Чацвер, 25.04.2019, 17:20

ГОМЕЛЬ


ГОМЕЛЬ (летапісны Гомей, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье) – горад абласнога падпарадкавання (з 27.09.1938), адміністрацыйны цэнтр Гомельскай вобласці і раёна, на паўднёвым усходзе Беларусі, у сутоку р.Сож і яе прытока р.Гамяюк, чыгуначны вузел (5 напрамкаў) і шашэйных дарог, порт на р.Сож, аэрапорт, за 301 км ад Мінска. Плошча 114 кв.2 Падзяляецца на 4 адміністрацыйныя раёны – Навабеліцкі, Савецкі, Цэнтральны, Чыгуначны. 498 700 жыхароў (2009 г.)

Гомель
Гомель
Герб і сцяг Гомеля

Выяўленыя археолагамі стаянкі неаліту і бронзавага веку гарадзішчы мілаградскай і зарубінецкай культур (на ўскраіне горада і каля воднай станцыі), гарадзішча 11 – 13 ст. (на правым беразе р.Сож, каля ўпадзення ў яе ручая Гамяюк, ва ўсходняй частцы горада) сведчаць аб засяленні гэтых месц у глыбокай мінуўшчыне. Дзядзінец старажытнага Гомеля размяшчаўся на мысе паміж правым берагам ракі і левым берагам ручая. Насельніцтва жыло ў наземных і заглыбленых у зямлю пабудовах, займалася рамёствамі, земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлем. Аб шырокіх старажытных гандлёвых сувязях Гомеля сведчыць знойдзены тут у 1822 г. скарб манет Арабскага халіфата 9 – 10 ст. 

Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 г. у сувязі з ваенным процістаяннем смаленскага князя Расціслава Смаленскага і чарнігаўскіх Ольгавічаў. Як і многія іншыя пасяленні, Гомель быў у вадавароце княжацкіх міжусобных войнаў. У 1159 г. сюды з Кіева ўцякае вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч, а пасля яго смерці Гомель пераходзіць да чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча (1161), потым да яго сына Алега, пры якім Гомель адышоў да Наўгарод-Северскага княства. Наступным уладальнікам Гомеля стаў Ігар – герой паэтычнага «Слова пра паход Ігаравы». У той час горад быў цэнтрам воласці і выконваў функцыю ўмацаванага пункта, які кантраляваў водны шлях, што звязваў Паўднёвую Русь са Смаленскам. Каля 1335 г. далучаны Альгердам да . Разам са Старадубам складаў удзел князя П.Нарымунтавіча, пляменніка Альгерда.

У ліку іншых гарадоў упамінаецца пад 1430 г. у акце ўзвядзення Свідрыгайлы на літоўскі трон. У 1446 г. вялікі князь ВКЛ Казімір I аддаў Гомель князю Васілю Яраславічу, у 1452 г. перайшоў да князя Свідрыгайлы. 01.07.1496 г. вялікі князь Аляксандр Ягелончык пажалаваў Гомель князю Сімяону Мажайскаму. У 1500 г. заняты рускімі войскамі. У 1503 г. па дагавору аб 6-гадовым перамір'і адышоў да Маскоўскай дзяржавы. Пад 1508 г. упамінаецца ў перапісцы вялікага князя Маскоўскага Васіля з вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам. У 1535 г. вернуты пад уладу ВКЛ, у тым жа годзе вялікі князь ВКЛ Жыгімонт заснаваў Гомельскае стараства. Упамінаецца ў дакументах у 1556 г. ў сувязі з заключэннем 6-гадовага перамір'я паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. У 1560 г. гораду нададзены герб.

З 1565 г. ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. Паводле метрыкі ВКЛ у 1572 г. староства Гомельскае атВКЛрымаў Б.Сапега. У 1576 г. рускія войскі зноў авалодалі горадам, але ў хуткім часе ўлада ВКЛ над ім была адноўлена. У 1640 Гомельскае стараства ўваходзіла 40 сёл з 202 дымамі, дарогай звязана з Рагачовам.

У 1648 г. Гомелем авалодалі казакі Багдана Хмяльніцкага, падтрымку ім аказалі мясцовыя жыхары, незадаволеныя феадальным прыгнётам. Паводле Андрусаўскага перамір'я 1667 г. застаўся ў складзе ВКЛ. Права на пажыццёвае валоданне Гомельскім стараствам (уключала ў 1565 годзе Засожскую, Лакуцкую і Прадсожскую воласці) атрымаў М.Радзівіл. У 1670 г. Гомелю даравана магдэбургскае права. У час Паўночнай вайны 1700–21 гг. у горадзе размяшчаліся рускія войскі пад камандаваннем А.Д. Меншыкава. У 1730–72 гг. Гомелем валодаў канцлер ВКЛ М.Ф. Чартарыйскі, які ператварыў Гомельскі замак у даволі моцную крэпасць: была збудавана новая драўляная сцяна і дубовыя будынкі з байніцамі, а праз роў перакінуты пад'ёмныя масты.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1796 г. ўтворана Беларуская губерня, з якой у 1802 г. вылучыліся Віцебская і Магілёўская губерні Значная частка сучаснай Гомельскай вобл., у тым ліку і Гомель, увайшлі ў Магілёўскую губернію. У 1775 г. ў Гомелі пражывала 5 тысяч чалавек, ён уваходзіў у Рагачоўскую правінцыю, быў канфіскаваны ў казну, з 1777 г. ў Беліцкім павеце. Кацярына II даравала Гомель і стараства генерал-фельдмаршалу графу П.А. Румянцаву-Задунайскаму. Стараства ўключала ў 1779 г. 82 вёскі з 12 665 дварамі. На месцы абарончых збудаванняў і драўлянага замка М.Чартарыйскага ў 1785–93 гг. узведзены мураваны палац, які ў наступныя дзесяцігоддзі значна пашыраны і ўпрыгожаны. Фельдмаршалы П.А. Румянцаў і І.Ф. Паскевіч неаднаразова прымалі ў ім высокіх асоб з Пецярбурга ў час іх паездак на поўдзень. У 1770-я г. П.А. Румянцаў-Задунайскі заснаваў суконную мануфактуру. На беразе Сажа ў 1793 г. пабудавана Ільінская царква – 3 пастаўленыя адзін на адным па адной восі зрубы (зараз помнік драўлянага дойлідства). У 1795 г. па спадчыне Гомель перайшоў да сына фельдмаршала графа М.П. Румянцава. У 1794–1805 гг. да палаца прыбудаваны флігелі і галерэі, якія завяршаліся квадратнымі ў плане павільёнамі, а ў 1837–48 гг. узведзена чатырохкутная шмат'ярусная вежа.

