Аўторак, 14.05.2024, 02:20

БАРАНАВІЦКІ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
БАРАНАВІЦКІ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ заснаваны ў кастрычніку 1929 ў г.Баранавічы як павятовы. У пачатку 1929 г. адміністрацыя Баранавіцкага павета прыняла рашэнне аб арганізацыі выстаўкі, якая б адлюстроўвала жыццё павета, эканамічны і культурны стан горада і рэгіёна. Краязнавец Л.Турскі прапанаваў стварыць у Баранавічах замест часовай выстаўкі публічны музей з карціннай галерэяй пры ім. Музей складаўся з 3 асноўных аддзелаў: прыроды, этнаграфіі і гісторыі, пададдзела кніг. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. пераўтвораны ў абласны музей выяўленчага мастацтва.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей не быў эвакуіраваны і застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Акупанты вывезлі 1716 каштоўных экспанатаў. Сярод іх палотны Рэмбранта, Я.Матэйкі, Жэрыко, калекцыя старажытных японскіх ваз і інш. Музей фактычна перастаў існаваць. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адзіны ўцалелы музей на тэрыторыі вобласці — Слонімскі — у 1947 гг. быў пераўтвораны ў Баранавіцкі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. 30.05.1952 г. выканком абласнога Савета прыняў пастанову «Аб пераводзе абласнога гісторыка-краязнаўчага музея з г.Слоніма ў г.Баранавічы» (адначасова аднавіў сваю дзейнасць і Слонімскі музей — у Баранавічы былі перавезены толькі тыя экспанаты, якія не мелі дачынення да гісторыі Слонімскага раёна). 22.02.1953 г. была адкрыта першая пасляваенная экспазіцыя, якая ахоплівала перыяд з 1917 г. да пачатку 1950-х г. 09.04.1954 г. у сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці музей атрымаў сучасную назву. З 1960 г. экспазіцыя Баранавіцкага краязнаўчага музея, якая ўвесь час папаўняецца, тройчы перабудоўвалася (апошні раз у 1994-95 гг.). У 2006 г. адноўлена зала, прысвечаная сучаснаму гораду. Музей у розны час узначальвалі: Л.Турскі, Г.М.Мацвеева, П.М.Волкаў, Л.А.Сокал-Кутылоўскі, І.В.Біруля, Н.П.Паўлоўская, Т.П.Гірдзюк, Л.З.Лобач, М.А.Мартыновіч, В.К.Палікарпаў, Ю.А.Любамірскі, М.В.Гарбуноў С.А.Шчарбакоў. З 2006 г. дырэктар І.П.Станюк.

Асноўны фонд музея (2008) складаюць 40 201 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 18 151 адзінкі. Экспазіцыя размешчана ў 7 залах агульнай плошчай 250 м² і мае 3 раздзелы. Раздзел «Прырода Баранавіцкага краю» знаёміць з геаграфічным палажэннем Баранавіцкага раёна, разнастайнасцю яго ландшафтаў — лясамі, балотамі, рэкамі, азёрамі, іх раслінным і жывёльным светам. Вялікі комплекс матэрыялаў прысвечаны экалагічным праблемам і шляхам іх вырашэння. У раздзеле «Гісторыя Баранавіцкага краю» прадстаўлены матэрыялы пра з'яўленне першага чалавека на баранавіцкай зямлі, аб Вялікім княстве Літоўскім, беларускіх землях у складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Гэты раздзел знаёміць з гісторыяй узнікнення і развіцця Баранавіч у 2-й палове 19 — пачатку 20 ст., расказвае пра падзеі 1-й сусветнай вайны на тэрыторыі краю, яго гісторыю ў складзе Польшчы (1921-39 гг.), у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра цяжкасці пасляваеннага аднаўленчага перыяду, дзеячаў беларускай культуры, ураджэнцаў баранавіцкай зямлі — А.Рымшу, А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка і інш. Экспазіцыйны раздзел «Баранавічы. Горад, у якім мы жывем» уключае матэрыялы пра Баранавічы ў перыяд з 1985 да цяперашняга часу.

У фондах музея захоўваюцца 35 калекцый: паштовак з краявідамі Баранавіч (пачатку 20 ст. і 1920-30-х гг.), ручнікоў (пачала фарміравацца яшчэ ў першыя пасляваенныя гады і складаецца з ручнікоў вырабленых у канцы 19 — 1-й палове 20 ст. на сучаснай тэрыторыі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў), нумізматыкі (манеты 16 — 20 ст., у тым ліку 4 манетныя клады), археалагічных знаходак (з раскопак на тэрыторыі Баранавіцкага раёна помнікаў каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і эпохі феадалізму, а таксама асобных знаходак), побыту і этнаграфіі, фотаматэрыялаў (шматлікія фотаздымкі даюць уяўленне пра горад у розныя перыяды яго гісторыі), падпольных выданняў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, жывапісу і графікі (карціны А.Гугеля, Л.Лейтмана, Б.Заборава, А.Родзіна, А.Кашкурэвіча, Л.Шчамялёва, Я.Ціхановіча і інш.), плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны (работы мастакоў Кукрыніксаў, М.Далгарукава, А.Какарэкіна, М.Жукава, В.Іванова, Б.Яфімава, В.Дэні і інш.). У ліку найбольш цікавых экспанатаў 2 арнаты, пашытыя са знакамітых слуцкіх паясоў, Статут Вялікага княства Літоўскага выдання 1694 г., памятны знак «У гонар першага стрэлу па Басфору» пад № 2. Музей мае 2 выставачныя залы, адна з іх дзейнічае ў будынку музея, другая (плошчай 140 м², адкрыта ў 1984 г.) знаходзіцца ў асобным будынку. У залах праходзяць выстаўкі твораў жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з уласных фондаў і фондаў іншых музеяў Беларусі, арганізаваныя сумесна з Міжнародным фондам Рэрыхаў, вытворчым мастацкім аб'яднаннем «Хахламская размалёўка» (Расія), пасольствамі Кітая, Індыі, Японіі, Чэхіі, прадстаўленыя гарадамі-пабрацімамі Баранавіч. Праводзяцца персанальныя выстаўкі беларускіх мастакоў В.Альшэўскага, У.Гладкевіча, А.Кашкурэвіча, Ю.Хілько, В.Шкарубы, Д.Шчамялёва, Н.Шчаснай, выстаўкі мастакоў, якія жывуць і працуюць у Баранавічах — К.Максімцова, В.Рамейкі, А.Фалея, В.Цехановіч, І.Шкіра і інш., юных мастакоў — навучэнцаў Баранавіцкай мастацкай школы, выхаванцаў мастацкіх студый і гурткоў. У цыкле «Свет маіх захапленняў» дэманструюцца работы жыхароў горада: фотавыстаўкі, выстаўкі бісерапляцення, карункапляцення, вышыўкі і інш. У выставачанай зале арганізуюцца вечары класічнай музыкі.

Адрас: 225409, г.Баранавічы, вул.Савецкая, 72
Тэл.: +375-163-42-11-00
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1395]
Здарэнні [468]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.