Субота, 20.04.2024, 00:59

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АРХІЎ-МУЗЕЙ ЛІТАРАТУРЫ I МАСТАЦТВА, БДАМЛіМ

Галоўная »
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АРХІЎ-МУЗЕЙ ЛІТАРАТУРЫ I МАСТАЦТВА, БДАМЛіМ створаны ў Мінску ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 09.06.1960 г. як Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР, у 1976 г. рэарганізаваны ў Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.05.1993 г. атрымаў сучасную назву.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Налічвае (2008) 94 066 адзінак захоўвання, аб'яднаных у 473 фонды, у тым ліку 378 асабістых. Плошча пад захаванне фондаў 334,9 м². Архівам-музеем кіравалі К.С.Жорава, Г.І.Сурмач. З 1993 г. дырэктар Г.В.Запартыка.

У архіве-музеі захоўваюцца дакументы і матэрыялы па гісторыі літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі Беларусі ад пачатку 19 ст. да нашых дзён. Тут знаходзяцца асабістыя фонды пісьменнікаў А.Адамовіча, А.Бабарэкі, Максіма Багдановіча, Я.Брыля, К.Буйло, В.Быкава, М.Гарэцкага, У.Караткевіча, Якуба Коласа, Я.Купалы, І.Мележа, І.Шамякіна і інш.; артыстаў і рэжысёраў Л.Александроўскай, І.Балоціна, С.Друкер, У.Корш-Сабліна, С.Станюты, А.Труса і інш.; кампазітараў А.Багатырова, Г.Вагнера, Я.Глебава, І.Любана і інш.; мастакоў і скульптараў І.Ахрэмчыка, В.Волкава, А.Глебава, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, Б.Малкіна, С.Селіханава і інш. Архіў захоўвае дакументальную спадчыну музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, якая складаецца з дакументаў беларускіх таварыстваў (Беларускі клуб у Вільні, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа), культурна-асветных арганізацый (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні, Таварыства беларускай школы), дакументаў па гісторыі беларускага друку (выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца», «Наша хата», рэдакцыйныя архівы газет і часопісаў «Наша ніва», «Беларускі звон», «Змаганне» і інш.), справаздачныя дакументы музея імя І.Луцкевіча ў Вільні. Сярод дакументаў і матэрыялаў: запісная кніжка бацькі пісьменніка і мастака К.Каганца за 1813-64 гг. з аўтографамі ўдзельнікаў паўстання К.Каліноўскага; «Беларуская хрэстаматыя», падрыхтаваная Б.Эпімах-Шыпілам у 1889-1931 гг.; рукапіснае выданне студэнтаў-нарадавольцаў Пецярбургскага універсітэта — часопіс «Гоман» (1884); этнаграфічныя запісы А.Гурыновіча (1890-94); старонка дзённіка М.Багдановіча (1916), фотаздымкі М.Багдановіча, яго родных (1892 — 1910); ліст М.Шагала з Парыжа Ю.Пэну (1927-28); калекцыя фотаздымкаў Б.Шоу (1930-я гг.) і інш.

Навуковая бібліятэка архіва-музея налічвае 29 037 кніг і 39 102 часопісы і газеты. Сярод шматлікіх унікальных кніг і выданняў бібліятэкі — газеты «Наша доля» і «Наша ніва», «Вольная Беларусь», «Звон», часопісы «Маладняк», «Узвышша», «Саха»; стараверскі перадрук Псалтыра 1645 г., выкананы ў 1849 г., «Вянок» М.Багдановіча 1913 г., 8 выданняў паэмы «Тарас на Парнасе» пачынаючы з 1898 г., амаль усе выданні граматыкі Б.А.Тарашкевіча, кнігі В.Ю.Ластоўскага, слоўнік І.І.Насовіча, першыя выданні зборнікаў Я.Купалы «Жалейка» і Я.Коласа «Песні-жальбы» і інш. У склад бібліятэкі ўваходзяць асабістыя кніжныя зборы і калекцыі дзеячаў літаратуры і мастацтва (бібліятэкі Я.Брыля, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, М.Ермаловіча, Я.Красоўскага, М.Танка, І.Шамякіна). Значную частку кніжных збораў складаюць бібліятэкі рэдкіх кніг і выданняў, што паступілі ад бібліяфілаў (бібліятэкі У.Баравога, М.Магільнага, М.Талеркі, І.Тулейкі).

Пасля рэарганізацыі ў 1976 г. у архіў-музей пачалі паступаць музейныя прадметы — мемарыяльныя рэчы разам з дакументамі фондатрымальнікаў (565 прадметаў). У склад музейнага фонду уваходзяць калекцыі фалерыстыкі, тканін, выяўленчых крыніц, музычных інструментаў, гадзіннікаў, вырабаў з дрэва, посуду, пісьмовых прылад, якія класіфікаваны па тыпах крыніц і матэрыялу. Адначасова пры размеркаванні прадметаў па калекцыях захоўваецца цэласнасць мемарыяльнай калекцыі і іх прыналежнасць да фонду таго дзеяча, разам з дакументамі якога яны паступілі.

