Субота, 27.07.2024, 03:20

ПАЛЕМІЧНАЯ ЛІТАРАТУРА

Галоўная »
ПАЛЕМІЧНАЯ ЛІТАРАТУРА (ад грэч. polemikos варожы) — публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца XVI — першай паловы XVII ст. Пераважна рэлігійная па форме і сацыяльна-палітычныя па змесце. Уключала рукапісныя і друкаваныя адкрытыя пісьмы, палемічныя трактаты, памфлеты, адозвы і інш. Творы палемічнай літаратуры пісаліся на царкоўнаславянскай, старажытнабеларускай, украінскай і польскай мовах. Літаратурная палеміка пачалася пасля выхаду кнігі езуіта Гербеста «Указанне шляху» (1566), дзе ставілася пытанне пра неабходнасць царкоўнай уніі з Рымам. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай разгарнулася барацьба з каталіцкай контррэфармацыяй. Польскія феадалы і езуіты імкнуліся навязаць праваслаўнаму насельніцтву і прыхільнікам Рэфармацыі Беларусі і Украіны каталіцкае веравызнанне і паланізаваць край. Праваслаўныя беларускія і ўкраінскія публіцысты адстойвалі нацыянальныя інтарэсы сваіх народаў, культурна-гістарычныя традыцыі, змагаліся за верацярпімасць і дэмакратызацыю грамадска-палітычнага і культурнага жыцця. У 1577 г. польскі езуіт П. Скарга ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» абгрунтаваў ідэю аб'яднання рымска-каталіцкай і ўсходнеправаслаўнай цэркваў. У адказ з'явіліся ананімныя творы «Пасланне да латын з іх жа кніг», «На багамерзкую на паганую лаціну», а таксама паданні-памфлеты. Першы неананімны твор «Ключ Царства нябеснага», з дадаткам «Каляндар рымскі новы» Г. Сматрыцкага (1587), дзе побач з царкоўна-рэлігійнымі ўзмацніліся і сацыяльныя праблемы.

Літаратурная палеміка актывізавалася пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. З'явіліся творы з каталіцка-ўніяцкага боку А. Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стэфан Зізаній» (1595), I. Пацея «Антырызіс» (1599), з праваслаўнага — Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Исторіа о Листрикійском, то есть о разбойническом, ферарском або флоренском сиподе» (1598), С. Зізанія «Казанье святого Кириллы...» (1596) і інш. У палемічных творах праваслаўнага кірунку выкрываўся незаконны характар Фларэнційскай (1438 — 1439 гг.) і Брэсцкай царкоўных уніяў, своекарыслівая палітыка праваслаўных іерархаў-рэнегатаў. Шэраг твораў палемічнай літаратуры ўзнік у першым двадцадігоддзі XVII ст.: з праваслаўнага боку «Антыграфі...» (1608) і «Трэнас» (1610) М. Сматрыцкага, «Казанне двое...» Л. Карповіча (1615), «Палінодыя, або Кніга абароны...» 3. Капысценскага (1621 — 1622 гг.), з уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) I. Пацея, «На Трэны і лямант Тэафіла Арталога» П. Скаргі (1610), «Парыгорыя» I. Марахоўскага (1612), «Абарона уніі» Л. Крэўзы (1617) і інш. Пісьменнікі-палемісты, якія займалі высокія царкоўныя пасады» аднавілі традыцыю праваслаўнай пропаведзі. У 1620 г. новая хваля літаратурнай палемікі была выкліканая ўзнаўленнем вышэйшай праваслаўнай іерархіі, скасаванай Брэсцкай царкоўнай уніяй. Высокім грамадзянскім гучаннем прасякнутыя «Апраўданне нявіннасці» і «Абарона апраўдання» (1621) М. Сматрыцкага, «Антыдотум» А. Мужылоўскага (1629), «Антапалогія» Г. Дзіпліца (Кіселя; 1631), дзе паказвалася бесперспектыўнасць унутранай і знешняй палітыкі правячых колаў Рэчы Паспалітай. Палемічная літаратура гэтага перыяду — моцная ідэйная зброя ў барацьбе за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне беларускага і ўкраінскага народаў. 3 уніяцкага боку найбольш актыўна выступалі I. Руцкі, I. Кунцэвіч, Д. Сялява і інш. Пасля Львоўскага сабора (1629) палеміка звузілася да багаслоўска-маралізатарскай тэмы. Найлепшыя традыцыі палемічнай літаратуры працягваў А. Філіповіч. Абараняючы праваслаўнае веравызнанне, якое ў тыя часы было часткай нацыянальнай культуры, сімвалам свядомасці, пісьменнікі-палемісты адстойвалі ўстоі, традыцыі, культурныя дасягненні ўсходнеславянскіх народаў. У рамках палемічнай літаратуры адбывалася развіццё і станаўленне новых відаў і жанраў старажытнай усходнеславянскай літаратуры, выяўленне асабістых пачаткаў у літаратуры. Новыя формы мастацкага мыслення ў рамках стылю барока далі магчымасць спалучыць фальклорныя здабыткі ўсходних славянаў з літаратурнымі традыцыямі.

Асобныя творы літаратурнай палемікі перавыдадзеныя ў XIX — XX стст. Большасць з іх маладаследаваныя, з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №10 (651) сакавік 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 41
Гасцей: 41
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.