Пятніца, 29.03.2024, 00:18

МОВА

Галоўная »
МОВА — галоўны сродак камунікацыі і мыслення ў чалавечым калектыве. Пры разглядзе мыслення як аўтакамунікацыі (зносіны індывіда з ім самім) мову можна вызначыць як сродак камунікацыі ў самым шырокім сацыяльным сэнсе. Мова не існуе без грамадства, а грамадства — без мовы. Калектыўная праца і досвед узнікаюць з працы і досведу індывідуумаў з дапамогай мовы. Разуменне яе грунтуецца на калектыўным досведзе чалавецтва і індывідуальным досведзе чалавека як носьбіта дадзенай мовы, якая выкарыстоўваецца ў пэўным соцыўме. Для гэтага неабходна, каб кожнаму паняццю адпавядала асобная моўная форма, моўны знак. Адсюль вынікае іншая яе функцыя — намінатыўная. У выніку мову трэба разглядаць у дзвюх яе функцыях: камунікатыўнай і намінатыўнай. Як сродак камунікацыі, стварае магчымасць абмену інфармацыяй паміж людзьмі ў грамадстве, як сродак намінацыі — магчымасць атрымання інфармацыі праз навакольную рэчаіснасць. Яна ўяўляе сабой сістэму, што складаецца з моўных адзінак і правілаў іх спалучэння. Заканамернасці існавання і паходжання моўнай сістэмы ўвогуле і асобных этнічна абмежаваных моўных сістэмаў вывучае мовазнаўства. У працэсе маўлення ўзнікаюць новыя элементарныя адзінкі, новыя іх спалучэнні, найбольш устойлівыя ствараюць новыя адзінкі мовы, узбагачаюць яе.

Пры ўспрыняцці плыні маўлення не заўсёды можна выдзеліць у ёй адзінкі мовы. Усё залежыць ад таго, наколькі мы іх ведаем папярэдне. Найбольш цяжка гэта зрабіць пры ўспрыняцці вуснага тэксту на цалкам невядомай мове. Першая ўмова разумення вуснага тэксту — выразнае чляненне плыні маўлення, выдзяленне ў ёй элементаў, якія паўтараюцца і вядомыя папярэдне.

На працягу ўсёй гісторыі развіцця чалавецтва існавала вялікая колькасць моваў. З часам нават блізкія дыялекты ператварыліся ў розныя мовы. Агульнаму працэсу моўнага развіцця характэрнае суіснаванне дзвюх процілеглых тэндэнцыяў: разыходжанне (дывергенцыя) генетычна роднасных і сыходжанне (канвергенцыя) генетычна няроднасных дыялектаў. Першыя з іх стварылі сям'ю моваў, другія — моўны саюз.

Мёртвая мова — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў дачыненні да мовы, што не мае жывых носьбітаў, для якіх яна была б роднай. Смерць мовы можа наступіць у выпадку яе выцяснення іншай мовай ці мовамі (так адбылося з мовамі амерыканскіх індзейцаў, што былі выцесненыя англійскай і іншымі мовамі каланізатараў). Некаторыя мовы становяцца мёртвымі ў выніку натуральнай эвалюцыі, развіваючыся ў іншыя (прыкладам можа быць лаціна, з якой развіліся жывыя раманскія мовы; падобны лёс спасцігнуў санскрыт і стараславянскую). Некаторыя мёртвыя мовы працягваюць выкарыстоўвацца ў навуцы ці літургіі (лаціна, санскрыт, копцкая мова, царкоўна-славянская мова).

У некаторых выпадках мёртвыя мовы могуць «ажыць», як гэта адбылося з ідышам, на якім сёння размаўляюць 9 млн чалавек, у т.л. 6 млн скарыстоўваюць яго як асноўную мову.

Штотыдня ў свеце знікае адна мова. Лінгвісты прагназуюць, што праз 25 гадоў застанецца дзясятая частка ад тых, што існуюць цяпер. ЮНЕСКА створаны спіс моваў, якія знаходзяцца пад пагрозаю знікнення (адна з прычынаў — няма або мала дзяцей, якія валодаюць той ці іншай моваю, адсутнасць або малая колькасць тых, хто навучаецца на ёй у сярэдніх, спецыяльных і вышэйшых навучальных установах). Уваходзіць у яго і беларуская мова; у беларуска-літоўскім памежжы — усходні ідыш (на аснове нямецкай мовы) і мова караімаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 32 (481) жнівень 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.