Нядзеля, 28.04.2024, 22:14

ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ ТЭАТРАЛЬНАЙ І МУЗЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Галоўная »
ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ ТЭАТРАЛЬНАЙ І МУЗЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ створаны ў Мінску 23.03.1990 г. загадам Міністэрства культуры БССР. Знаходзіўся ў памяшканні «Гасцёўні У.Галубка» (зараз філіял музея), а з 2001 г. — у спецыяльна адрэстаўрыраваным будынку, помніку архітэктуры 19 ст. Першым дырэктарам музея быў А.Г.Міхаленя, з 1998 г. — З.Л.Кучар.

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь

Асноўны фонд музея (2008) складае 18549 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 2261 адзінка. Агульная плошча экспазіцыі 325 м². Музей мае 10 экспазіцыйных і выставачную залы.

Экспанаты складаюць 10 калекцый: музычныя інструменты, нотныя рукапісы, дакументальныя матэрыялы (асабістыя дакументы, рэжысёрскія распрацоўкі, манціроўкі спектакляў, тэксты роляў з паметкамі выканаўцаў і г.д.); фота, рэпрадукцыі і негатывы; афішы і праграмы; выяўленчыя матэрыялы (эскізы дэкарацый і касцюмаў, макеты дэкарацый, тэатральныя лялькі, мастацкія партрэты дзеячаў мастацтва, скульптурныя выявы, эцюды і замалёўкі беларускіх мастакоў-сцэнографаў); фоназапісы; відэазапісы (канцэртаў, спектакляў); рэдкія друкаваныя выданні; мемарыяльныя рэчы (асабістыя рэчы дзеячаў беларускай тэатральнай і музычнай культуры).

У 2002 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё першай экспазіцыі — «Вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях». У ёй паказаны найбольш значныя мастацкія з'явы ў працэсе фарміравання і развіцця тэатральнай і музычнай творчасці беларускага народа праз канкрэтныя прадметы: археалагічныя знаходкі — старажытныя музычныя інструменты (свістулька, жалейка, пешка-барабаншчык, вухавёртка), традыцыйныя музычныя інструменты (трашчоткі, калатушкі, бразготкі, дуды, скрыпкі, гармонікі, цымбалы і інш.), фрагменты Радзівілаўскага летапісу з выявамі прадстаўлення скамарохаў, народныя календары і фальклорныя строі, рэчы, якія расказваюць пра народныя святы і абрады. У экспазіцыі «Батлейка» (беларускі народны лялечны тэатр) прадстаўлены розныя віды батлеек (яселкі, Віцебскі жлоб і двухпавярховая Магілёўская батлейка), лялькі да розных спектакляў. Экспазіцыя «Беларуская музычная культура 20 ст.» знаёміць з нотнымі рукапісамі твораў беларускіх кампазітараў, музычнымі інструментамі, мемарыяльнымі рэчамі дзеячаў беларускай музычнай культуры. Прадстаўлены сцэнічныя касцюмы, афішы, праграмы, фотаздымкі і іншыя матэрыялы аб творчай дзейнасці музычных калектываў Беларусі.

З 2006 г. працуе экспазіцыя «Тэатральная культура Беларусі 20 ст.», якая прысвечана станаўленню беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва на працягу 20 ст. Паказаны найбольш значныя падзеі, спектаклі, гістарычныя дакументы, афішы, праграмы і фотаздымкі, звязаныя з дзейнасцю тэатраў Беларусі. Асноўную экспазіцыю дапаўняюць мемарыяльныя пакоі, прысвечаныя творчасці выдатных майстроў беларускай сцэны: Л.Александроўскай, С.Станюты, М.Яроменкі і яго сям'і, якія выяўляюць высокую значнасць іх творчасці і вялікі ўклад у скарбонку духоўных каштоўнасцей Беларусі, а таксама зала, прысвечаная гісторыі развіцця беларускага лялечнага тэатра.

У музеі штомесяц ладзяцца творчыя сустрэчы, мерапрыемствы да юбілейных дат дзеячаў тэатральнага і музычнага мастацтва, тэматычныя выстаўкі, канферэнцыі.

Філіялы музея: у Мінску — «Музей гісторыі беларускага кіно» і «Гасцёўня Уладзіслава Галубка», у в.Залессе Смаргонскага раёна — «Музей-палац М.К.Агінскага».

Адрас: 220030, г.Мінск, завулак Музыкальны, 5
Тэл.: +375-17-220-26-67
Сайт: by.theatre-museum.by
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 13
Гасцей: 13
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.