У 1804 г. адкрыта палатняная, у 1809 г. шкларобчая, у 1828 г. талесная вытворчасці. У 1815 г. пабудавана духоўнае вучылішча і памяшканне для ліцэя (па ўзору Царскасельскага). Пачало дзейнічаць параходства. Гомельскі параход быў першым параходам на Беларусі. У 1816 г. 185 двароў. У 1824–33 гг. замест драўлянай узведзена мураваная Троіцкая царква (не захавалася). У 1832 г. пачаў працаваць цукровы, у 1840 г. сальна-свечачны, у 1853 г. крупарушны заводы. Склалася рэгулярна-планіровачная схема з кампазіцыйным цэнтрам – палацам (зараз тут абласны краязнаўчы музей і Палац школьнікаў), паркам і цэнтральнай Кірмашовай плошчай з двух'ярусным гасцінным дваром і гандлёвымі радамі. Дзве прамянёвыя вуліцы, Румянцаўская і Замкавая, звязвалі палац з іншымі раёнамі горада і ўтваралі 2-прамянёвую планіровачную сістэму. У 1809–19 гг. па праекту архітэктара Дж.Кларка, які ў 1800–26 гг. жыў і працаваў у Гомелі, пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор. У яго кампазіцыі выкарыстаны характэрны для архітэктуры класіцызму прыём: каланада, якая апаясвае сабор, стварае цікавыя прасторавыя эфекты. Дамінантай з'яўляецца прарэзаны 12 вокнамі барабан, увенчаны паўсферычным купалам з гранёнай лукавічнай галоўкай на завершы. Да нашага часу збярогся і паляўнічы домік М.П. Румянцава (пабудаваны ў 1813).

У 1831 г. мястэчка было куплена казной. Стараства ў 1834 г. набыў генерал-фельдмаршал князь Варшаўскі І.Ф. Паскевіч-Эрыванскі. У 1838 г. і Гомель перайшоў да І.Ф. Паскевіча. Гомельскі маёнтак складаўся з 8 эканомій, у якіх мелася 209 662 дзесяцін зямлі. Аб памерах зберажэнняў гаспадара маёнтка сведчыць той факт, што з яго калекцыі ў 1919 г. было перададзена ў Гістарычны музей Масквы каля 100 пудоў золата і серабра ў манетах, шмат вырабаў прыкладнога мастацтва і мастацкіх твораў. Цераз Сож дзейнічаў мост на плытах (175 сажняў). На левым беразе мелася насыпная плаціна з 9 драўлянымі мастамі (знесены веснавой паводкай у 1845). 25.09.1852 г. Гомелю нададзены статус горада, ён стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні, а ў 1854 г. да яго як прадмесце далучаны горад Новая Беліца (1646 жыхароў, 3 мураваныя і 302 драўляныя дамы, 2 драўляныя царквы і 2 яўрэйскія малітоўныя школы, царкоўнапрыходская школа, крупяны і запалкавы заводы, 4 ветракі). У склад павета ў 1877 г. ўваходзілі 457 тысяч дзесяцін зямлі, 18 600 двароў, у 1905 г. — 554 тыс. дзесяцін зямлі і 33 866 двароў, у 1912 г. аб'ядноўваў 18 валасцей з 302 пасяленнямі. Гомель з'яўляўся і цэнтрам воласці (у 1912 г. 16 сяленняў), меў зацверджаны 16.01.1855 г. новы герб (падзелены на 2 роўныя часткі шчыт: у верхняй – герб Магілёўскай губерні, у ніжняй – рысь на блакітным полі).

У сярэдзіне – 2-й палове 19 ст. актыўна развіваліся гандлёвыя сувязі. У 1860 г. на прыстані былі разгружаны 40, а загружаны 108 суднаў і 160 плытоў. Праводзіліся 3 кірмашы ў год, асноўнымі таварамі на якіх з'яўляліся вырабы са скуры, кадкі, колы, бочкі. У 1846 г. на Гомельскія кірмашы (Васільеўскі, Троіцкі, Узвіжанскі) было завезена тавараў на 477,4 тыс. рублёў і прададзена на 252 тыс. рублёў. У 1857 г. пабудаваны арачны мост цераз р.Сож, які злучыў Гомель з Навабеліцай.

