Нядзеля, 28.04.2024, 11:32

БАРАНАВІЧЫ

Галоўная »
БАРАНАВІЧЫгорад абласнога падпарадкавання, цэнтр Баранавіцкага раёна, за 201 км на паўночны ўсход ад Брэста. Вузел чыгуначных (лініі на Мінск, Брэст, Слуцк, Лунінец, Ліду, Ваўкавыск) і аўтамабільных дарог. 169 тыс. чалавек (2009).

Баранавічы
Герб горада

3 інтэнсіўным чыгуначным будаўніцтвам у Расійскай імперыі ў 2-й палове 19 ст. звязана ўзнікненне Баранавіч. У лістападзе 1871 г. была пабудавана невялікая (3-га класа) чыгуначная станцыя на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы. Драўляны будынак вакзала, станцыйныя пабудовы, нешматлікія дамы, у якіх жылі чыгуначныя рабочыя, – такім спачатку было паселішча, якое цяпер мае назву Баранавічы. Паступова чыгуначная станцыя развівалася, яна стала горадабудаўнічай асновай для фарміравання пасёлка. Непадалёку ад яе будаваліся паравозныя майстэрні, якія пазней ператварыліся ў дэпо. Жыхарам пасёлка прыходзілася арандаваць за досыць высокую плату зямлю ў графіні Е.А. Развадоўскай – уладальніцы маёнтка, які прымыкаў да чыгункі ў раёне станцыі.

Штуршком для больш інтэнсіўнага засялення мясцовасці, што прымыкала да чыгуначнай станцыі з поўдня, паслужыў клопат Е.А. Развадоўскай аб наданні пасёлку статуса мястэчка, які і быў яму прысвоены ў 1884 г. Мястэчка атрымала назву Развадова. У сярэдзіне 1880-х г. тут налічвалася 120 дамоў каля 1,5 тыс. жыхароў. У 1884 г. пачаў дзейнічаць участак чыгункі Вільна – Лунінец – Пінск. Непадалёку ад чыгуначнай станцыі Развадова на дзяржаўнай зямлі ўзнік яшчэ адзін пасёлак. У 1886 г. ў эксплуатацыю здаецца яшчэ адна лінія Палескіх чыгунак Баранавічы – Беласток. Адкрыта чыгуначная станцыя Баранавічы-Палескія. Баранавічы ператварыліся ў чыгуначны вузел, які звязаў важнейшыя эканамічныя цэнтры краіны. У 1890-я г. два пасёлкі зліліся ў адзін населены пункт – Баранавічы. Каля станцыі Баранавічы-Палескія будуюцца млыны, свірны, сухарны завод Віленскага інтэнданцтва, а таксама харчовы пункт. Сюды пераводзяцца на пастаяннае раскватараванне некалькі батальёнаў чыгуначнай брыгады і 2 батальёны пяхотнага палка. Гэтыя пачынанні ваеннага ведамства, а таксама развіццё чыгуначных станцый патрабавалі шмат працоўных рук, што дало штуршок імкліваму прытоку насельніцтва, росту гандлёва-прамысловай дзейнасці. Паводле перапісу 1897 г. ў Баранавічах налічвалася 8718 жыхароў, 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы (чыгуначная і дабрачыннага таварыства), крамы, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, аптэчны магазін і інш.

Перспектывы развіцця ў сувязі з выгадным размяшчэннем і адсутнасцю сродкаў на добраўпарадкаванне вымусілі мясцовыя ўлады ўзбудзіць у пач. 20 ст. хадайніцтва перад царскім урадам аб пераводзе мястэчка ў разрад горада, аднак яно закончылася беспаспяхова. Але гэта не спыніла бурнага развіцця Баранавіч, у якіх з'яўляюцца ўсё новыя невялікія прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы.

Баранавічы
Будынак былога акцызнага ўпраўлення

У 1904 г. сярод салдат чыгуначнай брыгады дзейнічала с.д. група, аб чым сведчаць матэрыялы «Справы аб абвінавачванні Васіля Чуркіна, Яніса Ровіча, Карла Рэйнерта, Яніса Сісэна, Карла Уніса і іншых у распаўсюджванні пракламацый на латышскай мове сярод ніжніх чыноў чыгуначнай брыгады ў мястэчку Баранавічы».

