МАДЭРН (ад франц. moderne найноўшы, сучасны) — стыль у еўрапейскім і амерыканскім мастацтве канца XIX — пачатку XX ст. Узнік каля 1890 г. як рэакцыя на эклектызм у мастацтве. Яго прадстаўнікі імкнуліся пераадолець характэрныя для культуры XIX ст. супярэчнасці паміж мастацкай і ўтылітарнай асновамі, адрадзіць дух стылявога адзінства твораў мастацтва, дзе ўсе элементы падпарадкаваныя адзінай вобразна-сімвалічнай задуме.
Чыгуначны вакзал у Слоніме Характэрныя рысы ў архітэктуры — свабодная функцыянальна абгрунтаваная планіроўка, новыя прынцыпы формаўтварэння, асэнсаванне новых канструкцыяў і матэрыялаў, адмова ад ордэрнай сістэмы, імкненне выявіць каркасную структуру будынка, багатая
арнаментыка з уключэннем стылізаваных элементаў готыкі, антычнага і народнага мастацтва, шырокае выкарыстанне хваліста-ламанай лініі ў дэкоры і цякучых пластычных формах, асіметрычна крывалінейнага завяршэння дзвярных і ваконных праёмаў, адраджэнне сінтэзу мастацтваў. Найбольш паслядоўна выяўляўся ў стварэнні прыватных дамоў — асабнякоў, дзелавых прамысловых і гандлёвых будынкаў, выставачных залаў, вакзалаў, тэатраў, мастоў і інш.
Сядзібны дом у Жалудку У архітэктуры Беларусі мадэрн пашыраны ў пачатку XX ст. З найбольш яскравых пабудоваў варта назваць жылыя дамы па вул.Савецкай у Гомелі, будынак
бібліятэкі імя Я.Карскага ў Гродне, былы царкоўна-археалагічны музей у Мінску, Віцебскі пазямельна-сялянскі банк, сядзібны дом у г.п.Жалудок Шчучынскага раёна, Лужаснянская земляробчая школа, чыгуначны вакзал і банк у Слоніме.
Стыль мадэрн меў уплыў і на беларускае выяўленчае, манументальна-дэкаратыўнае, дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва канца XIX — пачатку XX ст. Ягоныя рысы адчуваюцца ў некаторых творах Ф.Рушчыца (пейзажы «Старыя яблыні» і «Зімовая казка»), асобных творах С.Богуш-Сестранцэвіча («Жаночы партрэт»). Выявіўся таксама ў формах і аздобе мастацкага шкла, што выраблялася ў Бярозаўцы (Лідскі раён) і Барысаве, на віцебскай кафлі і дэкаратыўнай плітцы. Драўляная мэбля багата аздаблялася рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй; выявіўся і ў мастацкім ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.).
Крыніца: "Краязнаўчая газета" № 11 (412) сакавік 2012 года