Нядзеля, 05.05.2024, 16:35

ДНЕПРА-ДАНЕЦКАЯ КУЛЬТУРА, грабеньчата-накольчатай керамікі культура

Галоўная »
ДНЕПРА-ДАНЕЦКАЯ КУЛЬТУРА, грабеньчата-накольчатай керамікі культура – археалагічная культура неалітычных плямёнаў, якія ў 2-й палове 5-га – 3-м тысячагоддзі да н.э. насялялі тэрыторыю ад сярэдняга цячэння Прыпяці, Случы, Гарыні, Бярэзіны і Іпуці да сярэдняга цячэння Северскага Данца.

Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам, зараджаліся земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы даўжынёю да 300 м размяшчаліся ў далінах рэк, каля вадаёмаў на ўзвышэннях поймы і каля краёў 1-й надпоймавай тэрасы, складаліся з 1 – 8 драўляных, наземных або ледзь заглыбленых у зямлю жытлаў плошчаю 10 – 50 квадратных метраў, якія размяшчаліся ланцужком. Пасярэдзіне жытлаў былі адкрытыя агнішчы. Найбольш старажытныя жытлы памерам 3 – 4/3 м мелі авальную форму, пазней пашырыліся прамавугольным памерам ад 3/2 да 8/7. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. Калектыўныя пахаванні ў вялікіх ямах – могілках змяніліся адзінкавымі пахаваннямі ў авальных і прамавугольных магілах, нябожчыкаў абсыпалі вохрай.

На раннім этапе насельніцтва вырабляла шыракадонныя вастрадонныя пасудзіны з высокай канічнай ніжняй часткай (у гліну дабаўлялі раслінныя дамешкі, шамот, потым пясок і жарству). Пазней побач з разнамерным вастрадонным посудам ужываўся пласкадонны, з крыху адагнутым патоўшчаным венчыкам, упрыгожаны дробназубчастым, накольчатым, лапчастым арнаментам. У арнаментацыі керамікі вылучана 28 кампазіцый – ад рэдкіх суцэльных, паясных або сеткападобных да густых папярочна – паясных у спалучэнні з дыяганальнымі і шахматнымі зонамі, паясамі звіслых трохвугольнікаў, прамавугольнікаў, ромбаў. На познім этапе днепра-данецкай культуры занальныя ўзоры ўскладнены ялінкападобнымі матывамі, патроенымі радамі; асобныя зоны падкрэслены акаймаваннямі з разнародных элементаў. На адным гаршку выяўлена міфалагічная сцэнка "мужчына і качка". Сярод упрыгожанняў – падвескі з прасвідраваных зубоў аленя, пласціны з іклаў дзіка, кольцападобныя, цыліндрычныя, шарападобныя пацеркі або пранізкі з каменю і ракавін. У арнаментацыі днепра-данецкай культуры шукаюць вытокі беларускіх геаметрычных арнаментаў.

Аўтар: У.Ф.Ісаенка
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1394]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.