У 1858 г. – 13 659 жыхароў, 6 праваслаўных цэркваў, касцёл, капліца, сінагога, цукровы завод (зараз у яго будынку аранжарэя), 2 скураапрацоўчыя і 5 цагельных прадпрыемстваў, 534 рамеснікі. У 1866 г. – 16 377 жыхароў, 74 мураваныя і 1150 драўляных будынкаў. У 1857 г. мост цераз р.Сож перабудаваны, паспяхова працавала і пераправа, дзейнічалі 2 паштовыя станцыі. У 1850 г. праз горад пракладзена шаша Пецярбург – Кіеў і тэлеграфная лінія Пецярбург – Севастопаль, у 1872 г. пачаў працаваць першы тэлефонны апарат. Уступілі ў строй дзеючых Лібава-Роменская (1873) і Палеская (1887) чыгункі. У 1881 г. адкрыты паштовы тракт Гомель – Рэчыца.

Вялікі пажар 1856 г. знішчыў 540 дамоў, цяжкім быў і пажар 1907 г., але горад даволі хутка адбудоўваўся. У 1868 г. зацверджаны план яго забудовы. У 2-й палове 19 ст. ўзніклі лесапільні, гарбарныя і канатныя прадпрыемствы. У 1879 г. пачалі працаваць запалкавая фабрыка «Везувій» (каля 400 рабочых), у 1874 г. – чыгуначныя рамонтныя майстэрні (зараз вагонарамонтны завод), у 1892 г. – чыгуналіцейныя майстэрні (цяпер станкабудаўнічы завод імя С.М. Кірава), у 1895 г. – рамонтна-механічныя майстэрні (зараз завод тарфянога машынабудавання). У 1850 г. дзейнічалі павятовае і прыходскае духоўныя вучылішчы (120 вучняў). 27.10.1878 г. адкрыта трохгадовае вучылішча па падрыхтоўцы паравозных машыністаў, тэлеграфістаў і другіх спецыялістаў для чыгуначнага транспарту. У 1919 г. на базе гэтага вучылішча быў створаны тэхнікум. У 1884 г. дзейнічалі 4 мужчынскія, 2 жаночыя дзяржаўныя і 1 прыватная школы, 2 кніжныя лаўкі, 2 бібліятэкі, друкарня (з 1875), тэлеграфная станцыя. У канцы 19 – пачатку 20 ст. узводзяцца будынкі гарадской управы (цяпер фабрыка «Палесдрук»), мужчынскай (1898) і жаночай (1904) прагімназій, банка(1904). Колькасць жыхароўу 1880 г. павялічылася да 22 тысяч, мураваных дамоў да 161, драўляных да 2494.

У 1872 г. пачалося асвятленне гарадскіх вуліц (у 1880 г. – 212 газавых ліхтароў), а ў 1900 г. для асвятлення палаца і парку была выкарыстана электрычнасць. У 1874–77 гг. саламяныя дахі былі заменены на драўляныя, з 1876 г. пачалося машчэнне тратуараў. Гомель быў цэнтрам воласці (да 08.12.1926),у якую ў 1890г. ўваходзілі 25 пасяленняў з агульнай колькасцю 1977 двароў. Меліся пазыкова-ашчадныя касы, 01.09.1896 г. адкрыты Мікалаеўскі сельскі банк. Паводле перапісу 1897 г. ў Гомелі 36 775 жыхароў, з якіх 48,5% пісьменныя, 17 навучальных устаноў, у тым ліку 2 прагімназіі і тэхнічнае чыгуначнае вучылішча, бібліятэка, 7 кніжных лавак. З восені 1904 г. да сакавіка 1905 г. выходзіла першая бальшавіцкая газета на Беларусі «Полесский листок», з 17.10.1909 г. да 27.12.1911 г. – грамадска-палітычная і літаратурная газета «Полесская жизнь», з 24.09.1909 г. да 07.10.1912 г. – газета «Полесье». У 1908–14 гг. дзейнічала музычна-драматычнае таварыства. У 1912 г. на 41 прамысловым прадпрыемстве працавалі 3,5 тыс. чалавек. У 1913 г. ў горадзе 104,5 тыс. жыхароў. Гомельскі павет налічваў у гэты час 102 120 жыхароў, а яго плошча складала 4719,4 кв. вёрст.

Па прыкладу Пецярбурга і іншых прамысловых цэнтраў Расіі зараджаецца і атрымлівае развіццё сацыяльна-дэмакратычны рух. У 1904 г. ствараецца Палескі камітэт РСДРП(б) з цэнтрам у Гомелі. У маі 1905 г. адбыўся I з'езд гэтай арганізацыі. 18.12.1905 г. на шматлюдным мітынгу рабочыя горада вырашылі пачаць забастоўку і не прапускаць вайсковыя эшалоны для ўдушэння рэвалюцыйных выступленняў у гарадах Расіі. Спынілі работу Лібава-Роменская і Палеская чыгункі. 9 снежня забастоўка стала ўсеагульнай. Улада на чыгуначным вузле перайшла ў рукі рабочых. 19 снежня ў Гомель прыбыў карны атрад на чале з генералам Арловым. Выступленне рабочых было падаўлена. 22.10.1916 г. ў адказ на здзекі над салдатамі паўстала каля 4 тыс. салдат і казакаў размеркавальнага пункта. Яны абяззброілі вартавых, вызвалілі з гаўптвахты 800 арыштаваных і знішчылі абвінаваўчыя дакументы. Карную роту паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём, але салдацкае выступленне было хутка задушана. 26.10.1916 г. паўстанне аднавілася, але жорстка падаўлена: 9 кіраўнікоў і актыўных яго ўдзельнікаў былі расстраляны, 2 сасланы на катаргу, 5 накіраваны ў арыштанцкія роты.

