НОЎГАРАДСКІЯ ЛЕТАПІСЫ — помнікі старажытнарускага летапісання XII — XVII стст. Складзеныя ў Ноўгарадзе. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, што захаваліся ў шматлікіх спісах. Найбольш старажытныя і каштоўныя — Ноўгарадскі 1-ы (звесткі даведзеныя да 1-й паловы XIV ст.) і Ноўгарадскі 4-ы (да 2-й паловы XV ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцго, лаканічнасцю, дакументальнай дакладнасцю і дзелавым характарам выкладу, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам,
Вялікім Княствам Літоўскім, Лівоніяй, Масквою і іншымі гарадамі і землямі. Падзеі апісаныя у пагадовай форме і асветленыя з пазіцыяў агульнанароднага патрыятызму. Ноўгарадскія летапісы адкрываюцца
«Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць, апрача арыгінальных мясцовых звестак, гісторыка-дакументальны і літаратурны матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з іншых старажытнарускіх крыніцаў.
Асобныя летапісы багатыя на звесткі па гісторыі Вялікага Княства Літоўска і земляў сучаснай Беларусі, асабліва Ноўгарадскі 4-ы летапіс, што паслужыў адной з асноўных крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г.; на падставе Ноўгарадскіх летапісаў складзеная агульна-руская частка летапіснага зборніка 1-й паловы XVI ст., што захоўваўся і дапаўняўся гістарычнымі запісамі ў Супраслі (Супрасльскі рукапіс). У XV — XVII стст. на беларускіх землях бытавалі і іншыя Ноўгарадскія летапісы і розныя летапісныя кампіляцыі ноўгарадскага паходжання (напрыклад, Летапіс Аўрамкі).