КУСТ — старажытны веснавы (познавеснавы)
абрад. Называўся таксама ваджэнне куста. Прымяркоўваўся да другога дня сёмухі. Найбольш пашыраны на Піншчыне, захаваўся ў жывым бытаванні.
Выконвалі дзяўчаты. Самую юную, прыгожую прыбіралі кустом: кляновымі, ліпавымі ці бярозавымі галінкамі верхам уніз, звязанымі ў аснове; на галаву надзявалі
вянок. «Дзявочае войска» на чале з кустом па дзве ў рад (спачатку старэйшыя, потым падлеткі) абходзілі двары, спявалі
куставыя песні. У іх велічалі куст, гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей, жадалі добрага ўраджаю, здароўя. За песні атрымлівалі падарункі. Пасля заканчэння абраду разрывалі куст, галінкі і лісце бралі з сабой, сушылі. Лічылася, што лісцем куста можна лячыць скулы.
Ваджэнне куста заканчвалася калектыўным застоллем і танцамі. Абрад куста генетычна звязаны з
культам продкаў і культам раслін. У аснове яго — міфалагічнае ўяўленне пра плёнаабуджальную сілу куста. Да яго звярталіся з просьбай, заклінаннямі паспрыяць дабрабыту ў гаспадарцы, каб радзілі «жыта, пшаніца і ўсякая пашніца». Верылі ў магічную сілу куста ўплываць на жаданы шлюб (знайшло адбітак у песні «Каля куста сачавічанька густа»). Абрад блізкі да калядавання і валачобнага абраду, аднак уступае ім у багацці і пышнасці рытуалу, асабліва каляднага, і песеннага суправаджэння.