чырвоны барэц» і «Чырвоны араты». З 1932 г. працавала МТС. У 1934 г. дзейнічалі маслазавод, паравы млын, лесапільня, 2 цагельні, ганчарня, кравецкая, шавецкая і дрэваапрацоўчая майстэрні, хлебапякарня, 2 кузні, МТС і яе майстэрні. Вузкакалейная чыгунка звязвала Лельчыцы са ст.Буйнавічы. З 15.07.1935 г. мястэчка, з 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак.

У Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі раёна дзейнічалі знішчальны батальён (камандзір Г.П.Лішафаеў). З ліку мабілізаваных у Лельчыцкім і Ельскім раёнах сфарміраваўся 407-ы артылерэйскі полк. Пасля баёў 03-04.09.1941 г. фашысты занялі пасёлак, але былі блакіраваны і хутка пакінулі яго. З 23.09.1941 г. да 23.01.1944 г. акупіраваны нямецкімі войскамі, якія загубілі тут 685 жыхароў Лельчыц і 750 жыхароў з іншых месц, спалілі гарадскі пасёлак. З канца жніўня 1941 г. да 15.05.1942 г. дзейнічала падпольная група (кіраўнік М.В.Кудзін). Падпольшчыкі былі раскрыты акупантамі і закатаваны. У ноч на 26.11.1942 г. партызанскае злучэнне С.А.Каўпака (Шалыгінскі і Пуцілаўскі партызанскія атрады) з удзелам мясцовых партызан разграмілі варожы гарнізон, разбілі 2 бронемашыны, электрастанцыю, вузел сувязі, узарвалі 2 масты праз р.Убарць, вызвалілі каля 100 савецкіх грамадзян, над якімі акупанты рыхтавалі расправу.

У 1962-65 гг. у складзе Мазырскага раёна, з 1965 г. зноў цэнтр Лельчыцкага раёна. У 1978 г. Беларускі дзяржаўны навукова-даследчы і праектны інстытут горадабудаўніцтва распрацаваў генеральны план, які прадугледжваў далейшае развіццё гарадскога пасёлка.

Лельчицы, Лельчыцы
Свята-Троіцкая царква

Лельчицы, Лельчыцы
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Панны Марыі з Фацімы

Лельчицы, Лельчыцы
Апошнi захаваны надмагiльны камень на былых яўрэйскiх могiлках. 1999 г.

Забудова квартальная, пераважна аднапавярховая, сядзібнага тыпу. У цэнтральнай частцы ўзведзены 2—4-павярховыя дамы. У цэнтры, каля плошчы, размешчаны адміністрацыйныя і культурна-асветныя ўстановы, магазіны. Працуюць хлебазавод, маслазавод, вытворчы ўчастак Калінкавіцкага вінна-кансервавага завода, агароднінасушыльны завод, камбінаты будаўнічых матэрыялаў і бытавога абслугоўвання насельніцтва, раённыя аб'яднанні «Аграпрамтэхніка» і «Сельгасхімія», хлебакамбінат, вузлы паштовай і электрычнай сувязі, ветстанцыя, аграхімлабараторыя, геалагічная экспедыцыя, лясгас, леспрамгас, гідраметэастанцыя. Дзейнічаюць 2 сярэднія, дзіцячая спартыўная і музычная школы, 5 дзіцячых садоў, Дом школьнікаў, краязнаўчы музей (створаны ў 1989), раённы Дом культуры, кінатэатр, 2 масавыя бібліятэкі, школа мастацтваў, санэпідстанцыя, бальніца, аптэка. Працуе мясцовае радыёвяшчанне, выходзіць раённая газета «Светлае жыццё» (з сакавіка 1931).

Радзіма балетмайстра В.В.Варановіча, кампазітара У.В.Журовіча, рэжысёра М.Я.Коласа, генерал-маёра А.А.Нікіціна, беларускіх вучоных К.І.Слабажанінай, А.Е.Лісейчыкава.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.