Аўторак, 19.03.2024, 14:38

ВЁСКА

Галоўная »
ВЁСКА (ад старажытнарус. весь) – у вузкім гістарычным сэнсе невялікае земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх населенных пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, сельскагаспадарчыя рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сацыяльна-эканамічных, культурна-бытавых і прыродна-геаграфічных асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сацыяльна-эканамічнай катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду.

вёска, Любашава, Любашево
Вёска Любашава

Сацыяльна-эканамічная cпецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гаспадарчым асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невялікія памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сацыяльна-эканамічная катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гістарычнага развіцця грамадства.

На Беларусі вёска — асноўны тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных народных традыцый, што стварала грунт для нацыянальнага адраджэння і этнічнага самазахавання беларускага народа.

Да 8 — 9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з'яўляюцца асобныя сялянскія двары-сядзібы.

вёска, Агарэвічы, Огаревичи
Вёска Агарэвічы

Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сялянскія хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай беларускіх вёсак на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканамічнага жыцця.

Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці іншага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар.

У феадальны перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканамічны прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17 — 18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, такім чынам ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары.

Сталыпінская аграрная рэформа пачатку 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сялянскай пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай сельска-гаспадарчай вытворчасці.

У выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асноўным тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывідуальная гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП(б) і камсамола, прафсаюзныя арганізацыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пачатку 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з'явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культурна-тэхнічны ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вялікія страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі, парушаўся, у выніку раскулачвання, іншых форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па іншых прычынах зменшылася у 1930-я г. на 1 млн. чалавек.

Вялікі ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тысяч чалавек.

У пасляваенны час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Заходняй Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960-80-я г. на аснове нарошчвання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культурны ўзровень вёскі, усё больш вёсак забудоўваліся па спецыяльных праектах. Адначасова ўдзельная вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля 1/3 яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тысяч вёсак.

З канца 1980-х г. у вёсках праводзіцца аграрная рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і сельскагаспадарчыя кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 г. у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986-92 г. на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс. чалавек, пераважна вяскоўцаў.

Акрамя вёскі на Беларусі гістарычна існавалі іншыя тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1378]
Здарэнні [459]
Грамадства [463]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.