У пачатку сакавіка 1917 г. ўзніклі Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 30.10 (12.11).1917 г. ўстаноўлена савецкая ўлада. З 30.10 (12.11).1917 г. да студзеня 1918 г. выходзіла газета «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», якая ў 1919 г. мела назвы: «Известия революционного комитета г.Гомеля и уезда», «Известия Гомельского Совета рабочих, крестьянских и красноармейских депутатов», «Путь Советов», з 1920 г. – «Полесская правда», а ў 1938 г. перайменавана ў «Гомельскую праўду».

З 01.03.1918 да 14.01.1919 г. ў акупіраваным германскімі войскамі Гомелі дзейнічаў падпольны рэвалюцыйны камітэт, які з'яўляўся штабам партызанскага руху на Палессі. У сакавіку 1918 г. германскія ўлады перадалі Гомель і павет Украіне. На Гомельшчыну ўступілі гайдамакі гетмана Скарапацкага. У студзені 1919 г. адбылася забастоўка пратэсту рабочых супраць германскай акупацыі. Падпольныя рэўкомы існавалі на Гомельскай чыгунцы і ў Новай Беліцы. З выгнаннем акупантаў скончылася самапраўства і гайдамакаў.

24–29.03.1919 г. адбылося антысавецкае паўстанне, якое ўзначаліў штабс-капітан царскай арміі М.Стракапытаў. Мяцежнікі захапілі чыгуначны вузел, школу, тэлеграф, падавілі супраціўленне ўзброеных атрадаў рэўкома і сталі поўнымі гаспадарамі горада. На барацьбу з паўстанцамі былі накіраваны часці Бранскага і Смаленскага гарнізонаў, браняпоезд з Масквы, атрады з гарадоў і мястэчак Гомельшчыны. Паўстанне было хутка падаўлена. У сакавіку-маі 1920 г. жорсткія баі вяліся каля горада супраць польскіх інтэрвентаў. З 26.04.1919 г. – цэнтр Гомельскай губерні РСФСР. 16–17.06.1919 г. Гомель наведаў старшыня ЦВК РСФСР М.І. Калінін з агітпоездам «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Ён выступіў перад чырвонаармейцамі, на надзвычайным сходзе Гомельскай арганізацыі РКП(б), перад рабочымі горада і наведаў Лібава-Роменскія майстэрні. У сувязі з эпідэміяй тыфу гарадскі клуб у лютым 1920 г. быў перададзены для пашырэння гарадскай заразнай бальніцы, будынак былой Праабражэнскай школы – для гарадскога прыёмніка-ізалятара, а ў будынку санітарнага бюро размясціўся ваенны шпіталь. Газета «Полесская правда» 07.05.1921 г. паведамляла аб адкрыцці 3 дамоў адпачынку ў прыгарадзе Гомеля Чонках, пазней тут быў адкрыты санаторый. У 1921 г. ўступіла ў лік дзеючых фабрыка «Палесдрук», створаная на базе некалькіх дробных друкарняў. 08.12.1926 г. Гомельская губерня ліквідавана, горад з Гомельскім і Рэчыцкім паветамі далучаны да БССР. Паводле перапісу 17.12.1926 г. ў Гомелі 86,4 тыс. жыхароў 35,5% з якіх складалі яўрэі.

Адначасова з нацыяналізацыяй жылога фонду буйных домаўладальнікаў вялася значная работа па рамонце і аднаўленні жылых будынкаў. Атрымала распаўсюджанне практыка будаўніцтва дамоў, разлічаных на хуткае атрыманне жылой плошчы. Да ліку такіх адносіліся каркаснашчытавыя і каркасна-абшыўныя дамы з уцяпленнем з апілак, саламіту, шлакавай засыпкі. Тэрмін эксплуатацыі такіх дамоў праду гледжваўся 10–15 гадоў. Але на практыцы эксплуатаваліся яны многія дзесяткі год. На рабочых ускраінах паяўлялася асвятленне, па магчымасці рабілася цвёрдае пакрыццё. Пераадольваючы шматлікія цяжкасці, гамяльчане вярталі да жыцця старыя прадпрыемствы, рабілі першыя крокі ў іх рэканструкцыі. Новыя імпульсы для свайго развіцця атрымалі дробныя прадпрыемствы саматужнага і паўсаматужнага тыпу, якія працавалі пераважна на мясцовай сыравіне. У ліпені 1920 г. пачалі дзейнічаць суднарамонтныя майстэрні (з 1935 суднарамонтны завод). Прафсаюзы Гомеля ў 1921 г. кожны тыдзень праводзілі масавыя суботнікі і тыднёвікі, якія адыгралі істотную ролю ў аднаўленні народнай гаспадаркі. У 1922–24 гг. пабудаваны і ўступілі ў строй фабрыка «Праца» і хлебакамбінат, на базе лесазаводаў «Калектыўная праца» і «Сацыялізм» у Навабеліцы створаны лесакамбінат. 29.04.1923 г. адбыўся пуск 1-й чаргі гарадской электрастанцыі. 04.11.1928 г. адкрыты рух на чыгуначнай лініі Навабеліца–Прылукі (Украіна) у напрамку Чарнігава. 12.08.1928 г. пачалося будаўніцтва «Гомсельмаша» (на паўночна-заходняй ускраіне, на тэрыторыі былога Навікоўскага гаю), у 1929 г. – мясакамбіната, у 1930 г. – тлушчакамбіната, у 1929–32 гг. ўзведзены дрэваапрацоўчы камбінат. У 1933 г. заснаваны рачны порт. У 1935 г. зацверджаны Генеральны план рэканструкцыі горада.

