Субота, 04.05.2024, 07:20

МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС «ПРАРЫЎ»

Галоўная »
МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС «ПРАРЫЎ» — філіял Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. Знаходзіцца каля вёсак Пліна і Паперына Ушацкага раёна, за 10 км на захад ад г.п.Ушачы на шашы Ула — Зябкі, дзе ў Вялікую Айчынную вайну ў ноч з 4 на 5 мая 1944 г. беларускія партызаны Полацка-Лепельскага злучэння здзейснілі прарыў блакады нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адкрыты 30.06.1974 г. у гонар подзвігу партызан (скульптар А.Анікейчык, архітэктары Ю.Градаў і Л.Левін; бетон, бронза, сілумін).




Ансамбль мемарыяла пабудаваны такім чынам, што наведвальнік быццам праходзіць па тым шляху, якім ішлі на прарыў блакады партызаны. Пры ўваходзе ў мемарыял пачынаецца забетаніраваны адрэзак шляху, дзе дарога на перападах рэльефу спускаецца да карты-схемы размяшчэння партызанскіх брыгад на 11.04.1944 г з надпісам: «Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх бітваў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 г. каля вёсак Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17 185 супраць 60 000. Мужнасць народа перамагла смерць і стала бессмяротнасцю». Далей дарога падымаецца ўверх, звужаецца сценамі-пілонамі, на якіх замацаваны сілумінавыя пласціны з назвамі брыгад-удзельніц прарыву, і вядзе да ўзвышэння, на якім узведзены галоўны манумент — скіраваная наперад у імклівай атацы бронзавая фігура партызана (9 м) з аўтаматам у руцэ; разарваная 11-метровая сцяна за спіной у народнага мсціўца сімвалізуе прарваную блакаду. На верхняй пляцоўцы манумента «Плошча памяці», дзе ў 1944 г. пахаваны 450 партызан, воінаў Чырвонай Арміі і загубленых гітлераўцамі мясцовых жыхароў. Далей — «Агонь памяці» і пліты з прозвішчамі партызан, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час Полацка-Лепельскай бітвы (11.04 — 05.05.1944 г.). Побач бронзавая кампазіцыя «Апошні прывал» — 3 вінтоўкі ў пірамідзе і стужка з надпісам: «Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай і гісторыяй». Злева ад скульптурнай фігуры разбіты парк партызанскай славы, дзе ў 1982 г. пасаджаны 17 відаў дрэў у гонар партызанскіх брыгад Ушаччыны. У глыбіні кампазіцыі «Плошча памяці» пасаджаны дубовы гай як сімвал мужнасці і стойкасці 16 партызанскіх брыгад.



Мемарыяльны ансамбль «Прарыў» — адзін з найбольш значных твораў манументальнага мастацтва Беларусі.

Адрас: Ушацкі раён, в.Паперына
Тэлефоны: +375 2158 2-18-53, +375 2158 2-10-92 (Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміравіча Елісеевіча Лабанка)

Аўтар: М.М.Кірпіч
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [471]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.