13 сакавіка 1905 г. ў Баранавічах баставалі 40 шаўцоў, якія патрабавалі павелічэння заработнай платы. 30 чэрвеня адбылася агульная забастоўка рамеснікаў. Пад вечар каля 200 забастоўшчыкаў з крыкамі «Долой правительство!», «Долой монархию!» прайшлі па вуліцах. 2 ліпеня 1905 г. зноў успыхнула агульная забастоўка рамеснікаў, было арыштавана 7 чалавек.

12 кастрычніка 1905 г. чыгуначнікі аб'явілі забастоўку, якая працягвалася 14 дзён і прайшла паспяхова. 3 пачатку ліст. 1905 г. ўзмацнілася хваляванне сярод салдат чыгуначнай брыгады. Гэта надало больш рашучы і арганізаваны характар руху чыгуначнікаў. У снежні яны падтрымалі выступленне маскоўскага пралетарыяту.

9 снежня 1905 г. баранавіцкія забастоўшчыкі пад кіраўніцтвам аднаго з актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў горадзе інжынера М.І. Ляпко сапсавалі апаратуру паштова-тэлеграфнай канторы, перарваўшы сувязь з губернскім Мінскам. Спыніўся рух паяздоў у мястэчку праходзілі бурныя мітынгі. 10 снежня ў Баранавічах быў арыштаваны дэпутат ад Маскоўскага савета і прадстаўнік рэвалюцыйнай партый, які прыбыў з Масквы і выступаў на ўсіх чыгуначных мітынгах, раздаваў рэвалюцыйныя пракламацыі. У час аднаго з мітынгаў былі арыштаваны трое салдат чыгуначнай брыгады, але хутка былі вызвалены салдатамі колькасцю да 150 чалавек.

11 снежня 1905 г. на лагерным пляцы ў размяшчэнні чыгуначнай брыгады сабраліся, нягледзячы на надзвычайнае становішча, сотні салдат, некалькі дзесяткаў рабочых, местачковая моладзь. У Баранавічах распаўсюджваліся рэвалюцыйныя лістоўкі. Пачаўся мітынг. Правядзенню яго паспрабаваў перашкодзіць начальнік брыгады генерал-маёр Арцем'еў. У суправаджэнні групы афіцэраў ён прыбыў на пляц і загадаў усім разысціся. Але ні салдаты, ні рабочыя не выканалі гэта распараджэнне. Тады Арцем'еў, раз'юшаны непаслушэнствам, пачаў распіхваць удзельнікаў мітынгу. Рабочыя ў адказ збілі генерала, сарвалі з яго пагоны, зламалі шашку. Афіцэры з акружэння генерала пачалі страляць у рабочых і паранілі некалькі з іх. Але ў рабочых таксама знайшлася зброя. Адбылася перастрэлка. Пасля таго як к афіцэрам падаспела дапамога – дзяжурны па брыгадзе з 30 салдатамі, удзельнікі мітынгу вымушаны былі разысціся. На наступны дзень, 12 снежня, у Баранавічы прыбыў карны атрад на чале з палкоўнікам Рэрбергам, а 13 снежня – камандзір 43-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Арлоў з батальёнам пяхоты. 12 снежня 1905 г. ў мястэчку і на станцыях было аб'яўлена ваеннае становішча. Пачаліся арышты. Найбольш актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйных падзей былі адпраўлены ў Віленскую турму.

Баранавічы
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа

Да 16 снежня ўладам удалося наладзіць чыгуначны рух праз Баранавічы. Нягледзячы на ўвядзенне ваеннага становішча, у Баранавічах поўнага спакою не было дасягнута. У жніўні 1913 г. адбылася забастоўка прыказчыкаў, якой кіраваў прафсаюз. Яны патрабавалі ўвесці 12-гадзінны працоўны дзень. Гэта патрабаванне было задаволена. 10 верасня 1913 г. ў Баранавічах адбылася забастоўка швачак, якія патрабавалі ўвесці 9-гадзінны рабочы дзень замест 11-гадзіннага, ветлівага абыходжання з работнікамі, павысіць заработную плату, увесці бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. У 1914 г. ў мястэчку адбылася першамайская стачка. У 1911 г. працавалі 3 чыгуначных вучылішчы, у якіх налічвалася 16 настаўнікаў і займалася 716 дзяцей.