Хутка пашыралася сетка ўстаноў культуры. 07.11.1919 г. заснаваны краязнаўчы музей. Дзейнічалі народная кансерваторыя (з 1919), народна-пралетарская музычна-драматычная студыя (з 1919), руская драматычная трупа (1921–22). У 1920–26 гг. выходзіла газета «Новая деревня». З 1928 г. працавала радыёвяшчальная станцыя. У 1929 г. пабудаваны Палац чыгуначнікаў імя У.І. Леніна з кінатэатрам (рэканструяваны ў 1950), у 1936 г. – настаўніцкі інстытут, у 1929–31 гг. – Дом камуны, у 1935 г. – Дом спецыялістаў. У 1930 г. на базе ляснога аддзялення Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі быў адкрыты НДІ лясной гаспадаркі, а 21.06.1930 г. заснаваны Беларускі лесатэхнічны інстытут. У кастрычніку 1930 г. пачаў працаваць 2-гадовы аграпедагагічны (рэарганізаваны ў 1933 у педагагічны) інстытут. У 1932–37 гг. Гомель з'яўляўся пастаяннай базай Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-3) пад кіраўніцтвам У.І. Галубка. У 1933 г. адкрыты філіял Дзяржаўнай БССР БССР, у 1938 г. ператвораны ў абласную бібліятэку. У 1931–35 гг. дзейнічаў тэатр рабочай моладзі, на базе якога быў створаны і ў 1935–37 гг. працаваў першы на Беларусі калгасна-саўгасны тэатр пад кіраўніцтвам Е.А. Міровіча. У 1932 г. адкрыта музычнае вучылішча. У 1937 г. заснаваны настаўніцкі інстытут (у 1950-я г. аб'яднаны з педагагічным інстытутам). У 1939–41 гг. дзейнічаў абласны рускі драматычны тэатр, у 1938–48 гг. – Дзяржаўны тэатр лялек БССР.

Гомель
Драматычны тэатр

3 05.01.1938 г. цэнтр Гомельскай вобласці. 19.07.1940 г. ўтвораны Чыгуначны, Навабеліцкі і Цэнтральны раёны горада. Як у эканамічных, так і ў культурных адносінах Гомель стаў адным з развітых гарадоў Беларусі, буйным цэнтрам па падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай і сярэдняй кваліфікацыі самых розных прафесій. У 1940 г. ў горадзе працавалі 16 бібліятэк, 15 клубных устаноў, 5 кінатэатраў, 20 сярэдніх, 5 сямігадовых і 1 пачатковая школа з агульнай колькасцю навучэнцаў у іх 17 202 чалавекі. Выдаваліся газеты «Гомельская праўда», «Чыгуначнік Беларусі», «Беларускі фарватэр» і інш. У 1940 г. – 144,2 тыс. жыхароў.

