Пятніца, 26.04.2024, 18:17

НАВУКОВЫ СТЫЛЬ

Галоўная »
НАВУКОВЫ СТЫЛЬ — адзін з функцыянальных стыляў мовы, які абслугоўвае сферу навукі і характарызуецца асаблівай лагічнасцю, абстрактнасцю, аб’ектыўнасцю і дакладнасцю выкладу. У адпаведнасці са сферамі выкарыстання і спецыфікай лексічных і сінтаксічных сродкаў мае падстылі: навукова-тэхнічны, навукова-дзелавы, навукова-папулярны.

Навукова-тэхнічнаму падстылю ўласцівае шырокае выкарыстанне тэхнічных тэрмінаў і наменклатуры, аддзеяслоўных назоўнікаў, лаканічных, простых сказаў. Навукова-дзелавы падстыль характарызуецца перавагай агульнанавуковай лексікі, спецыфічнымі сінтаксічнымі канструкцыямі-штампамі. Навукова-папулярны падстыль вызначаецца разгорнутым апісаннем навуковых паняццяў, шматлікімі эпітэтамі, параўнаннямі, вялікім ілюстратыўным матэрыялам.

Стыль мае шэраг агульных рысаў, уласцівых усім навукам і ўсім жанрам навуковых тэкстаў (манаграфія, навуковы артыкул, навучальны дапаможнік). У лексіцы характэрнае шырокае выкарыстанне тэрміналогіі, што выступае ядром навуковага тэксту. У тэкстах шырока выкарыстоўваецца абстрактная лексіка, пабочныя словы, што ўказваюць на адносіны паміж часткамі сказа, а таксама выражаюць ацэнку дакладнасці паведамляемага. У сінтаксісе стыль характарызуецца тэндэнцыяй да складаных сінтаксічных канструкцыяў, упарадкаванай і аднатыпнай сувяззю паміж асобнымі часткамі выказвання, выразнай пабудовай абзацаў і іх ланцугоў, ужываннем канструкцыяў з абагульняючым родавым найменнем перад пералічэннем, рэдкім выкарыстаннем безасабовых і эліптычных сказаў. У марфалогіі ўласцівае выкарыстанне займеннікаў множнага ліку 1-й асобы для ўказання асобы аўтара («думаем», «сцвярджаем») або беззайменнікавага выражэння яе формамі дзеясловаў («думаецца», «мяркуецца», «прапануецца»), шырокае выкарыстанне аддзеяслоўных назоўнікаў, дзеепрыслоўяў і інш.

Навуковы стыль беларускай мовы мае доўгую, але перарывістую гісторыю фармавання (ад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай пісьменнасці XIV — XVII стст. да бурнага фармавання навуковага стылю сучаснай мовы ад 1920-х гг. У выніку вялікага перапынку (каля двух стагоддзяў) функцыянавання беларускай мовы ў пісьмовай сферы была амаль цалкам страчаная пераемнасць у фармаванні стылю, цяпер можна гаварыць толькі аб некаторай пераемнасці ў тэрміналагічнай лексіцы. Некаторы ўздым адбыўся ў пачатку XX ст. З’явіліся беларускія выдавецтвы і друкаваныя перыядычныя органы, у т.л. выданні навукова-папулярнага зместу, што ставілі за мэту тлумачыць з’явы на роднай мове, нармалізаваць навуковую тэрміналогію. У 1920 — 1930-я гг. пашырыліся функцыі літаратурнай мовы, яна пачала актыўна выкарыстоўвацца ў школах, дзяржаўных і культурна-асветных установах, у навуцы. Пачалася актыўная праца над упарадкаваннем і распрацоўкай беларускай тэрміналогіі (вялікі ўнёсак зрабілі навукова-тэрміналагічная камісія Інбелкульта і АН БССР).

Ва ўмовах сучаснага беларуска-рускага білінгвізму (двухмоўя) паміж сферамі выкарыстання абедзвюх моваў наглядаецца пэўнае размеркаванне, і гэта асабліва прыкметна ў галіне навуковага стылю. Спецыфічныя прыкметы стылю сустракаюцца ў мастацкай літаратуры (напрыклад, навукова-фантастычнай, навукова-мастацкай і інш.).

Крыніца: Краязнаўчая газета
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.