ВІННІК Ульяна Пятроўна (1945 год нараджэння) нарадзілася ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Больш за сорак гадоў працавала ва ўстановах культуры, была кінамеханікам у вёсках Хатынічы і Боркі, спявала ў фальклорным калектыве. Ткацтвам і вышыўкай пачала займацца з дзяцінства і гэтае захапленне пранесла праз усё жыццё.
Ульяна Віннік — сапраўдны носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый, яна не толькі валодае традыцыйнымі тэхналогіямі ткацтва і беражліва іх захоўвае, але з вялікім задавальненнем дзеліцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі, далучае да рамяства падрастаючае пакаленне. Яна праводзіць майстар-класы, семінары для дзяцей і дарослых, як у сябе дома, так і на базе Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў.
Тканыя і вышытыя ручнікі, прасціны, посцілкі, паясы Ульяны Пятроўны — гэта цудоўныя рукатворныя мастацкія вырабы, якія сведчаць пра талент майстрыхі. Усе яе працы ўнікальныя і незвычайныя, напоўнены цяплом і прыгажосцю душы майстра. У рабоце ўражвае не толькі тэхніка выканання і бездакорны густ, але і шматвобразнасць узораў. У яе работах тоіцца глыбокі сакральны сэнс, што дайшоў да нас з даўніны. Кожны ўзор, вытканы ці вышыты працавітымі рукамі Ульяны Віннік, падборка каляровай гамы, мае сваё запаветнае значэнне, нясе пэўную энергетыку.
Ульяна Пятроўна валодае рознымі тэхналогіямі старадаўняга рамяства і заслугоўвае асаблівай удзячнасці ў справе захавання і развіцця ткацкіх традыцый раёна. Шмат гадоў яна прысвяціла любімай справе. Яе вытканымі і вышытымі дзівоснымі ручнікамі захапляюцца не толькі ў Ганцавіцкім раёне, але і далёка за яго межамі.
Ульяна Віннік актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, рэспубліканcкіх, абласных і раённых фестывалях, конкурсах і семінарах па адраджэнні і зберажэнні народных традыцый старадаўняга рамяства. За захаванне і перадачу нашчадкам традыцыйнага ткацтва майстрыха неаднойчы была ўзнагароджана ганаровымі граматамі, дыпломамі і падзякамі.
Аўтар: Наталля Білімава
Крыніца: Народныя майстры Беларусі / склад.: Я.М. Сахута, А.Ю. Лозка. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2020. — 300 с.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.