У сувязі з нападам фашысцкай Германіі былі сфарміраваны добраахвотныя знішчальныя атрады. Гамяльчане склалі аснову 151-й і 132-й стралковых дывізій, 17-й асобнай дарожна-будаўнічай брыгады. Ствараліся брыгады па рамонце ваенннай тэхнікі. У фонд абароны былі перададзены ўвесь аўтатрактарны парк і значная частка харчовых запасаў. Пад шпіталь і раскватараванне вайсковых часцей адводзіліся школы і вучэбныя ўстановы. 16.07.1941 г. з Рослаўля перабазіраваліся ў Гомель ЦК КП(б)Б, Савет Народных Камісараў і Вярхоўны Савет БССР, дзе яны знаходзіліся да 19.08.1941 г. У Гомелі размяшчаўся і Штаб Цэнтральнага фронту, вылучаны 24.07.1941 г. з Заходняга фронту (камандуючы генерал-палкоўнік Ф.І. Кузняцоў). Хутка пераключалася на ваенны лад народная гаспадарка. 3авод імя С.М. Кірава асвоіў выпуск мінамётаў, Навабеліцкі лесакамбінат і запалкавая фабрыка «Везувій» наладзілі выраб супрацьтанкавых мін, ложкавая фабрыка і электрастанцыя выпускалі супрацьпяхотныя міны, металакамбінат арганізаваў выраб ручных гранат, «Гомсельмаш» і завод «Рухавік рэвалюцыі» перайшлі на рамонт ваеннай тэхнікі. Калектыў паравознага дэпо пераабсталяваў пад браняпоезд 2 паравозы з платформамі. З 28.6.1941 г. ў Гомелі выдавалася рэспубліканская газета «Звязда». Друкавалася і рэспубліканская газета «Советская Белоруссия». У ліпені 1941 г. пачало друкавацца сатырычнае выданне «Раздавім фашысцкую гадзіну» (зараз часопіс «Вожык»), першым рэдактарам якога быў народны пісьменнік Беларусі К.Крапіва. Сродкамі сатыры гэта выданне выкрывала зверствы захопнікаў, заклікала да рашучай барацьбы з імі, выхоўвала ў людзей пачуцці нянавісці да ворага, праслаўляла гераізм і доблесць нашых воінаў і партызан. На базе гомельскай фабрыкі «Палесдрук» была створана рухомая друкарня (кіраўнік Р.І. Дзегцяроў), якая ў ноч з 18 на 19 жніўня пераехала ў Церахоўку. Шэраг прадпрыемстваў было эвакуіравана ў тыл краіны: у г.Курган – «Гомсельмаш», на базе якога быў наладжаны выпуск мінамётаў; у Сталінград – дрэваапрацоўчы камбінат (выпускаў абаронную прадукцыю); у Башкірыю на Краснаводскі шкларобчы завод – Касцюкоўскі шклозавод; у г.Аткарск Саратаўскай вобласці – прадпрыемства па выпуску торфаздабыўнога абсталявання; у Свярдлоўскую вобласць – станкабудаўнічы завод; паравозавагонарамонтны завод размясціўся на вытворчых плошчах прадпрыемства такога ж профілю на Урале. Дзякуючы выкарыстанню абсталявання Гомельскай ЦЭЦ была пашырана цеплаэлектрацэнтраль Томска. Два дадатковыя патокі выпуску абутку былі арганізаваны на скураным камбінаце ў Казані на аснове абсталявання Гомельскай абутковай фабрыкі. Панчошна-трыкатажная фабрыка (заснавана ў 1926 г.) была эвакуіравана ў Арэнбург і выпускала прадукцыю для фронту. У Сталінград былі эвакуіраваны экспанаты Гомельскага абласнога краязнаўчага музея.

гомель
Палац Румянцавых-Паскевічаў

У дапамогу Чырвонай Арміі для адпору ворагу 9–12.07.1941 г. арганізаваны асобны батальён добраахвотнікаў пад камандаваннем маёра Н.С. Ісаева. Па колькаснаму складу ён быў роўны палку. Нягледзячы на рашучае супраціўленне савецкіх часцей і страты ворага, нямецка-фашысцкія войскі 20.08.1941 г. захапілі горад, а 23.08.1941 г. і яго прадмесце Навабеліцу. Акупанты стварылі тут 5 лагераў смерці і 6 іх аддзяленняў. На тэрыторыі дыслакацыі былой кавалерыйскай дывізіі Чырвонай Арміі і завода «Рухавік рэвалюцыі» быў створаны цэнтральны лагер ваеннапалонных, у якім загублена больш за 100 тыс. чалавек. З 20.08.1941 г. да 26.11.1943 г. дзейнічала патрыятычнае падполле (каля 100 патрыятычных груп і арганізацый). Высокай актыўнасцю вызначаліся падпольшчыкі друкарні і чыгуначнага вузла. Толькі ў жніўні–лістападзе 1943 г. яны вывелі са строю 18 паравозаў, знішчылі 18 цыстэрнаў з палівам, склад паліўна-змазачных матэрыялаў, 2 вагоны з авіяматорамі і правялі шэраг іншых аперацый. Каардынаваў дзейнасць падпольшчыкаў створаны ў лістападзе 1941 г. аператыўны цэнтр на чале з Ц.С. Барадзіным. Са жніўня 1941 г. да верасня 1943 г. дзейнічала падпольная патрыятыяная група І.І. Жалезнякова. Многія Гомельскія падпольшчыкі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а Е.І. Барыкіну, Ф.П. Котчанку, А.Л. Ісачанку і Ц.С. Барадзіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Гомель вызвалены 26.11.1943 г. Дваццаці тром злучэнням і часцям Чырвонай Арміі, якія вызначыліся ў баях за горад, было прысвоена найменне «Гомельскія». Маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі, генералы арміі А.В. Гарбатаўі, І.І. Фядзюнінскі, Маршал авіяцыі С.І. Рудэнка з'яўляюцца ганаровымі грамадзянамі Гомеля. У горадзе з 07.12.1943 г. да 10.04.1944 г. знаходзіўся штаб Беларускага фронту. 31.12.1943 г. спецпоездам з Масквы ў Гомель пераехалі ЦК КП(б)Б і Савет Міністраў Беларусі.

Акупанты на 80% разбурылі Гомель. З 1765 камунальных і ведамасных устаноў засталося 600, а з 8750 прыватных дамоў – крыху больш за 4 тысячы. Былі разбураны ўсе прамысловыя прадпрыемствы. Аднаўленне і развіццё горада вялося хуткімі тэмпамі. 25.03.1944 г. ў Навабеліцы пачала працаваць радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». 25.09.1944 г. першае шкло даў завод у Касцюкоўцы. На базе маторарамонтных майстэрань у 1944 г. ствараецца завод пускавых рухавікоў. У 1946 г. пабудаваны чыгуначны мост цераз Сож. У 1947 г. зацверджаны Генплан аднаўлення і развіцця Гомеля, адкрыўся аўтобусны рух, паявіліся першыя таксі. У 1952 г. завяршылася будаўніцтва 1-й чаргі Гомельскага піваварнага завода. У 1961 г. горад атрымаў прыродны газ. У 1963 г. пачата будаўніцтва хімічнага завода, які ў 1966 г. даў першую прадукцыю – серную кіслату, а ў 1968 г. – двайны грануляваны суперфасфат (сёння вядомы як суперфасфатны завод). У канцы 1982 г. ўступілі ў строй дзеючых заводы ліцця і нармалей, малочны і іншыя прадпрыемствы. На долю Гомеля зараз прыпадае каля 60% валавой прамысловай прадукцыі вобласці.

