КАРМЕЛІТЫ – манахі каталіцкага жабрацкага ордэна (не маглі мець уласнасці, сталага жылля, павінны былі жыць жабрацтвам). Ордэн заснаваны блізу 1154 г. у Палесціне. Назву атрымалі ад гары Кармель (Карміл), дзе знаходзілася іх першая
абшчына. У сярэдзіне XIII ст. перасяліліся ў Заходнюю Еўропу. Ордэн зацверджаны Папам Рымскім Інакенціем IV у 1247 г.
У канцы XIV ст. з'явіліся ў Польшчы, адкуль праніклі ў Беларусь. Першыя кляштары і касцёлы кармелітаў засноўваліся пераважна на ўсходніх межах
ВКЛ. Яны былі ў Мсціславе (з 1620 г.), Бялынічах (з 1623 г.), Глыбокім (з 1639 г.), Чавусах (з 1653 г.), Магілёве (з сярэдзіны XVII ст.), Лідзе (з 1676 г.), Менску(з 1677 г.), Жалудку (з 1685 г.), Гродне, Брэсце, Пінску, Чэрыкаве і інш. – усяго 23. Касцёлы і кляштары кармелітаў – выдатныя помнікі стылю
барока. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўплыў кармелітаў пачаў хутка змяншацца. Канчаткова іх кляштары закрытыя ў сярэдзіне XIX ст.
На сёння ў розных краінах свету кармелітаў блізу 20 тысяч. Манахі ордэна часта выступаюць як місіянеры.