ВЫСОЦКІ КАСЦЁЛГалоўная »
ВЫСОЦКІ КАСЦЁЛ (цяпер праваслаўная царква Святога Мікалая) размяшчаецца ў паўднёвай частцы вёскі Высоцк Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў першай палавіне 19 ст. з цэглы.
Помнік архітэктуры ампіру. Вырашаны прамавугольным у плане аб'ёмам з трохграннай апсідай, над якой двухсхільны дах пераходзіць у вальмавы. Франтальны фасад вырашаны чатырохпілястравым порцікам з трохвугольным франтонам, адмежаваным магутным фрызам з дэнтыкуламі. Вось сіметрыі фасада адзначана прамавугольнымі праёмамі ўвахода і акна хораў над ім, паўкруглай люкарнай у тымпане франтона. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і слаістымі пілястрамі ў прасценках. Адпаведна крапаваны сцены ў інтэр'еры.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|