Гомель
Сядзібна-паркавы комплекс Багуслаўскіх

Вялікая работа вялася па аднаўленні і будаўніцтве жылля і ўпарадкаванні горада. Першы Генплан Гомеля (1935, архітэктары І.Сяргееў, Т.Патарочына, Б.Белапухаў, А.Марозаў, Б.Вальфензон; удакладнены ў 1937, 1938, 1940) прадугледжваў ператварэнне веернай сістэмы планіроўкі горада ў радыяльна-кальцавую з занальным размяшчэннем галін прамысловасці. У пасляваенным праекце аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля гэта ідэя атрымала далейшае развіццё (1946, архітэктары Сяргееў, Т.Сяргеева, Г.Дзесяткаў, Белапухаў, І.Бербукоў, Вальфензон; удакладнены ў 1952 і 1961). Захаваны асноўныя магістралі: прамянёвыя і перпендыкулярныя да іх вуліцы Перамогі і злучаныя з ёю прамянёвыя вуліцы вызначылі трохкутнік цэнтра з плошчамі імя У.І. Леніна, Прывакзальнай і Савецкай. Удасканальвалася планіровачная структура горада, яго забудова, інжынернае абсталяванне і добраўпарадкаванне. За пасляваенныя дзесяцігоддзі пабудаваны: чыгуначны вакзал (1948, архітэктар К.Міцін), тэатр (праект 1941, пабудаваны ў 1947–56, архітэктар Тарасенка), гасцініца «Сож» (архітэктар В.Бурлак), шматпавярховыя жылыя дамы на галоўных магістралях, спартыўны палац (1960, архітэктары С.Паўлаў, І.Спірын), універмаг (1961), рэстаран «Беларусь» (1967, архітэктар Л.Тумакоў), шэраг школ, кінатэатраў. Быў рэканструяваны парк культуры і адпачынку, створаны пляж, новы пешаходны мост цераз Сож. 20.05.1962 г. здадзены ў эксплуатацыю першы тралейбусны маршрут, а ў 1996 г. – прыгарадны чыгуначны вакзал.

Гомель інтэнсіўна пашыраўся і паглынаў бліжэйшыя да яго сельскія населеныя пункты: у 1934 г. – в. Любны, пасёлкі Мільчанск, Самавоўк, у 1948 г. – вёскі Ціценка і Верхні Брылёў у 1954 г. – Новікаўская Рошча, Хутар, у 1957 г. – Прудок, Якубаўка, пас.Чапаева, у 1960 г. – в.Ляшчынец, у 1961 г. – в.Ніжні Брылёў, у 1963 г. – в.Паўлава, Масцішча, пас.Хутар, у 1965 г. – в.Брылёва, у 1968 г. – пас.Сонечны (да 1965 пасёлак Гомельскай РТС), в.Падгорная, у 1972 г. – пас.Чырвоны Кастрычнік, у 1976 г. – пас.Будзёнаўскі, у 1974 г. – в.Валатава, у 1983 г. – пас.Спутнік Міра, в.Новая Мільча, в.Старая Мільча, у 1979 г. – пас.Навікі, у 1989 г. – пас.Новае Жыццё.

Актыўнае развіццё атрымала сетка ўстаноў культуры, адукацыі і навукі. У 1953 г. заснавана гарадская бібліятэка № 2 імя І.П. Мележа, у лістападзе 1954 г. адкрыты абласны драматычны тэатр, у 1967 г. – абласная філармонія, у лютым 1968 г. створаны абласны тэатр лялек, у 1972 г. ўзведзены будынак цырка. 01.10.1953 г. адкрыты Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту і педагагічны інстытут, які ў 1969 г. ператвораны ва універсітэт. У студзені 1980 г. створаны навукова-даследчы інстытут прыкладной фізікі АН БССР (на базе аддзела фізікі неразбуральнага кантролю), пачаў выдавацца ўсесаюзны навуковы часопіс «Трение и износ». У кастрычніку 1980 г. адкрыты політэхнічны інстытут (на базе Гомельскага філіяла політэхнічнага інстытута), ператвораны затым ва універсітэт. Яркім сведчаннем развіцця народнай творчасці з'яўляецца прысваенне звання «народны» многім самадзейным калектывам.