Напярэдадні 1-й сусветнай вайны ў Баранавічах пражывала больш за 30 тыс. чалавек, дзейнічалі 3 цагельныя, маслабойны, калёснай мазі, 2 лесапільныя, чыгуначны і сухарны заводы, чыгуначныя рамонтныя майстэрні, 2 млыны, 3 фабрыкі млынавых жорнаў. Баранавічы з'яўляліся таксама буйным гандлёвым цэнтрам. У 1912-13 гг. выдавалася газета «Баранавіцкі лісток аб'яў». Дзейнічала тэлефонная сетка агульнага карыстання (з 1911), лік абанентаў якой складаў 177 чалавек (канец 1912). У мястэчку ў гэты час меліся 4 царквы, капліца, 10 малітоўных дамоў, 7 рознага тыпу пачатковых школ, 2 аптэкі; працавалі 13 урачоў, 6 зубных урачоў, 8 акушэрак, ветэрынарны ўрач, 8 аптэкарскіх магазінаў, шэраг невялікіх прадпрыемстваў (маслабойны, чыгуналіцейны, калёснай мазі заводы, фабрыка драўляных вырабаў, сахарны завод ваеннага ведамства, 2 друкарні, 2 млыны і інш.), крамы, налічвалася 35 вуліц, з якіх толькі адна была цалкам брукаваная, а 5 – толькі часткова, іх асвятлялі 23 газавыя ліхтары. 3 1913 г. існавала тэлеф. сувязь з Варшавай, Масквой, Вільняй (праз Мінск).

У пачатку 1-й сусветнай вайны ў Баранавічах знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміяй, якую 10 разоў наведаў імператар Мікалай II. У выніку нямецкай акупацыі (з восені 1915) Баранавічы былі значна разбураны. 5.1.1919 г. Чырвоная Армія вызваліла мястэчка.

У адпаведнасці з пастановай Прэзідыўма ЦВК БССР ад 6.2.1919 г. «Аб стварэнні Баранавіцкага павета ў Мінскай губерні» Баранавічам быў нададзены статус горада. Вялікую работу па арганізацыі і ўмацаванні савецкай ўлады ў горадзе і павеце праводзіў Баранавіцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт.

У сакавіку 1919 г. – ліпені 1920 г. і з верасня 1920 г. Баранавічы былі заняты польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 18.3.1921 г. горад Баранавічы ўвайшоў у склад Польшчы і стаў цэнтрам павета Навагрудскага ваяводства. Паводле перапісу 1931 г. ў горадзе 22 181 жыхар. У гэту лічбу не ўваходзілі ваенныя, якіх было шмат тут. Аб занятках гараджан можна меркаваць па тым пераліку прафесій, які прыведзены ў «Календары Баранавіцкім» за 1937 год: саматужнікі, купцы, чыноўнікі, працаўнікі па найме, прадстаўнікі свабодных заняткаў, сяляне. Самымі шматлікімі былі саматужнікі, гандляры, будаўнікі і чыгуначнікі. Прамысловасць горада ўяўляла сабой невялікую колькасць малых прадпрыемстваў, занятых у асноўным перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Самым буйным з іх было прадпрыемства па выпуску мясных паўфабрыкатаў і кансерваў. На ім працавала каля 200 чалавек. На працягу ўсяго перыяду польскай акупацыі вялася барацьба за аб'яднанне з БССР. Нацыянальна-вызваленчы рух узначальвалі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і Беларуская сялянска-работніцкая грамада (разгромлена ў 1927). У лютым 1936 г. адбыўся масавы мітынг працоўных горада і навакольных вёсак супраць рэакцыйнай палітыкі ўрада Пілсудскага (удзельнічала каля 5 тыс. чалавек).

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. Баранавічы – цэнтр вобласці (снежань 1939 – студзень 1954). У 1940-41 гг. дзейнічаў Баранавіцкі драматычны тэатр. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе налічвалася каля 45 тыс. жыхароў.

27.6.1941 г. Баранавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ператварылі горад у моцны вузел абароны з развітой сістэмай траншэй, дзотаў вялікай колькасцю мінных палёў і дротавых загарод. Дзейнічалі Баранавіцкае антыфашысцкае падполле, Баранавіцкія падпольныя абкам і гаркам КП(б)Б, абкам і гаркам ЛКСМБ. Падпольны гаркам выдаваў газету «За Родину!». 6 ліпеня 1944 г. савецкія войскі акружылі Баранавіцкую групіроўку праціўніка і пасля 2 дзён жорсткіх баёў разграмілі яе. Горад вызвалены 8.7.1944 г. ў выніку Баранавіцка-Слонімскай аперацыі. У яго вызваленні ўдзельнічалі 28-я, 65-я паветраныя арміі, авіяцыя далёкага дзеяння. 28 воінскім злучэнням і часцям было прысвоена ганаровае найменне «Баранавіцкіх». За перыяд акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Баранавічах каля 31 тыс. ваеннапалонных і мірных жыхароў, 80% прамысловых прадпрыемстваў, вучэбныя ўстановы і культурныя цэнтры, 2,5 тыс. жылых дамоў.