Асноўную частку музейных прадметаў складае калекцыя фалерыстыкі. Гэта ўзнагароды беларускіх пісьменнікаў А.Астрэйкі, Я.Брыля, П.Валкадаева, Я.Васілёнка, В.Гарбука, М.Ткачова; акцёраў А.Асторынай, І.Балоціна, С.Бірылы, Г.Макаравай, І.Матусевіча, Ц.Сяргейчыка, Ю.Хіраска; кампазітараў І.Кузняцова, П.Падкавырава; мастакоў А.Марыкса, А.Паслядовіч; скульптара А.Грубэ, дзеяча культуры Г.Прагіна. Найбольш часта сярод іх сустракаюцца ордэны: Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і Дружбы народаў; медалі «Ветэран працы», «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.», «За працоўную адзнаку», «Партызану Айчыннай вайны». Значнае месца займаюць юбілейныя і памятныя медалі: «40 гадоў вызвалення Беларусі», «100 гадоў М.Гарэцкаму», «Крэпасць-герой Брэст», «900 год з дня заснавання Брэста», «900 год з дня заснавання Мінска», «2000 год хрысціянству», «200 гадоў з дня нараджэння І.А.Крылова», «100 год з дня нараджэння Я.Гашака» і інш.

У складзе музейнага фонду калекцыя тканін, якая прадстаўлена прадметамі народнай творчасці. Найбольш значная колькасць іх паступіла разам з сямейным фондам Гарэцкіх. Гэта абрусы, ручнікі і сурвэткі з мастацкай вышыўкай, выкананай жонкай М.Гарэцкага пісьменніцай Л.Чарняўскай. У калекцыі маюцца насоўка з вензелем Л.А.Багдановіча (брата М.Багдановіча), шоўкавы абрус і льняны ручнік, якія належалі К.Буйло, і інш. Захоўваецца таксама белы льняны абрус, якім засцілаўся стол падчас урачыстых сустрэч стваральнікаў літаратурнага аб'яднання «Узвышша».

Да калекцыі выяўленчых крыніц адносяцца творы жывапісу, скульптура, фотапартрэты. З жывапісных работ найбольшую цікавасць прадстаўляюць: партрэт У.Дубоўкі, выкананы акварэллю, карціна В.Целеша «Заміж пярсідскага ўзору...» («М.Багдановіч у Вільні»), партрэт К.Буйло работы Я.Раманоўскага, «Пукса-возера» А.Бялецкага, партрэт М.Ермаловіча ў выкананні Я.Ціхановіча, карціна П.Зарэцкага «Домік Я.Янішчыц», партрэт маці музыказнаўцы Ю.Дрэйзіна і інш. Скульптура прадстаўлена работамі А.Л.Мірончыка, выкананымі па заказу архіва-музея: бюсты М.Агінскага, Ф.Багушэвіча, С.Буднага, Я.Драздовіча, Я.Коласа, Я.Купалы, І.Луцкевіча, С.Манюшкі, Ф.Скарыны. Сярод фотаздымкаў партрэты народнай артысткі Беларусі і СССР А.Клімавай у яе лепшых ролях, фота У.Дубоўкі, Л.А.Багдановіча, А.Л.Дуж-Душэўскай, К.Буйло і інш.

У калекцыі музычных інструментаў — цымбалы, якія належалі беларускаму кампазітару В.Яфімаву, дырыжорская палачка дырыжора і кампазітара М.Шнейдэрмана, піяніна заслужанага артыста Беларусі В.Скорабагатава. У калекцыю вырабаў з дрэва ўваходзяць шахматы А.Бабарэкі і М.Гарэцкага, шкатулкі сем'яў Багдановічаў і Гарэцкіх, К.Буйло, курыльная люлька А.Я.Багдановіча, пячатка Беларускага фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур. Калекцыя гадзіннікаў уключае насценныя гадзіннікі «Gustav Вескег» канца 19 ст. і К.Буйло, кішэнныя пісьменніка і літаратурнага крытыка А.Бабарэкі і дзеяча культуры Г.П.Прагіна. У калекцыі посуду маюцца блюды, кававарка, пасудзіна для малака, сталовыя прыборы сям'і Багдановічаў, драўляныя лыжкі і талеркі з хахламской размалёўкай У. Дубоўкі і інш. Да калекцыі пісьмовых прылад адносяцца 2 фарфоравыя чарнільныя прыборы і настольная лямпа К.Буйло, блакнот А.Бабарэкі, пёравыя ручкі М.Гарэцкага і В.Скорабагатава, розныя папкі для папер і г.д.

У архіве-музеі рэгулярна арганізоўваюцца выстаўкі, большая частка якіх носіць юбілейна-мемарыяльны характар.

Адрас: 220030, г.Мінск, вул.Кірылы і Мяфодзія, 4
Тэл.: +375-17-227-11-88, 227-47-81 (факс)
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.