Аўторак, 16.04.2024, 11:10

ПЛЫТ

Галоўная »
ПЛЫТ — звязаныя паміж сабой бярвёны для лесасплаву, транспартавання грузаў і пераправы па вадзе. Самы старажытны тып водных транспартных сродкаў. Памеры плыта залежалі ад ракі і яе ландшафту.

Плыт вязалі ўвесну на вадзе або на беразе сплаўной ракі, часам — узімку на лёдзе. Бярвёны звязвалі ў звёны, якія мелі рэгіянальныя асаблівасці і назвы: у басейне Дняпра — грабёнка, тарка, Прыпяці і Нёмана — клейна, гонка, лаўка, Дзвіны — глейна, гуська, лава. Невялікія плыты складаліся з 1—5 і болей звёнаў. На Пцічы часам звёны (клейны) вязалі ўкругавую вакол адной клейны (такі спосаб называўся качаном). Партыя (караван] плытоў уключала некалькі дзясяткаў звёнаў. Спосабы і прыёмы вязання плыта цягам стагоддзяў амаль не мяняліся. Для вязання ўжывалі віцы (нузды, гужба, гардзялі) — вяроўкі са скручаных лазовых, бярозавых, вярбовых пруткоў або карэння дрэваў, радзей пяньковыя, скураныя. Віцамі прывязвалі канцы кожнага бервяна да жэрасцяў пакладзеных упоперак плыта, і замацоўвалі з дапамогай драўлянага кліна — кнэбеля (кніпеля).

У пачатку XX стагоддзя плыты пачалі звязваць дротам або збіваць жалезнымі цвікамі (ужываліся і драўляныя цвікі — нагелі, штыфты). Звёны плытоў злучаліся паміж сабой паклёсамі. Для кіравання плытамі на пярэднім і заднім звяне плытагоны мацавалі ва ўключыны (качаты, рачкі) рулявыя вёслы. Часам плыты кіраваліся шастамі (ляска, яліны, бусакі; даўжыня 4—6 метраў). На Дняпры іх называлі бабайкамі, на Прыпяці — дрыгаўкамі, на Дзвіне — брыгаўкамі, рулявое вясло на першым звяне плыта на Нёмане і Сажы — апачынай. Для запавольвання ходу плыта служылі барбары — канаты з лазовых ці бярозавых віцаў з завостранымі шастамі на канцы, а для тармажэння — завостраны кол (шрык, шарыга, шорц), умацаваны ў галаве і хвасце плыта.

На начлег плыты прычальвалі да берага і прывязвалі яго з дапамогай арала. На плыце, што знаходзіліся ў дарозе працяглы час, абсталёўвалі месца для жылля і прыгатавання ежы.

У наш час плыты ў некаторых краінах (да прыкладу, у Германіі) скарыстоўваюць у галіне турызму як дадатковы сродак перамяшчэння, забаўка, або дзеля разнастайвання ўражанняў ад адпачынку, паглыблення ў даўніну, стварэння пэўнага антуражу.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 30 (767) лістапад 2019 года;
«Краязнаўчая газета» № 31 (768) лістапад 2019 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1387]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [142]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.