У горадзе дзейнічаюць Гомельскі дзяржаўны універсітэт, Беларускі універсітэт інжынераў транспарту, політэхнічны ўніверсітэт, кааператыўны і медыцынскі інстытуты, 8 навукова-даследчых устаноў, у тым ліку Беларускі НДІ лясной гаспадаркі і Інстытут механікі металапалімерных сістэм Нацыянальнай АН Беларусі, 12 прафесійна-тэхнічных вучылішч, у тым ліку вышэйшае вучылішча электронікі, вучылішча алімпійскага рэзерву, вышэйшае вучылішча кулінарыі, тэхнікумы сельскагаспадарчы і чыгуначнага транспарту, політэхнічны, машынабудаўнічы, дарожна-будаўнічы, ПТУ-тэхнікум, пажарна-тэхнічнае і медыцынскае вучылішчы, каледж мастацтваў, музычна-педагагічны каледж, гідраметэастанцыя. Працуюць 58 бібліятэк, 16 клубных устаноў, у іх ліку 4 Палацы культуры, 7 кінатэатраў, парк культуры і адпачынку (плошча 281 га), абласны краязнаўчы музей (адкрыты 07.11.1919 на базе нацыяналізаваных калекцый князя Паскевіча), 116 дашкольных устаноў, 82 агульнаадукацыйныя, 3 музычных і 6 школ мастацтваў, 14 праектных інстытутаў і філіялаў, 684 магазіны, 1223 спарт. збудаванні, 18 бальніц, 153 дашкольныя ўстановы і 306 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Выдаецца абласная газета «Гомельская праўда» (з 1917), гарадскія газеты «Гомельскія ведамасці» (з 1991) і «Вячэрні Гомель», шматтыражкі «Сел-машавец» (з 1930 на заводзе «Гомсельмаш»), «Трыкатажніца» (з 27.11.1959 на трыкатажнай фабрыцы «8 сакавіка»), «Гомельский университет» (з верасня 1969). Дзейнічаюць абласное радыёвяшчанне, абласная студыя тэлебачання (з 31.12.1957), абласное аддзяленні саюзаў пісьменнікаў, мастакоў журналістаў, архітэктараў. Ва ўрочышчы Чонкі – турысцкая база «Сож». У 1990 г. пачала працаваць штаб-кватэра Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). 31.01.1990 г. рашэннем Архірэйскага сабора рускай праваслаўнай царквы ўтворана Гомельская праваслаўная епархія. Паводле перапісу насельніцтва Гомеля складала: у 1959 г. – 168,3 тыс, у 1979 г. – 400 тыс, у 1989 г. – 500 тыс. жыхароў.

Гомель – радзіма беларускага археолага, фалькларыста, этнографа, краязнаўца і педагога, правадзейнага члена Рускага геаграфічнага таварыства Е.Р. Раманава (нарадзіўся ў былым мястэчку Новая Беліца, цяпер у складзе горада), Герояў Савецкага Саюза І.Б. Катуніна (яго імем названы пасёлак у Архангельскай вобласці і вуліца ў Гомелі), генерал-маёр С.Д. Крэмера (ганаровы грамадзянін гарадоў Маладзечна Мінскай вобласці і Тукуліс, Латвія), А.І. Лізюкова (яго імем названы Саратаўскае ваеннае вучылішча, вуліца ў Варонежы) і П.І. Лізюкова (імем братоў Лізюковых названа вуліца ў Гомелі), Ю.А. Шандалава, Ц.С. Барадзіна, Б.А. Царыкава, М.А. Неўскага, І.Е. Каленікава, П.С. Сінчукова, Г.М. Склязнёва, Д.Н. Пенязькова, поўнага кавалера ордэна Славы В.Д. Вятошкіна, дзяржаўнага і партыйнага дзеяча БССР І.Я. Палякова, народнага мастака Расіі, акадэміка Акадэміі мастацтваў СССР, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Г.Р. Ніскага, акадэмікаў Нацыянальнай АН Беларусі В.М. Чачына, А.Г. Шашкова, Л.У. Хатылёвай, члена-карэспандэнта Нацыянальнай АН Беларусі А.А. Кавалёва, Л.А. Шматкова, партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі А.А. Малафеева, пісьменнікаў В.Б. Спрынчана, М.А. Вішнеўскага, Дз.Е. Лапо, І.А. Ласкова, У.І. Дадзіёмава, Л.Л. Шакіры, мастакоў Н.П. Варвановіч, В.А. Дзядок, В.Ф. Казачэнкі, К.І. Максімава, Ф.І. Махаўцова, В.П. і Я.П. Паташкіных, М.А. Шырокава, кампазітараў Л.М. Гуціна, У.А. Дамарацкага, І.У. Хадоскі, З.А. Яўтуховіча, А.М. Гулая, Э.А. Казачкова, Р.К. Пукста, народнага артыста БССР І.П. Сайкова, заслужаных артыстаў БССР Т.М. Пастунінай, У.М. Кавальчука, Р.В. Асіпенкі, генерал-лейтэнанта інжэнерна-авіяцыйнай службы М.А. Левіна, дактароў навук К.П. Кабашнікава, С.М. Алукера, А.С. Карлюка, М.В. Мякіннікавай, А.Я. Журава, С.А. Падокшына, С.Я. Рассадзіна, А.Ф. Рогалева, дзяржаўнага дзеяча Беларусі, журналіста, кандыдата гістарычных навук А.М. Міхальчанкі, чэмпіёна свету па класічнай барацьбе А.А. Лібермана (1973), заслужанага майстра спорту СССР Л.Р. Гміштара, генерал-маёра А.А. Паўловіча і многіх іншых вядомых людзей Беларусі.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [250]
Каталог файлаў [99]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [148]
Адукацыя [18]
Спорт [706]
Здарэнні [169]
Грамадства [264]
Эканоміка [11]
Транспарт [75]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [14]
Каляндар
«  Красавік 2019  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.