Пятніца, 19.04.2024, 10:08

Галоўная » 2011 » Жнівень » 2 » Ганцавічы ў прадчуванні свята Дня беларускага пісьменства
20:17
Ганцавічы ў прадчуванні свята Дня беларускага пісьменства
дзень беларускага пісьменстваКрыху больш за месяц застаецца да галоўнага свята духоўнасці – Дня беларускага пісьменства, якое сёлета мае адбыцца ў Ганцавічах, горадзе, напоўненым паэзіяй, рамантыкай, натхненнем.

Ганцавічы, якія прымуць удзельнікаў васямнаццатага фэсту, жывуць у прадчуванні свята. У гэтыя дні робіцца ўсё магчымае, каб горад выглядаў прывабна і годна. Актыўнымі тэмпамі вядуцца будаўнічыя, аддзелачныя і рамонтныя работы на шэрагу аб’ектаў. І літаральна на вачах Ганцавічы маладзеюць: прасторныя вуліцы апранулі новы асфальт, вядзецца ўкладка рознакаляровай тратуарнай пліткі. І хоць яшчэ некаторыя аб’екты стаяць у будаўнічых лясах, падрыхтоўка да свята выйшла на фінішную прамую. У гарадскім скверы, адным з любімых месцаў адпачынку многіх ганцаўшчан, пад раскідзістымі кронамі дрэў з’явіліся ратонда і альтанка. Прыхарошваецца галоўная плошча горада, дзе ў хуткім часе плануецца ўсталяваць сцэну, паступова змяняе свой воблік і вуліца Кастрычніцкая, па якой і пройдзе традыцыйнае шэсце з жыватворным агнём. У горадзе ўжо ўсталяваны сучасныя кіёскі Белсаюздруку. З кожным днём набывае акрэслены выгляд і Алея пісьменства, што размесціцца ў пешаходнай зоне цэнтральнай часткі горада. Хутка тут зажурчыць срэбразвонны сімпатычны фантан, непадалёку плануецца ўстанавіць два скруткі, на якіх выгравіраваны прозвішчы васьмі знакамітых пісьменнікаў і паэтаў Ганцаўшчыны. А завершыць усю кампазіцыю скульптура маладога Якуба Коласа, выкананая з граніту і бронзы, паводле фотаздымку, на якім адлюстраваны пісьменнік менавіта ў той час, калі жыў і настаўнічаў у Люсінскай школцы.

Тое, што ўсе будаўнічыя работы будуць завершаны ў тэрмін, сумневу няма. Каля 25 будаўнічых арганізацый з розных рэгіёнаў нашай краіны зараз працуе на аб’ектах Ганцавіч. Важны ўклад да падрыхтоўкі Дня беларускага пісьменства робяць ДУБП "Ганцавіцкая ПМК-7", ТАА "Баранавічыгазбуд", ТАА "БелПінскбуд", ПУП "Івацэвічыкоопбуд", ААТ "Белрамбудсвязь" з Гродна і многія іншыя.

дзень беларускага пісьменства
Рамантуемы будынак чыгуначнага вакзала

Штодзень на рамонце, рэканструкцыі аб’ектаў працуюць амаль 400 чалавек, якія не адпачываюць і ў выхадныя дні. Шчыруюць будаўнікі на рэканструкцыі гарадскіх бібліятэк і школ, раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, Дома культуры, раённага краязнаўчага музея. Напярэдадні свята перад наведвальнікамі гасцінна расчыняць свае дзверы мадэрнізаваныя ўнівермаг, які нагадае сучасны супермаркет, маладзёжнае кафэ, рэстаран, гасцініца. Для гарадского Дома культуры Міністэрства культуры плануе набыць камплект гукаўзмацняльнай апаратуры.

дзень беларускага пісьменства
Рамантуемы будынак равыканкама

Варта адзначыць, што і жыхары горада ды і раёна актыўна падключыліся да падрыхтоўкі да свята. Як маладыя, так і дарослыя бралі ўдзел у раённых суботніках, старанна наводзілі парадак у гарадскім скверы, прыбіралі вуліцы, рамантавалі агароджу, абкашвалі каналы, дэманціравалі старыя гаспадарчыя пабудовы і, канечне, працавалі на сваіх асноўных рабочых месцах.

Не застаюцца ў баку і вядучыя калектывы гарадскога Дома культуры, а гэта хор народнай песні, аматарскае аб’яднанне "Талака", эстрадная студыя "Правінцыя", народны духавы аркестр, дзіцячыя калектывы, фальклорныя калектывы "Завіца", "Хатовічы", якія для прыхільнікаў сваёй творчасці рыхтуюць захапляльныя тэматычныя канцэртныя праграмы. Супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея распрацавалі цікавы маршрут "Літаратурная Ганцаўшчына". Бібліятэкі раёна ладзяць акцыю "Час чытаць на беларускай мове". І, галоўнае, да Дня беларускага пісьменства выйдзе ў свет некалькі цікавых і пазнавальных кніг пра Ганцавіцкі раён. У прыватнасці, "Ганцаўшчына: край легенд і талентаў народных", фотаальбом, а таксама буклет, у якім будзе расказвацца аб праваслаўных святынях ганцавіцкага краю. Усе гэтыя кнігі можна будзе набыць падчас святкавання.
Кацярына БУРЫК, газета «Заря»
Катэгорыя: Грамадства | Праглядаў: 1581 | Дабавіў: admin | Тэгі: День белорусской письменности, Ганцавічы, Ганцевичи, Дзень беларускага пісьменства
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Жнівень 2011  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.