ЗАЖЫНКІ – старажытны вясковы
звычай, які звязаны з пачаткам жніва. Ён быў дзеля добрага ўраджаю. У ім адлюстраваліся глыбокая павага селяніна да поля, да хлеба. Таму не выпадкова першы сноп называлі «гаспадаром» (з пашанай неслі яго ў свой дом ці ў дом гаспадара, за што апошні павінен быў жней пачаставаць).
Звычайна зажынкі пачыналіся ў суботу ў вечар. Перад тым прыбіралі ў хаце. Зажынальніцай абіралася самая спрытная жанчына (каб усё жніво было лёгкае). Перад зажынкамі яна віталася з полем: «Добры дзень, ніўка, ядронае жыта!» Першы сноп быў невялікі, зажынальніца вітала і яго: «Стаўлю сноп на сто коп, на тысячу мерак», клала на яго сыр і хлеб. Пазней зерне з гэтага снопіка дамешвалі да насення. За святочным сталом спявалі зажынкавыя песні, у якіх магла быць і «скарга» збажыны, што ёй ужо надакучыла «ў полі стаяці і коласам махаці».
У Беларусі і цяпер спраўляюць сельскія як зажынкі, так і
дажынкі.