У 1944-48 гг. узнавіў пастаноўкі Баранавіцкі драматычны тэатр. 3 8.1.1954 г. Баранавічы знаходзяцца ў складзе Брэсцкай вобл., з 20.5.1954 г. – цэнтр Навамышскага, з 8.4.1957 г. – Баранавіцкага раёнаў. Паводле перапісу 1959 г. ў горадзе было 56 730, у 1970 г. – 101,5 тыс. жыхароў. У 2000 г. – 160 тыс. жыхароў.

Баранавічы
Пажарнае дэпо

У пасляваеннай прамысловай структуры горада атрымалі развіццё машынабудаванне, лёгкая і харчовая прамысловасць. Працуюць заводы аўтаагрэгатны, аўтаматычных ліній, станкапрылад, станкабудаўнічы, гандлёвага машынабудавання, вытворчае баваўнянае аб'яднанне, абутковая, мэблевая, мастацкіх вырабаў, трыкатажная і швейная фабрыкі, малочны, мясакансервавы, харчовых прадуктаў і хлебапрадуктаў камбінаты, іншыя прадпрыемствы. Дзейнічаюць: дзяржаўны ўніверсітэт, філіялы Беларускага тэхнічнага універсітэта, Брэсцкага універсітэта імя Пушкіна, Беларускага недзяржаўнага інстытута правазнаўства, а таксама каледжы лёгкай прамысловасці, тэхналагічны, вучылішчы музычнае, медыцынскае і вышэйшае прафесійна-тэхнічнае лёгкай прамысловасці, прафесійна-тэхнічны будаўнікоў, прафесійна-тэхнічны ліцэй машынабудавання, эканоміка-юрыдычны тэхнікум, ліцэй, 5 гімназій, 16 агульнаадукацыйных школ, 3 музычныя, мастацкая і харэаграфічная школы, шмат дзіцячых дашкольных устаноў, бібліятэчная сістэма, краязнаўчы музей, Дом культуры, Палац культуры тэкстыльшчыкаў, Дом культуры чыгуначнікаў.

Баранавічы
Баранавічы
Музей чыгункі

У горадзе каля 100 помнікаў, памятных знакаў і месцаў, прысвечаных розным гістарычным падзеям. На паўночна-ўсходняй ускраіне Баранавіч у 1971-72 гг. пабудаваны мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай», які ўшаноўвае памяць 3 тысяч чэхаславацкіх грамадзян, загубленых нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1942 г. У цэнтры горада на вуліцы Камсамольскай устаноўлены (1949 г.) помнік двойчы Герою Савецкага Саюза С.І. Грыцаўцу, які загінуў у 1939 г. пры выкананні службовых абавязкаў. Помнікі ўстаноўлены на брацкіх магілах савецкіх воінаў, падпольшчыкаў, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну на магілах ахвяр фашызму, на магілах Герояў Савецкага Саюза В.А. Зверава, І.П. Кадачнікава, У.З. Царука; у гонар заснавання чыгуначных станцый Баранавічы-Палескія і Баранавічы-Цэнтральныя і інш. Захаваліся помнікі архітэктуры – Пятроўскі сабор (пабудаваны з цэглы ў 1924-31 гг.), касцёл (у 1924 г. з цэглы).

Баранавічы
Помнік вераб'ю

Баранавічы – радзіма беларускіх пісьменнікаў В.П. Таўлая, Яшы Бурша (Анісяровіча Янкі); кампазітараў У.А. Грушэўскага, Л.І. Сімаковіча, У.Я. Солтана, Л.К. Шлег; мастакоў А.М. Варвашэні, С.Ф. Палякова, А.І. Родзіна, Г.У. Саламянкі, С.Г. Харашаўцава, Ю.І. Хілько; Героя Савецкага Саюза Г.М. Халасцякова. 3 Баранавічамі звязаны жыццё і дзейнасць беларускага пісьменніка Р.К. Сабаленкі, літаратурнага крытыка А.К. Клышкі, спявачкі Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета В. Цішынай.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.